Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату: «Украіна — кананічная тэрыторыя Канстантынопальскай Царквы»


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і Канстантынопальскі патрыярх Варфаламей, 10 сакавіка 2016 году.

Высокапастаўлены прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату заявіў, што Канстантынопаль мае поўнае права надаць аўтакефалію Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне.

Архіепіскап Іоў сказаў у інтэрвію Рэлігійна-інфармацыйнай службе Ўкраіны:

«Канстантынопаль заўсёды лічыць, што тэрыторыя Ўкраіны зьяўляецца кананічнай тэрыторыяй Канстантынопальскай Царквы. І ня трэба забываць, што менавіта на аснове Кіеўскай мітраполіі была нададзеная аўтакефалія Польскай Царквы ў 1924 годзе».

Канстантынопальскі духоўнік таксама патлумачыў, на аснове чаго Канстантынопаль даў томас адносна аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквы ў 1924 годзе:

«Канстантынопаль разглядаў Польскую Царкву як былую частку Кіеўскай мітраполіі. Як мы ведаем, пры мітрапаліце Кіпрыяне Цамблаку Кіеўская мітраполія знаходзілася ў рамках польска-літоўскай дзяржавы, гэта значыць яе межы распаўсюджваліся і на тэрыторыю Польшчы, і сучаснай Літвы. Тое ж самае прыкладна было і ў часы Пятра Магілы, які быў мітрапалітам Кіеўскім. Кіеўская мітраполія тады належала Канстантынопалю. І таму, што Польшча калісьці знаходзілася ў рамках Кіеўскай мітраполіі, а Кіеўская мітраполія была ў наўпроставым кананічным падпарадкаваньні Канстантынопалю, Канстантынопаль даў аўтакефалію Польскай Царкве ў 1924 годзе. Значыць, калі ў 1924 годзе Канстантынопаль дараваў аўтакефалію Польскай Царкве на аснове Кіеўскай мітраполіі, чаму сёньня Канстантынопаль ня меў бы права даць самой Кіеўскай мітраполіі статус аўтакефаліі? Калі гэта было магчыма ў 1924 годзе — гэта магчыма і сёньня».

Адказваючы на пытаньне пра цяжкасьці з наданьнем аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве, прадстаўнік Канстантынопальскага Патрыярхату адзначыў такі момант:

«Важна падкрэсьліць, і гэта кананічны прынцып, што на адной тэрыторыі можа быць толькі адна Царква. Гэта значыць, дзьве аўтакефальныя Цэрквы ня могуць быць адначасова на адной тэрыторыі. І для абвяшчэньня аўтакефаліі трэба адзінства Царквы. Таму менавіта над гэтым адзінствам трэба працаваць».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG