Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другая фаза крызысу: учора — прадпрыемствы, сёньня — банкі


Чаму працягваюць расьці праблемныя актывы беларускіх банкаў?

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.


Карбалевіч: Ня першы раз мы абмяркоўваем гэтую тэму. Але пытаньне з кожным месяцам абвастраецца. Спачатку трохі статыстыкі. Вось у ліпені доля праблемных актываў беларускіх банкаў зноў вырасла: на 1 жніўня яна дасягнула 14,3% супраць 13,4% месяц таму. Дрэнныя актывы беларускіх банкаў растуць ужо дзявяты месяц запар. З пачатку году абʼём праблемных актываў вырас ужо больш чым удвая, дасягнуўшы гістарычнага максымуму для беларускай банкаўскай сыстэмы.

Цікава, што афіцыйныя асобы апошнім часам шмат разважаюць пра тое, што ў беларускай эканоміцы зьявіўся трэнд да паляпшэньня, што мы маем «дынаміку аднаўленьня эканамічнага росту, прычым на здаровай неэмісійнай аснове, што «мы выходзім з траекторыі падзеньня». Але вось лічбы росту праблемных актываў банкаў сьведчаць пра тое, што насамрэч праблемы ў беларускай эканоміцы толькі нарастаюць.

14% — гэта шмат ці не? Экспэрты даводзяць, што мяжа бясьпекі для банкаўскай сыстэмы знаходзіцца ў дыяпазоне 15-20%.

Галоўная прычына росту праблемных банкаўскіх актываў палягае ў крызысным стане дзяржаўных прадпрыемстваў, якія бяруць пазыкі ў банках і не вяртаюць, бо яны банкруты.

Добрых рашэньняў ва ўладаў няма, даводзіцца выбіраць меншае зло. І рост праблемных актываў банкаў пакуль улады лічаць меншым злом.

І тут цікава тое, як, за кошт чаго растуць гэтыя праблемныя актывы банкаў. Апошнім часам улады пачалі рабіць фармальна-юрыдычныя маніпуляцыі, каб палепшыць статыстыку ў прамысловасьці. Вось як гэта выглядае. Бяруць прадпрыемства-банкрут і мяняюць яго юрыдычны статус, фактычна, мяняюць шыльду. Гэта можна прасачыць на прыкладзе Менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова. Юрыдычна прадпрыемства ліквідуецца, а фактычна ствараецца і рэгіструецца новы холдынг з той жа назвай і завод пачынае працаваць з чыстага ліста як новае прадпрыемства, але ўжо без даўгоў.

Але ж гэтыя даўгі нікуды ня дзеліся, банкаўскія крэдыты ня вернутыя. І пазоў выставіць няма каму. Бо тое прадпрыемства, якое брала доўг, абʼяўленае банкрутам, ліквідуецца, і ў яго няма вытворчых актываў, бо яны перададзеныя новай юрыдычнай асобе. То бок страты дзяржпрапрыемстваў перакладваюцца на банкі. У выніку статыстыка ў прамысловасьці паляпшаецца, а статыстыка банкаўскай сфэры пагаршаецца. Паколькі асноўныя банкі ў Беларусі дзяржаўныя, то страты перакладваюць з адной дзяржаўнай кішэні ў другую. Такі трышкін кафтан.

Магчыма, улады спадзяюцца, што як толькі дзяржаўныя банкі апынуцца ў крызыснай сытуацыі, то ім выдзяляць грошы з бюджэту дзеля ўратаваньня. Але ў такім разе давядзецца друкаваць новыя грошы, і тады з жорсткай манэтарнай палітыкай давядзецца разьвітацца. То бок, добрых рашэньняў ва ўладаў няма, даводзіцца выбіраць меншае зло. І рост праблемных актываў банкаў пакуль улады лічаць меншым злом.

Цыганкоў: Сапраўды акцэнт эканамічных праблемаў магчыма зьмясьціўся за апошнія месяцы. Больш за ўсё казалі пра прамысловасьць, пра падзеньне вытворчасьці апошнія год-два, нават пра паніжэньне даходаў насельніцтва. Але выглядае, што на першы плян выходзіць банкаўскі крызыс.

Экспэрты адзначаюць, што расьце колькасьць падазроных крэдытаў, насельніцтва ўсё больш скарачае свае дэпазыты. Лічбы кажуць, што людзі здымаюць дэпазыты, бо няма на што жыць, і выдаткоўваюць гэтыя грошы, абменьваюць валюту на беларускія рублі. Гэты подых крызысу таксама стаў зьявай апошніх паўгода-году.

Людзі здымаюць дэпазыты, бо няма на што жыць, і выдаткоўваюць гэтыя грошы, абменьваюць валюту на беларускія рублі. Гэты подых крызысу таксама стаў зьявай апошніх паўгода-году.

Міжнародны валютны фонд заяўляе, што на гэты год падзеньне вытворчасьці будзе каля 3%. Беларускае кіраўніцтва рабіла цягам году больш аптымістычныя заявы, нават казала, што беларуская эканоміка магчыма выйдзе ў нуль, маецца на ўвазе ВУП, але некалькі месяцаў як не чуваць аптымістычных прагнозаў, відавочна, што ўсё ж такі будзе мінус.

Да таго ж, сёлета Беларусі ў даволі вялікіх памерах трэба плаціць старыя даўгі. Каля 3 мільярдаў даляраў трэба выплаціць за гэты год па замежных крэдытах. Відавочна, што Беларусь будзе ставіць пытаньне аб рэструктурызацыі гэтых даўгоў, паколькі экспарт не расьце, ён зьнізіўся за 5 месяцаў на 16%. І па выніках гэтага году экспарт не палепшыцца. Таму зьнешнепалітычны балянс Беларусі пагаршаецца, а гэта кладзецца дадатковым цяжарам на сытуацыю ў банкаўскім сэктары.

Дракахруст: Такі двухтактны мэханізм крызысу — гэта ня нейкая беларуская асаблівасьць ці вынаходніцтва. Варта прыгадаць, што сусьветны крызыс у 2008-2009-х гадах, ды і апошні крызіс, той жа грэцкі, мелі такі двухтактны характар.

Першая фаза — гэта крызыс прамысловасьці, крызыс рэальнай эканомікі, а другая — банкаўскі крызыс, бо прамысловасьць вінная банкам, яна ня можа ім заплаціць, і вось узьнікаюць праблемы ў банкаў. Тое самае мы зараз бачым на прыкладзе Беларусі.

Хоць, канешне, ёсьць пэўныя асаблівасьці. Справа ў тым, што заходнія банкі ўсё ж такі крэдытавалі па сваёй волі, хай дурной, хай непрадбачлівай, але гэта было іх рашэньне. Як мы ведаем, у Беларусі крэдытаваньне, асабліва дзяржаўных прадпрыемстваў, вельмі часта проста вынік мяккіх ці ня надта мяккіх парадаў з боку ўладаў банкам пракрэдытаваць.

Таксама цікавая асаблівасьць — «банкруцтва па-беларуску», пра якое вы, Валер, распавялі. Бо пры клясычнай працэдуры банкруцтва прадпрыемства віннае банку, яно ня можа плаціць даўгі і абвяшчае сябе банкрутам. Але пры гэтым актывы прадпрыемства пераходзяць у рукі банка, і той ужо думае, колькі капеек на рубель тых даўгоў ён можа атрымаць, як гэтыя актывы прадаць, каб хоць штосьці выручыць.

А ў той схеме, пра якую вы, Валер, сказалі, прадпрыемствы пасьля гэтай зьмены шыльды працягвае працаваць, яго актывы як былі, так і засталіся ягонымі. Гэта, канешне, дзіўнае банкруцтва, бо банк за гэта мае круглы нуль.

Можна меркаваць, што праз пэўны час ціск на Нацыянальны Банк з боку ўраду акажацца такім моцным, што ён разьвядзе рукамі, крыху забудзе пра свае манэтарысцкія ідэалы і будзе дапамагаць банкам.

Лічыцца, што 14-20% праблемных крэдытаў — гэта яшчэ ня страшна, і пакуль рэальная іх доля ў гэтым інтэрвале і знаходзіцца. Але зразумела, што калі гэты вір будзе круціцца далей, гэтыя даўгі будуць нарастаць, і давядзецца прымаць пэўныя рашэньні.

Ну, і тут варта спаслацца на сусьветны вопыт, на той жа вопыт 2008-2009-х гадоў — ужо якая там ні лібэральная эканоміка ў Злучаных Штатах, ды і ў Эўропе яна не такая ўжо сацыялістычная, але вынік мы памятаем які — напампоўвалі грашыма тыя ж банкі.

І ў гэтым сэнсе сапраўды можна меркаваць, што праз пэўны час ціск на Нацыянальны Банк з боку ўраду і Аляксандра Лукашэнкі акажацца такім моцным, што ён разьвядзе рукамі, крыху забудзе пра свае манэтарысцкія ідэалы і будзе дапамагаць банкам, тым больш, што манэтарызм манэтарызмам, але калі абрынецца банкаўская сыстэма, то ўласна пра эканамічную палітыку гаварыць не давядзецца. Хоць, зразумела, уся справа будзе ў прапорцыях, якія банкі будуць ратаваць і ў якім аб’ёме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG