Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да захопленага ўзброенай групай паліцэйскага будынку ў Ерэване рухаецца шэсьце. Відэа


Каля дзьвюх тысяч чалавек накіроўваюцца да захопленага ўзброенай групай будынка паліцыі ў Ерэване, паведамляе карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс».

Раней намесьнік начальніка паліцыі Ерэвану палкоўнік Валеры Асіпян заявіў арганізатарам мітынгу, што шэсьце ня можа наблізіцца да прылеглай да будынку тэрыторыі, бо «там ажыцьцяўляюцца спэцыяльныя мерапрыемствы па забесьпячэньні бясьпекі».

Некалькі дзён Асіпян правёў у якасьці закладніка ўзброенай групоўкі.

Захопленая тэрыторыя і бліжэйшыя вуліцы ачэпленыя ўзмоцненымі нарадамі паліцыі.

Удзельнікі шэсьця раней правялі мітынг на плошчы Свабоды ў цэнтры Ерэвану ў падтрымку ўзброенай групы «Сасна црер».


Сёньня раней Служба нацыянальнай бясьпекі Армэніі папярэдзіла аб магчымасьці ўжываньня агнястрэльнай зброі дзеля «прадухіленьня або стрыманьня злачынных дзеяньняў» альбо ў выпадку «спробы пранікненьня без дазволу на тэрыторыю, заблякаваную з мэтай правядзеньня спэцыяльных мерапрыемстваў».

17 ліпеня сябры групы «Сасна црер» узялі закладнікаў у аддзеле паліцыі ў Ерэване. У суботу закладнікаў вызвалілі, але ўдзельнікі групы зброі ня склалі і патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта і вызваленьня апазыцыйнага палітыка Жырайра Сэфіляна.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру па глябалізацыі і рэгіянальным супрацоўніцтве Армэніі Сьцяпан Грыгаран у інтэрвію Бі-Бі-Сі так пракамэнтаваў узброены захоп аддзяленьня паліцыі:

«Тое, што гэтая група адпусьціла апошніх чатырох паліцэйскіх, якіх трымала ў закладніках, даказвае, што яны ніякія не тэрарысты. Гэта людзі, якіх да такой формы барацьбы давялі ўлады, — кажа ён. — Калі народ ня можа зьмяніць сваю ўладу праз выбары, сацыяльная сытуацыя цяжкая, карупцыя велізарная і ўлада толькі імітуе рэформы, відавочна, што знаходзяцца людзі, якія вырашаюць змагацца ўзброеным спосабам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG