На пытаньне журналіста Bild, што зробіць Анкара, калі да кастрычніка кіраўніцтва Эўразьвязу ня вырашыць станоўча пытаньне з адменай візаў для туркаў, Чавушаглу адказаў: «Альбо мы адначасова выконваем усе дамоўленасьці, альбо мы адкладаем іх убок».
Паводле турэцкага боку, бязьвізавы рэжым з ЭЗ зьяўляецца часткай дамоўленасьці з Эўразьвязам аб уцекачах. «У нас ёсьць дамовы, у адпаведнасьці зь якімі ў кастрычніку ўсе грамадзяне Турэччыны змогуць уяжджаць у Эўропу бязь візаў», — лічыць кіраўнік турэцкага МЗС.
Дамова паміж Брусэлем і Анкарой прадугледжвае, што ўсе ўцекачы, якія нелегальна прыбылі марскім шляхам да берагоў Грэцыі, павінны быць адпраўлены назад у Турэччыну. У адпаведнасьці з дамовай ЭЗ узяў на сябе абавязаньне прымаць у абмен на кожнага нелегальнага мігранта па адным легальным сырыйскім уцекачы з турэцкай тэрыторыі. Акрамя таго, Брусэль пагадзіўся выдзеліць Анкары 6 мільярдаў эўра на патрэбы ўцекачоў.