Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш пад бел-чырвона-белымі сьцягамі


Традыцыйна ў дзень народзінаў Ларысы Геніюш у Зэльву зьяжджаюцца людзі з розных гарадоў Беларусі, каб ушанаваць ейную памяць. Сёлета на магіле Ларысы Геніюш ў Зэльве запалілі зьнічы, усклалі кветкі актывісты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. 9 жніўня споўніцца 106 год з дня яе нараджэньня.

Слонімскі пісьменьнік і краязнаўца Сяргей Чыгрын, прамаўляючы на магіле паэткі ўзгадаў, згадаў адзін эпізод зьвязаны з Ларысай Геніюш, праўда, ужо пасьля яе сьмерці.

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын

— Недзе ў сярэдзіне 80-х гадоў у Зэльву прыехала жонка сына Ларысы Геніюш, яна павінна была прадаць яе бібліятэку Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Была ўжо такая дамоўленасьць, але раптам Нацыянальная бібліятэка адмовілася набываць бібліятэку Геніюш. Тады Валянціна Геніюш прапанавала ўсім ахвотным, хто хацеў нешта ўзяць з рэчаў і кніжак Геніюш браць проста так. Мне аб гэтым паведавіў настаўнік з Дзярэчына і мы паехалі ў Зэльву. Я тады ўзяў на памяць некалькі кніжак беларускіх пісьменьнікаў з надпісамі, якія былі падараныя Ларысе Геніюш. Вельмі шкадую, што не ўзяў ніводнай рэчы яе на памяць.

Паводле Чыгрына, тады ў доме Ларысы Геніюш быў па-сапраўднаму гатовы яе музэй, там былі ўсе рэчы якімі яна карысталася і ўся бібліятэка.

— Прыходзілі проста людзі і бралі нешта сабе: нават посуд, чайнік, ды ўсё спадарыня Валянціна аддавала, паколькі ў яе сканчалася віза і яна павінна была выехаць. Памятаю, што прыяжджалі з Менску мастакі, яны пабралі яе карціны, самапіску нехта ўзяў, якой яна пісала, і г.д. Думаю, што гэтыя рэчы захаваліся і людзі вернуць іх, калі будзем ствараць музэй. Дарэчы, тое што спадарыня Валянціна не раздала, то потым прыехала машына з быткамбіната і ўсё гэта вывезла ў невядомым накірунку...

У аўторак 9 жніўня ў дзень нараджэньня Ларысы Геніюш у Калоскай царкве ў Горадні адбудзецца малебен у яе гонар, а таксама ў бібліятэцы яе імя ў праваслаўным цэнтры пройдзе крулы стол прысьвечаны Ларысе Геніюш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG