Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць са стратнымі прадпрыемствамі?


Чым пагражае беларускай эканоміцы рост колькасьці нерэнтабэльных прадпрыемстваў?

Глод: На чэрвень 2016 году ў Беларусі налічвалася 1700 стратных прадпрыемстваў і арганізацый. Гэта на 24,8%, амаль на чвэрць, больш, чым год таму, адзначае Белстат.

Паводле яго, удзельная вага стратных прадпрыемстваў вырасла з 18,3% да 22,8%. Чысты прыбытак ўсіх арганізацый сёлета на 20,7 % меней, чым у першай палове году летась.

З усяго гэтага ўзьнікае пытаньне: што рабіць далей? Яшчэ адно пытаньне: ці азначае рост колькасьці прадпрыемстваў, якія кепска працуюць, іх хуткае банкруцтва? І нарэшце: што можа іх выратаваць?

Сказаць, што ўрад не спрабуе ратаваць стратныя прадпрыемствы, нельга. Вось толькі адзін прыклад. Саўмін нядаўна адтэрмінаваў на год выплату пазыкаў па банкаўскіх крэдытах адкрытаму акцыянэрнаму таварыству «Краснасельскбудматэрыялы», што ў Ваўкавыскім раёне. Агульная сума пазыкаў гэтага прадпрыемства наблізілася да 50 мільёнаў даляраў. Штогод гэта лічба павялічваецца.

Чаму? Таму, што прадукцыя буйнога вытворцы будаўнічых матэрыялаў ня мае попыту. Ні ў беларусаў, ні ў расейцаў, ні ва ўкраінцаў, якія куплялі раней беларускія будаўнічыя матэрыялы, цяпер не хапае грошай. На рынак суседняй Польшчы выйсьці немагчыма. Там уся падобная прадукцыя значна таньнейшая.

Кепскія вынікі іх працы, мабыць, залежаць ня столькі ад якасьці іх мэнэджмэнту, а найперш ад агульнай канцэпцыі разьвіцьця беларускай эканомікі.

Гэта толькі адно прадпрыемства. Аднак у падобнай сытуацыі апынуліся сотні заводаў і фабрыкаў па ўсёй краіне. А гэта азначае, што гэтыя кепскія вынікі іх працы, мабыць, залежаць ня столькі ад якасьці іх мэнэджмэнту, а найперш ад агульнай канцэпцыі разьвіцьця беларускай эканомікі.

Вялікі сумнеў выклікае спроба ўраду выратаваць стратныя прадпрыемствы толькі з дапамогай крэдытаў — іх павелічэньнем, адтэрміноўкай па выплатах і нават сьпісаньнем даўгоў. Усё ж патрэбны, я думаю, больш радыкальныя захады. Тым больш, што па стане на 1 ліпеня дэбіторская запазычанасьць склала амаль 300 трыльёнаў рублёў, а крэдыторская дайшла амаль да 380 трыльёнаў. Як кажуць, у даўгах як у шаўках.

Ёсьць яшчэ адзін варыянт, які распаўсюджаны ў цывілізаваным сьвеце. Гэта — працэдура банкруцтва. Аднак любое банкруцтва — гэта страта працоўных месцаў, маштаб якой залежыць найперш ад велічыні канкрэтнага завода. Зразумела, беларускія ўлады да гэтага ставяцца вельмі насьцярожана.

Але вось зьявілася цікавая навіна. У красавіку сёлета стала даступнай для азнаямленьня праграма дзейнасьці ўраду на 2016-2020 гады. У найбліжэйшыя пяць гадоў Саўмін плянуе перадаць з рэспубліканскай у камунальную ўласнасьць бальшыню дзяржаўных актываў. Магчыма, гэта і дапаможа выправіць сытуацыю. Так лічаць некаторыя эканамісты. Іншыя экспэрты кажуць, што такія захады яшчэ больш паглыбяць горкае становішча.

Цыганкоў: Сытуацыя ў беларускай эканоміцы з кожным днём дэманструе новыя аспэкты эканамічнага крызісу. Павелічэньне колькасьці нерэнтабэльных прадпрыемстваў — толькі адзін зь іх.

Для Беларусі гэты аспэкт традыцыйна зьяўляецца адным з самых галоўных, паколькі дзяржаўныя прадпрыемствы — экспартаарыентаваная прамысловасьць — зьяўляюцца асновай беларускай эканомікі і былых эканамічных посьпехаў. Ясна, што калі зьмяншаецца чысты прыбытак арганізацыяў, то звычайна ў выніку адбываюцца дзьве рэчы.

Альбо дзяржава больш актыўна падтрымлівае гэтыя прадпрыемствы, альбо, калі гэтай падтрымкі няма, зьяўляюцца складанасьці, якія прыводзяць да таго, што альбо зьніжаецца заробак, альбо скарачаецца колькасьць людзей на гэтых прадпрыемствах. Раней пераважна ўсе 20 гадоў быў першы варыянт. Выдаваўся адмысловы дэкрэт ці указ прэзыдэнта аб падтрымцы прадпрыемства, альбо гэта было рашэньне міністэрства прамысловасьці ці Савету міністраў. Выдаваліся крэдыты ці быў асобы клопат пра экспартны патэнцыял, ці нават дапамагалі распрадаць прадукцыю ўсімі дыпляматычнымі і нават палітычнымі сродкамі.

Аляксандар Лукашэнка ў 90-я і 00-я гады выступаў такім коміваяжорам беларускіх прадпрыемстваў у Расеі.

Сам Аляксандар Лукашэнка ў 90-я і 00-я гады выступаў такім коміваяжорам беларускіх прадпрыемстваў у Расеі, дзе мясцовым уладам даказваў, якія карысныя для Расеі будуць гэтыя тавары — МАЗы, тэлевізары і г. д.

Цяпер упершыню за 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі сытуацыя кардынальна іншая. Дзяржава ўжо выбірае другі варыянт, яна кажа, разьбірайцеся самі. І мы маем скарачэньне супрацоўнікаў на прамысловых гігантах. Ці не адступяць улады ад той лініі на эканамічную стабільнасьць? Ці не перамогуць ізноў ва ўладзе прыхільнікі крэдытаваньня праблемных прадпрыемстваў?

Мне здаецца, што сёньняшні курс усё яшчэ знаходзіцца пад моцным уплывам прыхільнікаў першага падыходу, напрыклад, былога памочніка прэзыдэнта Сяргея Ткачова. Паводле гэтага падыходу трэба дапамагаць прадпрыемствам, патрэбная эмісія, каб прадпрыемствы маглі падтрымліваць сваю жыцьцяздольнасьць. Але ва ўсялякім разе зараз нашмат менш сродкаў даецца з бюджэту.

На 30% зьменшыліся замежныя інвэстыцыі ў Беларусь. Гэта таксама нядобры знак, бо калі такія прадпрыемствы хочуць выбрацца з сытуацыі, ў якой яны апынуліся, ім патрэбныя інвэстыцыі, каб закупіць новае абсталяваньне. А цяпер гэтага няма.

Дракахруст: Мы гаворым пра рост колькасьці стратных прадпрыемстваў, але мы не гаворым пра рост колькасьці прыватных стратных прадпрыемстваў. Бо прыватнае стратнае прадпрыемства — гэта супярэчнасьць у вызначэньні. Прыватнае прадпрыемства не можа доўга быць стратным.

Тое, што адбываецца ў прыватным сэктары, характарызуюць хутчэй іншыя лічбы, пра якія мы з вамі размаўлялі на мінулым тыдні — скарачэньне малога і сярэдняга бізнэсу. Гэта пераважна прыватны бізнэс, і ён рэагуе так, як ува ўсім сьвеце — банкруцтвам, закрыцьцём. Бо ён дзейнічае ў межах жорсткіх бюджэтных абмежаваньняў. Узяць грошай няма адкуль, калі ў гаспадарцы кепска.

Ну а дзяржаўныя прадпрыемствы, пра якія і ідзе гаворка, дзейнічаюць у іншых умовах, пра якія Ўладзімер вельмі красамоўна распавёў. Гэта дадатковыя крэдыты, гэта дараваньне былых крэдытаў, новыя грошы. Днямі чыноўнікі заявілі пра тое, што ў дрэваапрацоўку ў мадэрнізацыю ўклалі 2 мільярды даляраў — мала, яшчэ трэба ўкласьці. і вось будуць укладаць, знойдуць дзесьці грошы. Так што па вялікім рахунку палітыка працягваецца.

Дзяржаўныя прадпрыемствы таксама рэагуюць на шокі, але пакуль што проста скарачэньнем колькасьці працаўнікоў, а ня ўласна закрыцьцём.

Так, дзяржаўныя прадпрыемствы таксама рэагуюць на шокі, але пакуль што яны рэагуюць проста скарачэньнем колькасьці працаўнікоў, а ня ўласна закрыцьцём. І тут ёсьць і сацыяльныя, і ідэалягічныя меркаваньні. Прадаць стратнае прадпрыемства — ну як ты яго прадасі? За капейкі, зразумела. Але як жа так, гэта ж дзяржаўнае, гэта ж народнае.

З другога боку, банкруцтва дзяржаўнага прадпрыемства — таксама пэўная супярэчнасьць у вызначэньні. Банкруцтва — гэта банкруцтва ўласьніка. Дык хто абанкруціўся? Дзяржава? Гэтага не хочацца таксама прызнаваць, таму вось такая палавіністая палітыка.

Так, зроблены крок у правільным кірунку, хаця і вымушаны. Даводзіцца скарачаць колькасьць пэрсаналу, каб па меншай меры скараціць выдаткі бюджэту на падтрымку на плыву гэтых прадпрыемстваў. Але кардынальных крокаў, зразумела, пакуль не робіцца з меркаваньняў сацыяльных — куды ж людзей дзяваць? У нас жа сацыяльная дзяржава.

А што тычыцца прыватных прадпрыемстваў, то яны і так жывуць у жорсткім сьвеце, і іх колькасьць проста скарачаецца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG