Афіша:
У Рэчыцы ў Гомельскай вобласьці завяршаецца двухдзённы міжнародны рок-фэстываль, у якім выступае больш за 30 гуртоў зь дзевяці краінаў. Пачатак канцэртаў а 11.00.
У Лепелі Віцебскай вобласьці пройдзе фэстываль міталёгіі «Ў госьці да Лепельскага Цмока 2016». Пачатак а 12.00.
У аграгарадку Рамель Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці пройдзе конны фэстываль «Палеская ніва-2016», на якім галоўным прызам стане племянная кабыла беларускай запражной пароды. Удзельнікам фэстывалю трэба будзе на хуткасьць і без штрафных ачкоў пераадолець паласу перашкод. Пачатак спаборніцтва а 12.00.
У гісторыі:
1928 — у Менску адкрыўся Беларускі навукова-дасьледчы інстытут сухотаў.
1932 — у Вэнэцыі адбыўся першы міжнародны кінафэстываль.
1937 — у СССР расстраляныя лідэры кампартыі Польшчы.
1941 — у Менску створаная Беларуская Незалежніцкая Партыя.
1959 — Гаваі атрымалі статус 50-га штату ЗША. Менш чым праз два гады тут народзіцца будучы прэзыдэнт Барак Абама.
1968 — войскі краінаў Арганізацыі Варшаўскага дагавора ўварваліся ў Чэхаславаччыну, каб здушыць «Праскую вясну».
1991 — у СССР пацярпеў паразу жнівеньскі путч: дэлегацыя ГКЧП прыляцела на дачу Міхаіла Гарбачова ў Фарос, Гарбачоў аднавіў сувязь са зьнешнім сьветам, адмяніў усе пастановы ГКЧП і прызначыў новых кіраўнікоў сілавых ведамстваў.
У гэты самы дзень Латвія дэкляравала аднаўленьне сваёй незалежнасьці ад СССР.
1999 — у Сафіі зь пятай спробы падарваны маўзалей, дзе да 1990 году ляжала цела камуністычнага лідэра Баўгарыі Георгія Дзімітрава.
У гэты дзень нарадзіліся:
1874 — Уладзімер Беняшэвіч, беларускі гісторык, публіцыст.
1906 — Макар Пасьлядовіч, беларускі пісьменьнік.
1908 — Міхаіл Ельяшэвіч, беларускі фізык.
Цытата:
«З даўніны сівой, далёкай
Паданьне йдзе пра цуда-Цмока,
Што у возеры ён жыў,
Мо Вадзяніку служыў,
Меў сям’ю і шмат дзяцей
І ня крыўдзіў ён людзей.
Ласаваўся рыбкай сам,
Дый хапала і гасьцям.
Жылі доўга мірна, ціха,
Але ж здарылася ліха —
Нейкі мор напаў на іх,
І забрала сьмерць усіх.
Як прайшло ўжо шмат гадоў,
Раптам Цмок зьявіўся зноў.
Ён на беразе сядзіць
І з усьмешкаю глядзіць:
— Дзякуй, люд, за успамін!
Зноў я з вамі, хоць адзін...»
Зофія Несьцярук, «Цмоку»