Вядомы ў сьвеце расейскі і амэрыканскі скульптар Эрнст Неізьвесны памёр 9 жніўня ў Нью-Ёрку.
Паводле словаў сяброў 91-гадовага мастака, сьмерць была раптоўнай — яшчэ два дні таму Неізьвесны быў адносна здаровы, з моцнымі болямі ў страўніку быў шпіталізаваны ў панядзелак позна ўвечары, а памёр у аўторак раніцай па часе Нью-Ёрка.
За свае працы Неізьвесны зазнаў крытыку з боку тагачаснага кіраўніка Савецкага Саюза Мікіты Хрушчова.
Тым ня менш, пасьля адстаўкі Хрушчова і яго сьмерці Неізьвесны стварыў надмагільны помнік былому Першаму сакратару ЦК КПСС на Новадзявочых могілках, па просьбе сваякоў Хрушчова.
Эрнст Неізьвесны эміграваў з СССР у 1976 годзе, атрымаў амэрыканскае грамадзянства.
У 1996 годзе Неізьвесны скончыў свой манумэнтальны (вышынёй у 15 мэтраў) твор «Маска смутку», прысьвечаны ахвярам рэпрэсіяў у Савецкім Саюзе. Гэтая скульптура ўсталяваная ў Магадане.
Работы мастака ёсьць і, напрыклад, ва Ўкраіне. У прыватнасьці, на ўваходзе на тэрыторыю Марскога вакзалу ў Адэсе ўсталяваная бронзавая скульптура «Залатое дзіця», а ў лягеры «Артэк» у акупаваным Крыме з 1966 году экспануецца «Прамэтэй» аўтарства Эрнста Неізьвеснага.
«На Захадзе я быў як дзіця» — архіўныя гутаркі з Эрнстам Неізьвесным можна паслухаць тут.