Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 ліпеня: пахаваньне Паўла Шарамета ў Менску


Павел Шарамет
Павел Шарамет

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

На Паўночных могілках у Менску пахаваюць забітага ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета. Разьвітаньне з журналістам пройдзе ў храме Ўсіх Сьвятых (вул. Каліноўскага, 121).

У Музэйным комплексе старажытных народных рамёстваў і тэхналёгій «Дудуткі» ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці адбудзецца тэатралізаваная рэканструкцыя бітвы пад Грунвальдам 1410 году. Пачатак а 15.00.

У Гарадку на Падляшшы пройдзе другі дзень фэстывалю музыкі беларускай моладзі «Басовішча 2016». Пачатак канцэртаў а 18.00.

У Менску на плошчы Свабоды адбудзецца канцэрт музыкі барока. Творы Вівальдзі, Баха, Гендэля, Тэлемана будуць выкананы малымі ансамблямі і аркестравым складам «Камэрныя салісты Менску». Пачатак а 20.00.

У гісторыі:

1914 — Аўстра-Вугорская імпэрыя пасьля забойства спадкаемца трону эрц-герцага Фэрдынанда выставіла ўльтыматум Сэрбіі. Адмова Бялграду прыняць умовы ўльтыматуму прывяла да абвяшчэньня вайны.

1922 — Мітрапалітам Беларускім і Менскім абраны Мэльхісэдэк. Ягонымі намаганьнямі беларуская праваслаўная царква ўстала на шлях аўтакефаліі і незалежнасьці ад Масквы. Мэльхісэдэк трапіў пад пільны кантроль ГПУ, ня раз зьведаў арышты, а ўрэшце быў сасланы ў Краснаярск. Празь некалькі гадоў змагар за аўтакефалію беларускага праваслаўя памёр пры загадкавых абставінах.

1951 — у Ракенкорце (Францыя) адкрыта штаб-кватэра НАТО.

1952 — група вайскоўцаў на чале з Гамалем Абдэлем Насерам зладзіла ў Эгіпце вайсковы пераварот, у выніку якога была ліквідаваная манархія і абвешчаная рэспубліка.

1993 — адбыўся візыт беларускай дзяржаўнай дэлегацыі на чале са старшынём Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам у ЗША. Гэта быў першы такога ўзроўню візыт кіраўніка незалежнай Беларусі ў Амэрыку.

У памяці:

1916 — памёр Уільям Рамзай, ангельскі хімік і фізык, адкрывальнік інэртных газаў аргону, нэону, крыптону і ксэнону, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі (1904).

1995 — памёр Алесь Ставер, беларускі паэт, празаік, драматург.

Цытата:

«Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палесьсе ляцяць.

Што ім тыя пагоды паўднёвыя!

Што ім пышны плятанавы рай,

Калі клічуць іх далі сасновыя

I азёрны рабінавы край.

Сакавітыя пожні мурожныя

He заменіш нічым і нідзе,

I зямлю, дзе сьцяжыначка кожная

У прыветлівы двор прывядзе.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Зразумееш тады, чаму з выраю

Жураўлі на Палесьсе ляцяць».

Алесь Ставер, «Жураўлі на Палесьсе ляцяць»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG