Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрвіс «Яндекс.Касса» падлічыў, колькі жыхары Беларусі трацяць грошай у сацыяльных сетках і на сайтах знаёмстваў


Высьветлілася, што за апошні год людзі выдаткавалі ў сацыяльных сетках у 60 разоў больш, чым на сайтах знаёмстваў.

Пра гэта са спасылкай на прэсавую службу «Яндэкса» паведамляе агенцтва БелаПАН.

Паводле дадзеных дасьледаваньня, самыя буйныя траты ў жыхароў Беларусі на сэрвісах: 1) «ВКонтакте»; 2) «Мой мир»; 3) «Одноклассники»; 4) «МирТесен»; 5) «Фотострана»; 6) Vichatter; 7) «Спрашивай.ру».

У сярэднім карыстальнікі сацыяльных сетак робяць два плацяжы ў год і за адзін раз марнуюць каля 15,6 беларускага рубля. Яны аплачваюць гульні, падарункі, смайлікі, стыкеры і адзнакі, якія можна ставіць іншым карыстальнікам. Людзі плацяць таксама за прэміюм-акаўнты, трапляньне ў топ рэйтынгаў, рэжым «невідзімка» і магчымасьць паглядзець наведвальнікаў сваёй старонкі.

Больш за ўсіх на зносіны трацяць жыхары Менска, Віцебску і Гомеля. За апошні год сярэдні плацёж мінчан павялічыўся амаль на 70% да 17,4 беларускага рубля. Самыя эканомныя — карыстальнікі з Магілёва: за адзін раз яны выдаткоўваюць усяго 5,3 беларускага рубля, за год іх сярэдні рахунак скараціўся прыкладна на 13%.

На сайтах знаёмстваў жыхары Беларусі ў сярэднім робяць тры плацяжы на год, сярэдні плацёж складае 9,9 беларускага рубля. За год больш за ўсё грошай карыстальнікі выдаткавалі на сэрвісах: 1) LovePlanet; 2) Mamba; 3) Teamo; 4) eDarling; 5) FindFace; 6) Badoo.

Там людзі аплачваюць VIP-статусы, трапляньне ў топ, прасоўваньне анкет, камплімэнты і рэжым «невідзімка».

Паводле зьвестак «Яндекс.Касс», на сайтах знаёмстваў больш за ўсіх трацяць жыхары Менску, Віцебску і Брэста. Сярэдні рахунак наведвальнікаў гэтых сэрвісаў больш за ўсё вырас за год у Гомелі — на 63% да 14,2 беларускага рубля. Жыхары Горадні, наадварот, сталі эканомней ў разавых выдатках на анлайн-знаёмствы — іх сярэдні рахунак упаў да 2,7 беларускага рубля.

У дасьледаваньні ўлічваліся плацяжы, зробленыя з 31 ліпеня 2015 году па 31 ліпеня 2016 году праз «Яндекс.Кассу». Яна дазваляе сайтам прымаць аплату усімі папулярнымі спосабамі — ад банкаўскіх карт і электронных кашалькоў да мабільных рахункаў. Паводле дадзеных міжнароднай дасьледчай кампаніі MARC, у 2016 годзе «Яндекс.Касса» стала самым папулярным плацёжным рашэньнем у Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG