Улады Нямеччыны праводзяць праверку ў дачыненьні да 60 асобаў, якія зьвярнуліся па прытулак і якіх падазраюць у магчымых сувязях з тэрарыстычнымі арганізацыямі.
Пра гэта паведаміла Фэдэральнае ведамства крымінальнай паліцыі.
«Прымаючы пад увагу рух мігрантаў у Нямеччыну, які працягваецца, мы мяркуем, што сярод уцекачоў існуюць актыўныя дзеячы і прыхільнікі тэрарыстычных арганізацыяў і ісламісцкіх ваенных злачынцаў», — гаворыцца ў заяве.
У заяве адзначаецца, што паліцыя цяпер ня мае якіх-небудзь канкрэтных зьвестак пра пляны ў дачыненьні да падрыхтоўкі нападаў. У заяве гаворыцца, што паліцыя атрымала ў агульнай колькасьці 410 паведамленьняў ад мясцовых органаў улады ў 16 фэдэральных землях Нямеччыны аб магчымых тэрарыстах сярод уцекачоў.
За апошні тыдзень у Нямеччыне адбыліся чатыры напады на людзей у грамадзкіх месцах, прычым тры зь іх ажыцьцяўляліся асобамі, якія зьвярнуліся па прытулак.
Міністар унутраных спраў Томас дэ Мэзьер заявіў, што было б няправільна падазраваць усіх уцекачоў, нават калі ёсьць зьвесткі ў дачыненьні да пэўных асобаў. Дэ Мэзьер заклікаў да таго, каб межы Нямеччыны «былі лепш абаронены, не замінаючы, аднак, уцекачам трапляць у краіну юрыдычнымі і бясьпечнымі спосабамі — у разумнай колькасьці».
За апошні тыдзень у Нямеччыне адбыліся чатыры напады на людзей у грамадзкіх месцах, прычым тры зь іх ажыцьцяўляліся асобамі, якія зьвярнуліся па прытулак.
Больш за мільён асобаў, якія просяць даць ім прытулак, прыбылі ў Нямеччыну цягам апошняга году, многія зьбеглі з Аўганістану, Сырыі і Іраку, ахопленых узброенымі канфліктамі.