Францыя хоча спыніць перамовы па дамове паміж ЗША і ЭЗ аб Трансатлянтычным гандлёвым і інвэстыцыйным партнэрстве. Пра гэта 30 жніўня абвясьціў у эфіры радыёстанцыі RMC дзяржсакратар Францыі па справах зьнешняга гандлю Маціяс Фэкль.
Выступаючы ў Парыжы ў аўторак, на штогадовай сустрэчы з францускімі пасламі, прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заклікаў прыпыніць перамовы аб падпісаньні пагадненьня аб свабодным гандлі паміж ЭЗ і ЗША — да абраньня новага амэрыканскага прэзыдэнта.
Да гэтага ж заклікаў сакратар Францыі па зьнешнім гандлі Маціяс Фэкль, адзначыўшы, што абмеркаваньне трансатлянтычнага пакту павінна пачацца на новай аснове. «Палітычнай падтрымкі гэтай дамовы ў Францыі больш няма», — заявіў Фэкль.
Францыя мае намер зьвярнуцца з адпаведным запытам у кіраўніцтва ЭЗ на саміце ў Браціславе, які адкрываецца 16 верасьня.
У мінулую нядзелю міністар эканомікі Нямеччыны сацыял-дэмакрат Зігмар Габрыэль заявіў, што гандлёвыя перамовы з ЗША праваліліся. «Мы не павінны падпарадкоўвацца амэрыканскім патрабаваньням. У нас у Эўропе свой уласны ўклад жыцьця», — адзначыў ён. Аднак у панядзелак Эўракамісія заявіла пра неабходнасьць працягу перамоваў.
Перамовы па пагадненьні паміж ЗША і ЭЗ аб Трансатлянтычным гандлёвым і інвэстыцыйным партнэрстве працягваюцца ўжо тры гады і павінны былі завяршыцца сёлета.
Самае папулярнае
1