Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Guardian апублікавала гісторыю беларускай шаптухі, якая вылечыла камуніста 


Брытанскае выданьне «The Guardian» апублікавала фотарэпартаж беларускага фатографа Сяргея Лескеця «Апошнія шэпты Беларусі». Гэта восем здымкаў і восем гісторый беларускіх шаптух з розных куткоў краіны.

Англамоўным чытачам выданьне прадстаўляе беларускіх шаптух як «жанчын, якія вераць, што Бог даў ім моц вылечваць хворых і выганяць дэманаў».

Сярод васьмі гісторый ёсьць, напрыклад, аповед бабы Каці, якая вылечыла камуніста ад укусу зьмяі:

«У нашай вёсцы быў камуніст, якога звалі Міша. Аднойчы ён касіў траву каля ракі і яго ўкусіла зьмяя. Ён сур’ёзна захварэў і быў блізкі да сьмерці. Ён паслаў сваю жонку да мяне, каб я дапамагла. Я баялася, бо ён жа быў камуністам. Яны страшна не любілі нас, вернікаў, зьдзекаваліся над намі, зачынялі храмы і высылалі сьвятароў у Сыбір. Але я не магла адмовіць і зашаптала. Ён выпіў гэту ваду і яму стала лепш. Я ня ведаю, ці верыў Міша некалі ў Бога, але ён ведаў моц слова».

The Guardian называе традыцыю шаптух зьнікаючай. Гэта пацьвярджае і аповед яшчэ адной гераіні фотарэпартажу — бабы Марыі.

«Старыя людзі, якія ведаюць слова, паміраюць, а маладыя людзі ня хочуць вучыцца. Яны ня вераць. Але зла ў слове ня стала менш. Пажылыя людзі і дзеці прыходзяць да мяне кожны дзень, але я ня ведаю, хто будзе шаптаць пасьля маёй сьмерці», — кажа шаптуха баба Марыя.

Сяргей Лескець — краязнаўца, вандроўнік, фатограф. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка і аддзяленьне найноўшай гісторыі Беларускага калегіюму. Зборам старажытных усходнеэўрапейскіх практык лячэньня ён займаецца ўжо чатыры гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG