Абноўлена: МЗС: беларускі бесьпілётнік не парушаў паветранай прасторы Літвы
12 жніўня Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла ноту пратэсту беларускаму боку з-за парушэньня дзяржаўнай мяжы паветраным суднам.
Як паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС, паветранае судна неўстаноўленага тыпу «парушыла дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі ў паветранай прасторы з боку Рэспублікі Беларусь».
«Службы назіраньня за паветранай прасторай зафіксавалі, што 11 жніўня 2016 году ў 10 гадзін 37 хвілін (па літоўскім часе) паветранае судна неўстаноўленага тыпу, якое прыляцела з Рэспублікі Беларусь, два разы парушыла дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі ў паветранай прасторы каля самакіраваньня Лазьдзіяйскага раёну», — гаворыцца ў паведамленьні літоўскага МЗС.
Парушэньне паветранай прасторы працягвалася 10 хвілін.
Літоўскі бок запатрабаваў ад Беларусі як мага хутчэй даць тлумачэньні з нагоды інцыдэнту і «зрабіць усе неабходныя захады, каб у будучыні такія інцыдэнты не паўтараліся».
Прадстаўнік Зводнага штабу Літоўскай арміі капітан Томас Пакальнішкіс сказаў BNS, што «гэта мог быць і цывільны, і вайсковы, пілятаваны ці непілятаваны самалёт».
Прэс-аташэ Міністэрства абароны Літвы Аста Гальдыкайце сказала, што зьнішчальнікі паветранай паліцыі НАТО, якія нясуць дзяжурства ў Шаўляй, для суправаджэньня парушальніка не падымаліся.
Яна дадала, што цяпер вядзецца расьсьледаваньне інцыдэнту.