Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна абвясьціла ў вышук Шайгу і яшчэ 17 расейскіх чыноўнікаў


Украіна хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці 18 кіраўнікоў расейскага войска паводле падазрэньня ў арганізацыі агрэсіі супраць краіны.

Генэральная пракуратура Ўкраіны паведаміла ў Адміністрацыю прэзыдэнта Расеі пра тое, што 18 кіраўнікоў расейскай арміі падазраюць у арганізацыі гібрыднай вайны супраць краіны і зьдзяйсьненьні іншых ваенных злачынстваў.


«Тэкст падазрэньняў, згодна з нашым Крымінальна-працэсуальным кодэксам атрымалі: саветнік прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Глазьеў, былы ўпаўнаважаны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ў „Крымскай фэдэральнай акрузе“ Белавенцаў, міністар абароны Шайгу, намесьнік міністра абароны Булгакаў, намесьнік міністра абароны Панкоў, начальнік генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі, першы намесьнік міністра абароны Расеі Герасімаў», — паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка.

Паводле яго, дакумэнты пра выклік на допыт былі дасланыя пры дапамозе пошты DHL. «Усім 18 чыноўнікам Расеі, як генэральны пракурор Украіны, прапаную прыбыць у незалежную Ўкраіну, горад Кіеў, вуліца Разніцкая для дачы паказаньняў па арганізацыі гібрыднай вайны і агрэсіўным захопе тэрыторыі Украіны», — заклікаў Юры Луцэнка.

Генэральны пракурор паведаміў, што пасьля вышуку іх на тэрыторыі Ўкраіны праваахоўнікі зьвернуцца да адпаведных арганізацыяў па міжнародны вышук усіх названых асобаў. Юры Луцэнка таксама дадаў, што адпаведна з украінскім заканадаўствам, кіраўніцтву расейскай арміі пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам больш як 11 гадоў і поўная канфіскацыя маёмасьці.

У часе прэсавай канфэрэнцыі былі прадэманстраваныя тэлефонныя размовы, якія пацьвярджаюць датычнасьць расейцаў да дэстабілізацыі сытуацыі ў Крыме і Адэскай вобласьці ў 2014 годзе.

«Галоўная ваенная пракуратура працягвае збор доказаў датычнасьці іншых службовых асоб Узброеных сіл Расеі і іншых прадстаўнікоў улады гэтай краіны да арганізацыі і вядзеньня гібрыднай вайны супраць Украіны і зьдзяйсьненьня іншых ваенных злачынстваў, каб кожны быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці», — паведаміў Юры Луцэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG