Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскіх выбарцаў ня вабяць ні галасаваньне, ні буфэт


Назіральнікі адзначаюць невысокую актыўнасьць на выбарчых участках. Ужо з самай раніцы па кватэрах выправіліся групы са скрынямі для галасаваньня, бо на ўчасткі ня дужа сьпяшаўся нават «самы надзейны электарат» — пэнсіянэры.

Канцэрт для выбарнікаў каля школы № 24
Канцэрт для выбарнікаў каля школы № 24

Адзін з тыповых «пэнсіянэрскіх участкаў» — № 69 Кастрычніцкай выбарчай акругі № 20 — месьціцца ў віцебскай сярэдняй школе № 28. Тут з 2260 выбаршчыкаў усяго 164 прагаласавалі датэрмінова. І ў асноўны дзень галасаваньня асаблівай актыўнасьці не відаць, хаця спробы завабіць людзей — відавочныя: нават канцэрт дзіцячай самадзейнасьці вырашылі зладзіць на вуліцы.

Гандаль для выбарнікаў у Віцебскім мэдычным унівэрсытэце
Гандаль для выбарнікаў у Віцебскім мэдычным унівэрсытэце

Іншая статыстыка на «студэнцкіх участках». Прыкладам, на ўчастку № 61 у мэдычным унівэрсытэце датэрмінова прагаласавалі 1213 чалавек з 2190. Затое непасрэдна ў дзень выбараў тут пуста. Ня вабяць выбаршчыкаў ні нізкія цэны ў буфэце, дзе, дарэчы, прадаюць і сьпіртовыя напоі на разьліў, ні продаж прамысловых тавараў без гандлёвай нацэнкі.

Пусты буфэт на ўчастку № 61 у Віцебскім мэдычным унівэрсытэце
Пусты буфэт на ўчастку № 61 у Віцебскім мэдычным унівэрсытэце

Буфэты заўжды былі своеасаблівым індыкатарам актыўнасьці выбаршчыкаў. Але ня сёньня, адзначаюць гандляры. Калі зранку да танных харчоў праяўлялі хоць нейкую цікаўнасьць пэнсіянэры й выбарнікі з малымі дзецьмі, то недзе ад абеду за столікамі ці каля прылаўкаў не было відаць ніводнага чалавека. Апрача хіба што чальцоў камісіяў або аматараў алькаголю, якія не шукаюць асаблівых нагодаў для застольля...

Бюлетэняў — на самым дне скрыні, і выбарцаў няма (участак № 2 у індустрыяльна-тэхналягічным каледжы)
Бюлетэняў — на самым дне скрыні, і выбарцаў няма (участак № 2 у індустрыяльна-тэхналягічным каледжы)

Назіральнікі апавядаюць, што невысокая актыўнасіць выбаршчыкаў усур’ёз турбуе камісіі. Шляхі да «выпраўленьня сытуацыі» шукаюцца розныя. Так, яшчэ ўчора, у апошні дзень датэрміновага галасаваньня, за гадзіну адсутнасьці назіральніка Андрэя Кешэнюка на ўчастак № 18 Чыгуначнай выбарчай акругі прыйшлі адразу 168 чалавек. У іншы час за гадзіну зьяўляліся ня больш за 10-15 чалавек, піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку спадар Андрэй.

Такія грунтоўныя зьніжкі, а пакупнікоў усё адно няма
Такія грунтоўныя зьніжкі, а пакупнікоў усё адно няма

А віцебскі праваабаронца Павал Левінаў паведамляе і ўвогуле сэнсацыйную інфармацыю: паводле ягоных зьвестак, у адной з віцебскіх вайсковых частак 96,19% выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. І да абеду 11 верасьня выбары там завяршыліся, прычым поўнай перамогай праўладнага кандыдата, за якога прагаласавалі 100% выбарнікаў.

У спадзяваньні на пакупнікоў
У спадзяваньні на пакупнікоў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG