Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: справа супраць міністра Авакава — карупцыя ці палітыка?


Арсен Авакаў
Арсен Авакаў

Позна ўвечары 13 верасьня генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка, нібыта між іншым, паведаміў пра адкрыцьцё крымінальнай справы супраць міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава. Пры гэтым ён нават не ўдакладніў, паводле якога факту яна расьсьледуецца.

«Я ў дзень атрымліваю (лісты) ад некалькіх дзесяткаў чалавек, у тым ліку і ад Шабуніна (кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня карупцыі — РС), па лісьце якога сапраўды гэтак жа распачаў крымінальную справу, вы не паверыце на каго, на міністра ўнутраных спраў Авакава, таму што ўсе аднолькавыя. Усе звароты ў ГПУ маюць аднолькавы працэсуальны статус», — паведаміў генэральны пракурор.

З раніцы ўсе ўкраінскія СМІ пачалі абмяркоўваць — ці мае цяпер Арсен Авакаў пайсьці ў адстаўку хаця б на час расьсьледаваньня, ці зруйнуе гэта і без таго нямоцную ўрадавую кааліцыю ў парлямэнце?

Разам з тым яшчэ ў чэрвені Пячэрскі раённы суд Кіева, якраз на падставе заявы Цэнтру супрацьдзеяньня карупцыі, абавязаў Генэральную пракуратуру расьсьледаваць, як камэрцыйныя кампаніі з атачэньня Арсена Авакава завалодалі 18 гектарамі рэкрэацыйнай зямлі побач з харкаўскай акружной дарогай. Цяпер кіраўнік гэтай грамадзкай арганізацыі сьцьвярджае, што дзеяньні любога міністра, у тым ліку і Арсена Авакава, не зьяўляюцца кампэтэнцыяй Генэральнай пракуратуры.

Авакаў: гісторыя бізнэсоўца і палітыка

Арсен Авакаў нарадзіўся ў сям’і вайсковага лётчыка. Пераважную частку свайго жыцьця ён пражыў у Харкаве — там вучыўся і ствараў свой бізнэс: спачатку акцыянэрнае таварыства «Інвэстар» (якое цяпер фігуруе ў зямельнай справе), пазьней банк — «Базіс».

У 2002 годзе быў абраны ў Харкаўскую абласную раду і яе выканаўчы камітэт, а ў часе прэзыдэнцкай кампаніі 2004-2005 гадоў працаваў у харкаўскім выбарчым штабе Віктара Юшчанкі. Пасьля перамогі Аранжавай рэвалюцыі на працягу пяці гадоў кіраваў Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыяй.

Празь некалькі дзён пасьля перамогі Віктара Януковіча на выбарах прэзыдэнта ў 2010 годзе, ён падаў заяву пра адстаўку. Што праўда, на пасадзе кіраўніка Харкаўскай вобласьці, ён актыўна падтрымліваў іншага кандыдата — Юлію Цімашэнку. А ўжо ў часе яе крымінальнага перасьледу і адбываньня пакараньня ў харкаўскай турме стаў актыўным яе абаронцам.

Менавіта падтрымкай Юліі Цімашэнкі Арсен Авакаў тлумачыў свой крымінальны перасьлед, што пачалі праваахоўныя органы ў часы прэзыдэнцтва Януковіча таксама паводле «зямельнага пытаньня». У 2012 годзе Генэральная пракуратура Ўкраіны пачала крымінальную справу паводле фактаў «злоснага перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў, што пацягнула цяжкія наступствы» — за нібыта незаконнае зьмяненьне мэтавага прызначэньня і перадачы ў прыватную ўласнасьць 55 гектараў дзяржаўных зямель коштам больш за 5,5 мільёнаў грыўняў.

Але арыштаваць і асудзіць Арсена Авакава тагачасныя ўлады не змаглі — у той час ён ужо знаходзіўся ў Італіі, дзе нібыта прасоўваў інтарэсы ўласнага фонду. У 2012 годзе на парлямэнцкіх выбарах ён быў абраны народным дэпутатам ад партыі «Бацькаўшчына» і змог вярнуцца ва Ўкраіну, дзякуючы норме пра дэпутацкую недатыкальнасьць. У 2014 годзе, у часе масавых акцыяў пратэсту, Вярхоўная Рада Ўкраіны адправіла міністра ўнутраных спраў Аляксандра Захарчанку ў адстаўку і прызначыла на гэтую пасаду Арсена Авакава.

Пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча і вызваленьня Юліі Цімашэнкі з турмы, Арсен Авакаў разам зь яе набліжэйшым саратнікам Аляксандрам Турчынавым і Арсеніем Яцэнюком адкалоліся ад партыі «Бацькаўшчына», стварыўшы сваю — «Народны фронт». І ўжо пасьля новых парлямэнцкіх выбараў Арсен Авакаў захаваў пасаду міністра ўнутраных спраў.

Карупцыйныя скандалы суправаджалі Арсена Авакава на працягу ўсёй яго дзейнасьці на пасадзе міністра ўнутраных спраў. Летам 2015 года зьявілася інфармацыя пра магчымую датычнасьць сына Авакава Аляксандра да набыцьця заплечнікаў для падразьдзяленьняў МУС.

Пазьней імя міністра згадвалася пры расьсьледаваньні вывядзеньня з Украіны 40 мільёнаў даляраў на афшорны рахунак кампаніі аднаго з блізкіх бізнэс-партнэраў Арсена Авакава.

Сутнасьць новай справы

Сёлета ў сакавіку сумесны праект UΛ: Першага і «Грамадзкага тэлебачаньня» апублікавала журналісцкае расьсьледаваньне пра харкаўскую бізнэс-імпэрыю Арсена Авакава. Як высьветлілі журналісты праграмы «Слідство.info», уладальнікам 18 гектараў лесу і карпусоў дзіцячай установы ў Дзергачоўскім раёне пад Харкавам стала фірма «Лясная паляна». Гісторыя прыватызацыі рэкрэацыйнага ўчастка пачалася яшчэ на пачатку 2000-х гадоў кампаніяй «Інвэстар», якая спачатку яго арандавала, а пазьней прадала свайму даччынаму прадпрыемству «Інвэстар Эліт Буд».

У гэтыя зямельныя апэрацыі ўмяшаліся пракуроры, якія настойвалі на незаконнасьці прыватызацыі, бо значная частка ўчастка зьяўляецца лесам, продаж якога ў такіх абʼёмах ёсьць парушэньнем заканадаўства. Увосень 2011-га Вышэйшы гаспадарчы суд пастанавіў забраць зямлю ў Авакава, а ў траўні 2014 года, калі ён ужо займаў пасаду міністра ўнутраных спраў, яго кампанія «Інвэстар Эліт Буд» зьвярнулася ў суд, каб вярнуць сабе зямлю. І ўрэшце вярнула, але пасьля гэты зямельны ўчастак быў «перакінуты» на балянс новай кампаніі «Лясная паляна». Канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам абедзьвюх кампаній зьяўляецца жонка Арсена Авакава Іна.

Пэрспэктывы справы

Нягледзячы на існаваньне судовага рашэньня, якое абавязала пракуратуру адкрыць справу супраць Арсена Авакава, Генэральная пракуратура Ўкраіны працягвае сьцьвярджаць, што гэта зроблена менавіта на падставе грамадзкага звароту.

«Абвінавачваньні супраць цяперашняга міністра ўнутраных спраў могуць трактавацца як прадмет ўяўленьня, што ня можа быць падставай для перасьледу міністра. А крымінальныя справы паводле заяў паклёпнікаў былі і будуць. На жаль, для кагосьці гэта прафэсія, а ў постсавецкім грамадзтве і спосаб дыскрэдытацыі. Дастаткова ўзгадаць крымінальныя справы для праверкі заяў Капліна (народны дэпутат зьвяртаўся з заявамі пра датычнасьць Арсенія Яцэнюка да раскраданьняў — РС), якія не пацьвердзіліся», — заявіла Ларыса Сарган, прэс-сакратар генэральнага пракурора Юрыя Луцэнкі.

Паводле яе, Генэральная пракуратура закрые справу супраць Арсена Авакава з-за адсутнасьці падстаў для абвінавачаньняў.

У сваю чаргу дарадца міністра ўнутраных спраў Заран Шкірак падкрэсьліў, што рэгістрацыя любой заявы пра злачынства ёсьць абавязковаю нормаю крымінальна-працэсуальнага заканадаўства: «Арсен Авакаў застанецца на сваёй пасадзе і ніякіх заканадаўчых нормаў гэта не парушае. Крымінальныя справы могуць быць адкрытыя ў дачыненьні да любога пасадоўца, але гэта выключна працэсуальная норма».

У той жа час, намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аксана Сыраід не выключае, што новая хваля нібыта карупцыйных скандалаў можа быць зьвязаная з абвастрэньнем дачыненьняў між палітыкамі, якія прадстаўляюць розныя групоўкі ва ўладзе. «Гэтую сытуацыю я ацэньваю з двух бакоў. Па-першае, гэта можа выглядаць станоўча, калі ГПУ адкрывае справы ў дачыненьні да чыноўнікаў і палітыкаў. Але з якою мэтаю? Калі для таго, каб забясьпечыць непазьбежнасьць пакараньня за ўчыненае злачынства — то добра, грамадзтва з нецярпеньнем чакае. Але ў мяне вялікія сумневы наконт гэтага. Пераважна гэта ўсё для таго, каб дамовіцца паміж сабой», — адзначыла віцэ-сьпікер парлямэнту.

Арсен Авакаў пакуль не камэнтуе сытуацыю.

Палітычны экспэрт Арцём Стэльмашоў кажа: «Гэта ўсё вельмі падобна на палітычную ігру: трошкі прайшліся па рэпутацыі Шабуніна, трошкі паказалі Авакаву, што мы можам сёньня адкрыць справу і закрыць яе, а заўтра ўжо адкрыць і не закрываць. Мы ведаем, што зараз між праваахоўнымі органамі Ўкраіны адбываецца вельмі моцная канкурэнцыя, але маем разумець, што менавіта Генэральная пракуратура можа быць палітычна матываваная, бо яе ўзначальвае Юры Луцэнка — найбліжэйшы саратнік Пятра Парашэнкі, і пракуратура застаецца інструмэнтам прэзыдэнцкай вэртыкалі. Мы бачым, што ўплыў Авакава вельмі істотна павялічваецца, і ўся прэзыдэнцкая вэртыкаль зацікаўленая ў тым, каб вялікая колькасьць скандалаў урэшце прывяла да адстаўкі Авакава. Мяркую, што ўся сутнасьць гэтай гульні ў тым, каб падвесьці Авакава да гучнай адстаўкі, і ў гэтым напрамку яшчэ будуць працаваць сілавыя структуры, падпарадкаваныя непасрэдна прэзыдэнту».

У той жа час экспэрт не прагназуе хуткай адстаўкі міністра ўнутраных спраў: «Калі ён зараз сыдзе ў адстаўку, то ў кааліцыі ўзьнікнуць вялікія праблемы, бо ўсё ж „Народны фронт“ — другая па маштабу сіла ў парлямэнцкай большасьці, і бязь іх фактычна немагчыма будзе прыняць ніводнае рашэньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG