Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 31 ліпеня 2016: Сьвята паэзіі і песьні ў Ракуцёўшчыне


Купальле ў Ракуцёўшчыне (на першым пляне Сяргей Вітушка ў цэнтры), 1986 год
Купальле ў Ракуцёўшчыне (на першым пляне Сяргей Вітушка ў цэнтры), 1986 год

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Сьвята паэзіі і песьні «Ракуцёўскае лета—2016» пройдзе ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёну. А 12.00 у рамках сьвята пачнецца літаратурна-музычная імпрэза, у якой возьмуць удзел вядомыя дзеячы культуры і мастацтваў Беларусі: пісьменьнікі — Навум Гальпяровіч, Людміла Рублеўская, Людміла Хейдарава, Валярына Кустава, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Зьміцер Арцюх, Тацяна Нядбай, Серж Мінскевіч; музыкі — Алесь Камоцкі, Вольга Акуліч, Алеся Сівохіна.

На аэрадроме «Баравая» каля Менску пройдзе другі дзень фэстывалю авіяцыйнага спорту. Пачатак а 10.00.

У гісторыі:

1802 — нарадзіўся Ігнат Дамейка, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху Беларусі, славуты чылійскі навуковец, які паходзіў з маёнтку Мядзьведка Наваградзкага павету (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласьці).

1920 — Літоўска-Беларуская ССР спыніла існаваньне, адбылося другое абвяшчэньне БССР.

У 1949 годзе — на першым кангрэсе беларусаў у ЗША створана арганізацыя «Беларуска-амэрыканскае Задзіночаньне» (БАЗА).
1966 — у Беларусі аднавілі 17 раней зьліквідаваных раёнаў.



2006 — Фідэль Кастра (нар. 1926) перадаў уладу на Кубе свайму брату Раулю Кастра (нар. 1931).

У памяці:

1556 — памёр Ігнацы Лаёла, заснавальнік Таварыства Ісуса (ордэну езуітаў), залічаны да сьвятых.

1886 — памёр Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар.

1944 — загінуў пісьменьнік Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, аўтар сусьветна вядомых «Маленькага прынца» і «Плянэты людзей». Вайсковы пілёт Экзюпэры не вярнуўся з выведнага палёту. Адшукаць яго і ягоны самалёт так і не ўдалося.

Цытата:

«Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
He для забаў, не для гульбы —
А пошук ісьціны да скону.

Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.

Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вугольлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зьняволеньня і волі?

Ты — сум, паэзія. Ты — суд
I мрояў нашых, і зьдзяйсьненьняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненьняў!

Ты — яд, паэзія. Ты — сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім — каторы год падрад! —
Мае збалела сьмягнуць вусны...

Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязьмежжа!..»


Леанід Галубовіч, «Паэзія»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG