Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым галоўны козыр Гілары Клінтан


Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Ільяш.


Карбалевіч: Былы дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан пагадзілася быць кандыдатам у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі на ўсеагульных выбарах 8 лістапада. Фармальную згоду Клінтан дала, выступаючы на зьезьдзе партыі ў Філядэльфіі, у адпаведнасьці з амэрыканскімі палітычнымі традыцыямі.

Адначасова яна выступіла з праграмнай прамовай, якая цягнулася 50 хвілін, дзе выказала асноўныя тэзы, якія будзе агучваць падчас выбарчай кампаніі. Не выпадкова свой зьезд дэмакраты правялі ў Філядэльфіі. Менавіта тут была падпісана Дэклярацыя аб незалежнасьці ЗША

Калі казаць пра замежную палітыку, то зьвярнуў бы ўвагу на дзьве тэзы. Кандыдат Дэмакратычнай партыі ў прэзыдэнты ЗША Гілары Клінтан заявіла аб падтрымцы НАТО ў барацьбе з «расейскай пагрозай». Таксама экс-дзяржсакратар паабяцала «нанесьці паразу» ворагам ЗША. Асобна яна спынілася на барацьбе з групоўкай «Ісламская дзяржава» «Мы будзем біць іх з паветра і падтрымліваць мясцовыя сілы ў тым, каб разьбіць іх на зямлі», — сказала Клінтан. То бок, гэта працяг той лініі, якой прытрымліваецца дзейны прэзыдэнт Барак Абама

Гілары Клінтан заявіла аб падтрымцы НАТО ў барацьбе з «расейскай пагрозай», а таксама паабяцала «нанесьці паразу» ворагам ЗША.

Кандыдат у прэзыдэнты адзначыла, што яе галоўным прыярытэтам будзе бясьпека амэрыканцаў.

Як і прынята ў правілах жанру, Клінтан моцна крытыкавала галоўнага суперніка, кандыдата Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа. На яе думку, Трамп ня можа быць Вярхоўным галоўнакамандуючым, таму што яму нельга давяраць ядзерную зброю.

Менавіта ў піку Трампу Клінтан агучыла свой галоўны слоган выбарчай кампаніі: «Разам мы мацнейшыя». Гэта намёк на тое, што Трамп расколвае амэрыканскую нацыю — сваімі радыкальнымі заявамі, якія выклікаюць моцнае абурэньне ў шмат каго з амэрыканцаў.

Сам Трамп, камэнтуючы выступ сваёй суперніцы, заявіў, што Гілары Клінтан «знаходзіцца пад поўным кантролем буйных амэрыканскіх карпарацый і не гатовая кіраваць краінай». Улюбёная тэза Трампа.

Праграмная прамова Гілары Клінтан, якой завяршыўся зьезд Дэмакратычнай партыі ЗША, выклікала большую ўхвалу тэлегледачоў, чым выступ рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа.

Выступ Клінтан, як адзначае CNN, быў «вельмі пазытыўна» ўспрыняты 71 адсоткамі амэрыканцаў. 60 адсоткаў выказалі гатоўнасьць галасаваць за яе на выбарах 8 лістапада. Толькі 12 адсоткаў амэрыканцаў нэгатыўна ўспрынялі выступ кандыдата ад дэмакратаў.

Глод: Валер Карбалевіч акцэнтаваў увагу на зьнешнепалітычнай частцы праграмы кандыдата на прэзыдэнта ЗША ад Дэмакратычнай партыі. А што тычыцца ўнутранай палітыкі, то ў сваім заключным слове спадарыня Клінтан акцэнтавала ўвагу на неабходнасьці пабудаваць новую эканоміку зь вялікімі магчымасьцямі для ўсіх амэрыканцаў. Мне падаецца, гэта правільны выбарчы крок. Усё ж бальшыня насельніцтва Злучаных Штатаў шмат гаворыць аб маёмаснай няроўнасьці, аб неабходнасьці абмежаваць апэтыты транснацыянальных карпарацый і інвэстыцыйных банкаў. Так званыя «залатыя парашуты» буйных чыноўнікаў не пакінулі абыякавымі да гэтага мноства грамадзянаў ЗША.

Чаканьні дэмакратаў на амаль поўную падтрымку Клінтан жанчынамі апраўдваюцца не зусім. Дэмакраты думалі, што жаночыя галасы разьмяркуюцца паміж Клінтан і Трампам у суадносінах 70% на 30%. Але цяпер гэта суадносіны складаюць 60% на 40%.

Думаю, прывабнымі для выбарцаў стануць і ідэі адраджэньня лідэрства ЗША ў сьвеце, і варыянты адказаў на шматлікія выклікі, зь якімі сутыкаецца сёньня Амэрыка. Хоць, як мне падаецца, адпаведныя тэзы Дональда Трампа тут больш прывабныя для амэрыканцаў. Абодва кандыдаты ідуць на выбары зь лёзунгам «Амэрыка перадусім». Абодва заяўляюць: «Расея павінна адчуць рашучасьць ЗША».

Думаю, што тут Клінтан лепш падрыхтаваная за свайго суперніка. Усё ж яна папрацавала Дзяржсакратаром, што ў перакладзе на прывычную для беларусаў мову азначае міністрам замежных спраў. Невыпадкова набліжаныя да Гілары Клінтан палітолягі сьцьвярджаюць, што калі б прэзыдэнтам апошнія чатыры гады быў не Барак Абама, а Гілары Клінтан, то «Сырыйская свабодная армія» даўно б ужо ўзяла Дамаск, Расея і Кітай не паводзілі б сябе гэтак «абуральна», украінская армія, узброеная найноўшай амэрыканскай зброяй, аднавіла б кантроль над Данбасам, а саюзьнікі ЗША адчувалі б сябе ў большай бясьпецы.

Вяртаючыся да ўнутраных амэрыканскіх спраў, я зьвярнуў увагу на выступ на зьезьдзе дэмакратаў былога прэзыдэнт ЗША Біла Клінтана — мужа Гілары. Ён казаў пра неабходнасьць згуртавацца супраць рэспубліканскага кандыдата Дональда Трампа, чые скандальныя заявы рэгулярна выклікаюць абурэньне каляровага электарату ЗША і жанчын, якіх мільярдэр таксама пасьпеў неаднаразова абразіць.

Дарэчы, паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, чаканьні дэмакратаў на амаль поўную падтрымку Клінтан жанчынамі апраўдваюцца не зусім. Дэмакраты думалі, што жаночыя галасы разьмяркуюцца паміж Клінтан і Трампам у суадносінах 70% на 30%. Але цяпер гэта суадносіны складаюць 60% на 40%. Аднак і гэта даволі істотная перавага. Акрамя таго, удзел у выбарах Трампа гуртуе этнічныя меншасьці ЗША. Калі Трамп ня зьменіць сваю перадвыбарчую стратэгію і ня зьменшыць градус папулісцкіх і ксэнафобскіх заяў, гэта можа адыграць вырашальную ролю на выбарах прэзыдэнта ЗША ў лістападзе.

Ільяш: Канешне, выбары ў ЗША гэта ня выбары ў Беларусі — тут прагназаваць канчатковы вынік вельмі цяжка. Няпроста ацэньваць і тое, наколькі можа быць прыцягальнай праграма Клінтан. Тыя лічбы, якія агучыў Валер Карбалевіч, быццам бы сьведчаць пра пазытыўнае стаўленьне амэрыканцаў для тэзісаў кандыдата ад Дэмакратычнай партыі, але ж выбары яшчэ ня заўтра, і гэта стаўленьне яшчэ можа зьмяніцца пад уплывам тых ці іншых зьнешніх ці ўнутраных чыньнікаў. У любым выпадку, даваць нейкія адназначныя прагнозы было б памылковым.

Клінтан працягвае лінію ў амэрыканскай палітыцы, якую можна лічыць традыцыйнай. Трамп жа прапаноўвае адмову ад шэрагу рысаў, характэрных для амэрыканскай палітыкі. Ці сасьпелі амэрыканцы да «рэвалюцыйных зьменаў імя Трампа»?

Але мне ўсё ж здаецца, што Клінтан са сваёй праграмай мае больш шансаў на посьпех, чым яе апанэнт з рэспубліканскай партыі. Клінтан у асноўным працягвае і разьвівае тую, так бы мовіць, прагрэсіўную лінію ў амэрыканскай палітыцы, якую можна лічыць традыцыйнай, да якой усе мы прывыклі, прынамсі, у апошнія дзесяцігодзьдзі. Трамп жа, зь ягонай лявацкай і папулісцкай рыторыкай, фактычна прапаноўвае прынцыповую зьмену канцэпцыі, адмову ад шэрагу рысаў, характэрных для амэрыканскай палітыкі (той жа паліткарэктнасьці, прагрэсіўнасьці і г.д.). Ці сасьпелі амэрыканцы да «рэвалюцыйных зьменаў імя Трампа»? Мне здаецца, што пакуль яшчэ не. Менавіта ў гэтым, думаю, галоўны козыр Клінтан, а ня ў канкрэтных якасьцях, канкрэтных тэзісах яе праграмы.

Карбалевіч: Гілары Клінтан у пэўным сэнсе закладніца палітыкі прэзыдэнта Барака Абамы як прадстаўніка дэмакратычнай партыі. А рэйтынг Абамы цяпер ня вельмі вялікі. Асабліва рэзкай крытыцы ён падвяргаецца за замежную палітыку. Экспэрты і палітыкі, кангрэсмэны кажуць, што гэта палітыка слабая, нібыта пры Абаму ЗША прадэманстравалі сваю слабасьць, пры гэтым кажуць і пра сытуацыю вакол Украіны, і вакол «Ісламскай дзяржавы», і пра ўсё іншае. Зразумела, што цень гэтых мінусаў замежнай палітыкі Барака Абамы непазьбежна кладзецца і на Клінтан. Таму яна цяпер спрабуе прадэманстраваць рашучасьць. Адсюль такія рэзкія заявы і адносна Расеі, і адносна падтрымкі НАТО, і сытуацыі на Блізкім Усходзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG