Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгора Грыка будуць судзіць за перадвыбарчы пікет


Рыгор Грык
Рыгор Грык

Баранавіцкі грамадзкі актывіст Рыгор Грык атрымаў пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай масавай акцыі. Дата разгляду справы ў судзе пакуль невядомая.

Рыгор Грык кажа, што пратакол на яго склалі незаконна.

У часе выбарчай кампаніі актывіст быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Міколы Чарнавуса. 8 верасьня Грык зладзіў перадвыбарчы пікет у месцы, якое было заяўленае спадаром Чарнавусам згодна з выбарчым заканадаўствам.

«Аднак мне ўручылі пратакол за тую акцыю. Маўляў, я павінен быў падаваць на яе заяўку згодна з кодэксам аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што плякаты, зь якімі я быў на акцыі, не адпавядаюць тэме выбараў. Маўляў, у праграме Міколы Чарнавуса няма лёзунгаў з маіх плякатаў — «Расейскія вайсковыя базы — гэта акупацыя краіны», «Не — фальсыфікацыі выбараў», «Дзеяньні ўладаў — пад грамадзянскі кантроль», — кажа Рыгор Грык.

«Па лёгіцы міліцыянтаў, я павінен быў стаяць з партрэтам Чарнавуса, а ня з гэтымі лёзунгамі. Але ж гэта поўнае глупства, бо Мікола Чарнавус — сябра Партыі БНФ, якая абсалютна падзяляе высунутыя мной лёзунгі. Гэтая партыя прымала шмат разоў заявы, рэзалюцыі супраць расейскіх вайсковых базаў. Але міліцыянты маюць наказ караць мяне, таму і даслалі гэты незаконны пратакол за пікет, які адбываўся згодна з выбарчым заканадаўствам», — кажа актывіст.

Рыгор Грык удзельнічаў у шмат якіх акцыях апазыцыі, за што часта атрымліваў вялікія штрафы. Журналісты называюць Грыка «актывістам у канцлягернай робе» за тое, што на акцыі ён прыходзіць у вопратцы, стылізаванай пад робу вязьня канцлягера. Пасьля акцыяў Грыку на баранавіцкіх прадпрыемствах адмаўляюць у працаўладкаваньні, таму ўжо каля году ён беспрацоўны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG