У Нігерыі ісламісцкая групоўка «Бока Харам» апублікавала відэазапіс з выкрадзенымі два гады таму школьніцамі. Экстрэмісты патрабуюць вызваліць арыштаваных чальцоў групоўкі ў абмен на вызваленьне закладніц, паведамляе ВВС.
Байцы «Бока Харам» скралі каля 300 школьніц зь нігерыйскага горада Чыбок у 2014 годзе. Па словах лідэра групоўкі, дзяўчынкі былі зьвернутыя ў іслам. Некаторым зь іх удалося ўцячы з палону. У пошуку выкрадзеных удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і іншыя краіны. У сацыяльных сетках і сусьветных СМІ прайшла кампанія #BringBackOurGirls (Вярніце нашых дзяўчынак), якую падтрымалі першая лэдзі ЗША Мішэль Абама, былы дзяржаўны сакратар Гілары Клінтан і іншыя.
Групоўка «Бока Харам» ўнесеная Радай Бясьпекі ААН у сьпіс тэрарыстычных арганізацыяў. Яе чальцы спрабуюць дамагчыся ўвядзеньня шарыяту ў Нігерыі. У 2015 годзе «Бока Харам» прысягнула на вернасьць экстрэмісцкай групоўцы «Ісламская дзяржава».