Пра гэта паведамляе «Беларуская ваенная газэта».
Першыя ў гісторыі Беларусі пускі з новага комплексу — рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз» — прайшлі ў чэрвені гэтага году на Гомельшчыне.
Як адзначыў камандзір 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады палкоўнік Аляксандар Цішкевіч, «у склад дывізіёна, куды перадалі „Палянэзы“, увайшлі лепшыя спэцыялісты».
Міністар абароны Рэспублікі Беларусь генэрал-лейтэнант Андрэй Раўкоў адзначыў, што комплекс «Палянэз», які быў створаны за невялікі прамежак часу, у выпадку неабходнасьці гатовы для абароны сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, канстытуцыйнага ладу і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
«Перш за ўсё гэта зброя прызначаная для абароны чыстага, мірнага неба, для абароны нашай міралюбнай зямлі. Вядома, было б добра, калі б „Палянэз“ не ўжываўся ў баявых умовах... Але калі спатрэбіцца, мы павінны быць гатовыя выкарыстоўваць яго ў цяжкую гадзіну для абароны сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, канстытуцыйнага ладу і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь».
Пра колькасьць перададзеных 77-му асобнаму рэактыўнаму артылерыйскаму дывізіёну «Палянэзаў» не паведамляецца.
***
Рэактыўную сыстэму залпавага агню ўпершыню прэзэнтавалі на вайсковым парадзе 9 траўня 2015 году ў Менску. Паводле афіцыйных зьвестак, максымальная далёкасьць стральбы беларускіх «Палянэзаў» складае 200 кілямэтраў.