У Беларусі на мяжы з Украінай таксама пачалі нелегальна здабываць бурштын. Як адзначаюць праваахоўныя органы, здабыча ладзіцца паводле «ўкраінскай тэхналёгіі».
Як піша «СБ», факты незаконнай здабычы бурштыну зафіксаваныя ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Пінскім і Столінскім раёнах.
За незаконную здабычу бурштыну на Берасьцейшчыне да адказнасьці прыцягнута больш за дзесяць чалавек. Пры гэтым парушылі прыродаахоўнае заканадаўства ня толькі асобы, але і прыватнае прадпрыемства, якое атрымала афіцыйны дазвол на правядзеньне геоляга-разьведвальных работ.
Нядаўна Кобрынскі райвыканкам забраў участак у таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Алрыкс». Дазвол на выведку прадпрыемства атрымала два гады таму. Аднак парушыла праект. У жніўні на месца раскопак выклікалі апэратыўна-сьледчую групу Кобрынскага райаддзелу міліцыі, якая канфіскавала вырабленае саматужным спосабам абсталяваньне — з дапамогай яго вёўся гідраразмыў.
Пакуль праводзіцца праверка, ацэньваецца шкода.
У жыхароў Бярозаўскага і Драгічынскага раёнаў пры вобшуку канфіскавалі 103 кавалкі бурштыну розных памераў. Суд Драгічынскага раёну прысудзіў гэтым асобам 4,5 года абмежаваньня волі. Абсталяваньне і бурштын, канфіскаваныя пры затрыманьні, накіраваныя ў даход дзяржавы.
Яшчэ адну «распрацоўку» выявілі пінскія памежнікі летам за кілямэтар ад мяжы з Украінай. Па рашэньні суду Пінскага раёну адзін з «старацеляў» заплаціў штраф — 25 базавых велічынь, другі — 20 базавых. Акрамя таго, іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за самавольную высечку дрэў.
«Парушаныя ўчасткі лесу, ральлі, сенакосы на вельмі працяглы тэрмін становяцца непрыдатнымі для сельскагаспадарчай і лесагаспадарчай дзейнасьці. Гэтыя гісторыі са здабычай бурштыну — сьведчаньне таго, што мэханізм выдачы дазволаў на геоляга-разьведвальныя работы трэба мяняць. У гэтай сфэры павінны працаваць прафэсійныя геолягі, а не драпежныя прыватныя структуры», — лічыць намесьнік старшыні Берасьцейскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Сяргей Шылінчук.