Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Галакост, пазабыты ў Беларусі


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Вельмі ўразіў нядаўні тэкст летувіскага літаратара Марюса Івашкявічюса пра Галакост у Летуве і памяць пра яго на прыкладзе гадавіны расправы над габрэямі ў ягоным родным мястэчку Маляты. Раю перачытаць яго цалкам і нават дараваць аўтару, што Скарлет Ёхансан і Гарысана Форда — нашчадкаў жыхароў Менску — ён у характэрнай манэры таксама запісаў у летувіскія габрэі.

Летува пакутліва прыходзіць да ўшанаваньня памяці сваіх габрэяў, забітых у часе Галакосту. Для людзей нашага рэгіёну гэта вымагае кампрамісу з шматлікімі складанымі старонкамі гісторыі і пераадоленьня шматлікіх нацыянальных комплексаў, старых рэфлексаў і фантомных крыўдаў — але прагрэс, які ў гэтай справе ўсё ж дэманструе летувіскае грамадзтва, дазваляе спадзявацца на лепшае.

У беларускай нацыянальнай памяці Галакост, трагедыя некалькіх соцень тысячаў жыхароў Беларусі, пакуль што таксама займае недаравальна маленькае месца. Як і ўвогуле ўсьведамленьне габрэйскага пласту і габрэйскай спадчыны Беларусі.

У беларускай нацыянальнай памяці Галакост, трагедыя некалькіх соцень тысячаў жыхароў Беларусі, займае недаравальна маленькае месца. Як і ўвогуле ўсьведамленьне габрэйскага пласту і габрэйскай спадчыны Беларусі.

Бяроза-Картуская, мястэчка ў Заходнім Палесьсі, дзе жывуць мае сваякі, мае неблагі краязнаўчы музэй. У ім распавядаецца і пра сярэднявечную гісторыю, і пра знакаміты вялікі бярозаўскі кляштар картузаў, і пра Другую сусьветную — куды ж безь яе — вайну. Няма асьвятленьня толькі адной тэмы: гісторыі габрэйства ў Бярозе-Картускай. Суха згадваецца пра тое, што да вайны большасьць насельніцтва Бярозы складалі габрэі і было некалькі сынагогаў, і ўсё. Ані пра публіцыста Якуба Клячкіна, ані пра паэтэсу Кадзю Маладоўскую — ані слова, хаця маленькае мястэчка павінна было б пільна даражыць памяцьцю пра сваіх вядомых у сьвеце ўраджэнцаў. Не гаворыцца нават пра тое, што сам музэй знаходзіцца ў даваенным будынку ў стылі «мадэрн», які, калі не памыляюся, належаў габрэю-прадпрымальніку, чый пазьнейшы лёс застаецца мала каму вядомым.

У цэнтры Менску стаіць пампэзны, у чучхейска-туркмэнскім духу збудаваны музэй так званай «Вялікай айчыннай» вайны. З усёй вялікай музэйнай экспазыцыі — зь сьвежа пафарбаванымі танкамі, самалётамі, манэкенамі і нават макетам зямлянкі савецкіх партызанаў — Галакосту быў адведзены адзін малазаўважны стэнд.

Пры гэтым, адносна трагедыі беларускага габрэйства дастаткова проста ўсьведаміць яе маштабы ў рамках трагедыі агульнабеларускай.

Агульная афіцыйная лічба беларускіх ахвяраў вайны — парадку двух ці двух з паловай мільёнаў чалавек. Гэтая лічба ўключае 800 тысяч пагінулых на тэрыторыі Беларусі савецкіх ваеннапалонных, многія зь якіх да Беларусі ня мелі дачыненьня, а таксама беларускіх баявых ахвяраў з усіх бакоў канфлікту — як чырвонаармейцаў і савецкіх партызанаў, так і ўдзельнікаў пранямецкіх фармаваньняў, паліцыі. У агульную лічбу ахвяраў часта запісваюць і 100-200 тысяч людзей, якія былі вывезеныя або выехалі зь Беларусі на Захад і ня сталі вяртацца пасьля вайны: саветам было лепш абвесьціць іх мёртвымі, чым прызнаць, што дзясяткі тысячаў людзей добраахвотна не захацелі жыць у сталінскім СССР.

Габрэяў сярод агульнай лічбы беларускіх ахвяраў — парадка 700 тысячаў чалавек. Сямсот тысяч нашых землякоў і суайчыньнікаў, чыю памяць антысэміцкая савецкая ўлада не хацела ўшаноўваць, маніпулюючы беларусамі з дапамогай сьвядома сфальсыфікаваных лічбаў.

Нацыстоўская ідэалёгія разглядала беларусаў як непаўнавартасную нацыю, але ніякага генацыду ў адносінах да беларускага насельніцтва нацысты не праводзілі. Нямецкія ваенныя злачынствы, расправы над беларускім цывільным насельніцтвам, перадусім зьвязаныя з брутальнымі карніцкімі апэрацыямі ў раёнах, дзе дзейнічалі савецкія партызаны. Мэтанакіравана, татальна і без разбору па этнічнай прыкмеце вынішчалася толькі адна катэгорыя людзей: беларускія габрэі ад Беластоку да Смаленску.

Габрэяў сярод агульнай лічбы беларускіх ахвяраў — парадка 700 тысячаў чалавек. Сямсот тысяч нашых землякоў і суайчыньнікаў, чыю памяць антысэміцкая савецкая ўлада не хацела ўшаноўваць (імя забітай немцамі падпольшчыцы Машы Брускінай нават не пісалі на помніку ёй жа), маніпулюючы беларусамі з дапамогай наўмысна і сьвядома сфальсыфікаваных лічбаў.

Здаецца, ня будзе памылкаю сказаць, што габрэі складалі ня менш за палову цывільных ахвяраў Другой Сусьветнай Вайны ў Беларусі. І гэта дазваляе ацаніць, наколькі скажонаю ёсьць беларуская памяць пра Другую Сусьветную Вайну, дзе савецкая акупацыйная адміністрацыя мела адну праўду, эміграцыя — другую, і толькі сотні тысячаў забітых беларускіх габрэяў так і не атрымалі права голасу.

Тым ня меней, Рада БНР у сваёй заяве на 70-годзьдзе ад заканчэньня Другой Сусьветнай Вайны належным чынам узгадала пра нацыстоўскі генацыд беларускіх габрэяў. А. Лукашэнка ў прамове на парадзе 9 траўня 2015 г. пра іх ня ўспомніў.

Я пішу гэтыя радкі 23 жніўня, у Міжнародны дзень памяці ахвяраў нацызму і камунізму. Нацысты і іхныя старэйшыя браты камуністы зрабілі так, што зь мільёна беларускіх габрэяў цяпер засталіся толькі некалькі дзясяткаў тысячаў. Па сумленьні, у Беларусі павінен быў бы быць створаны вялікі габрэйскі дасьледчыцкі інстытут і фонд падтрымкі габрэйскай спадчыны Беларусі. Ізраіль мог бы быць галоўным партнэрам і хаўрусьнікам Беларусі на Блізкім Усходзе. Але пакуль што гэта ня так: беларусы ня памятаюць ня толькі сваёй уласнай гісторыі, але і гісторыі сваіх шматсотгадовых найбліжэйшых суседзяў габрэяў.

У пэўным сэнсе сымбалічна, як велізарную міжнародную дэлегацыю рабінаў на гэтым тыдні ледзьве пусьцілі праз расейскую мяжу ў Лёзна на калектыўную малітву і наведваньне помніка ахвярам Галакосту. Але добра, што ўрэшце ім атрымалася пераадолець бюракратычныя перашкоды і туды даехаць. Магчыма, наш агульны з габрэямі бог усё-ткі даслаў нам усім добры знак.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG