Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька «не дарос», каб лічыць бюлетэні


Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

27 ліпеня ў Беларусі завяршаецца фармаваньне ўчастковых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Менавіта людзі, якія ўвойдуць у гэтыя камісіі, будуць непасрэдна лічыць бюлетэні.

У выбарчых штабах апазыцыйных палітычных партыяў пакуль ёсьць толькі «кропкавыя» зьвесткі. Так, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў Свабодзе:

«Я падаў заяву на ўключэньне мяне ва ўчастковую камісію Ўсходняй выбарчай акругі № 107, дзе спрабуе балятавацца прадстаўніца нашай партыі Вольга Маёрава. Атрымаў адмоўны адказ. Зразумеў, што дзьвюх маіх вышэйшых адукацый і працы ў сапраўдным парлямэнце недастаткова, каб мяне дапусьцілі да падліку бюлетэняў.

Я думаю, што ў сталіцы чакаць нашага прадстаўніцтва ва ўчастковых камісіях не выпадае. Нават такім дасьведчаным людзям, як Аляксандар Дабравольскі альбо Валянціна Палевікова. Калі кагосьці і прапусьцяць, то, натуральна, гэта будзе дзесьці на пэрыфэрыі. Як, напрыклад, у Мёрах, дзе ў склад камісіяў уключылі трох нашых актывістаў».

Цяпер спадар Лябедзька разам з Вольгай Маёравай знаходзіцца ў адміністрацыі Савецкага раёну Менску, на тэрыторыі якога знаходзіцца 107-я выбарчая акруга. Яны спрабуюць атрымаць тлумачэньне, чаму прадстаўнікам АГП зманілі пра дату і час правядзеньня пасяджэньня акруговай камісіі, дзе вырашалі, каго ўключыць ва ўчастковыя камісіі.

«Я зрабіў першае параўнаньне з папярэднімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія праводзіліся чатыры гады таму, — распавядае Свабодзе кіраўнік выбарчага штабу партыі „Справядлівы сьвет“ Валер Ухналёў. — Зараз сытуацыя для нас горшая. Вось, прыклады, у Оршы мы падавалі заяўкі на 19 чалавек, дапусьцілі да падліку галасоў толькі 5. У Берасьці з 17 кандыдатаў, далі дабро толькі 5. У 2012 годзе нашых лічыльнікаў у гэтых рэгіёнах было болей».

«Першым у наш штаб патэлефанаваў патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па Сеньніцкай выбарчай акрузе Ільля Дабратвор, — гаворыць адказны сакратар управы Партыі БНФ Зьміцер Салошкін. — Там мы прапаноўвалі 25 чалавек для падліку галасоў. Зацьвердзілі толькі трох».

Лічыць бюлетэні па ўсіх 110 акругах хочуць 73 тысячы чалавек, зь іх ад апазыцыі — 514.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG