Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыезд Пуціна ў Славенію спрычыніў шматкілямэтровыя заторы на дарогах


Уладзімір Пуцін і Барут Пахор
Уладзімір Пуцін і Барут Пахор

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін наведаў балканскую дзяржаву Славенію, якая зьяўляецца чальцом Эўразьвязу і НАТО, але хоча таксама захоўваць сяброўскія адносіны з Масквой.

У Славеніі назвалі аднадзённы візыт расейскага лідэра нефармальным і зазначылі, што перамовы Пуціна зь лідэрамі краіны будуць сканцэнтраваныя на эканамічных пытаньнях і пытаньнях двухбаковага супрацоўніцтва.

Пуцін адкрыў у славенскай сталіцы Любляне помнік «сынам Расеі» — у гонар расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў Славеніі ў Першай і Другой сусьветнай войнах.

Разам з прэзыдэнтам Славеніі Барутам Пахорам расейскі лідэр усклаў кветкі да мэмарыялу расейскім вайскоўцам.

У сваім выступе славенскі прэзыдэнт адзначыў, што «за Першай і Другой сусьветнымі войнамі можа рушыць усьлед Трэцяя». «Мы ўсе ня маем права дапусьціць гэтага», — указаў Пахор.

«Мы ня толькі павінны памятаць жахі вайны, але разам працаваць над умацаваньнем ўзаемаразуменьня, даверу і бясьпекі ў Эўропе і сьвеце», — заявіў Пуцін.

Славенія, як член Эўразьвязу, выконвае рашэньне гэтай структуры па санкцыях супраць Расеі, уведзеных праз анэксію Крыма і ролю Масквы ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.

З-за прыезду Пуціна быў перакрыты тунэль Караванкі — асноўная транспартная артэрыя, па якой турысты едуць на адпачынак у Харватыю і Італію. На аўстра-славенскай мяжы ўтварыліся заторы, якія даходзілі да некалкіх дзясяткаў кілямэтраў у даўжыню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG