Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар-эндаскапіст за хабар дапамагаў прызыўнікам імітаваць язву страўніка


Упраўленьне Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці паведаміла пра заканчэньне дасьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да лекара-эндаскапіста — той за хабар дапамагаў прызыўнікам ухіляцца ад вайсковай службы.

Вядомыя прынамсі чацьвёра прызыўнікоў, якім лекар па просьбе знаёмага дапамог імітаваць язвавую хваробу страўніка. Такая хвароба служыць падставай для вызваленьня хлапцоў ад вайсковай службы ў мірны час.

Каб усё выглядала як мага натуральней, лекар праз уведзены ў страўнік эндаскоп адшчыкваў там фрагмэнты сьлізістай абалонкі, а пасьля даваў інструкцыю, як правільна імітаваць хваробу на мэдычнай камісіі для прызыўнікоў.

За такую паслугу лекар атрымліваў ад 100 да 200 даляраў.

Сьледзтва кваліфікавала дзеяньні лекара паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу — атрыманьне незаконнага ўзнагароджаньня, спрыяньне ва ўхіленьні ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу шляхам наўмыснага прычыненьня цялеснага пашкоджаньня, сымуляцыя захворваньня.

Прававую ацэнку ў гэтай справе маюць даць дзеяньням і пасярэднікаў, і саміх прызыўнікоў.

На Гомельшчыне гэта не адзінкавы выпадак, калі лекары за хабар спрабуюць дапамагчы прызыўнікам пазьбегнуць войска.

Тыдзень таму Мазырскі раённы суд абвясьціў вырак начальніку аддзелу прызыву райваенкамату, лекару-траўматолягу гарадзкога шпіталя і іхняму прыяцелю, 23-гадоваму прадпрымальніку. Апошні падбухторваў прызыўнікоў даваць хабар, каб іх прызналі непрыдатнымі да вайсковай службы, частку грошай перадаваў за спрыяньне начальніку аддзелу прызыву райваенкамату. А начальнік дамаўляўся зь лекарам, каб той, таксама за ўзнагароду, ставіў навабранцам ілжывы дыягназ пра захворваньне. Паслуга ацэньвалася ў 1000–1500 даляраў. Выяўлены больш за дзясятак эпізодаў.

У злачынным ланцужку асаблівую актыўнасьць выяўляў малады прадпрымальнік, які, бывала, наагул нікому не перадаваў грошы. Проста займаўся махлярствам. Ён пакараны пяцьцю гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Шэсьць з паловай гадоў калёніі атрымаў супрацоўнік ваенкамату — і таксама з канфіскацыяй маёмасьці.

Лекар-траўматоляг прызнаны вінаватым у хабары, замаху на хабар, паўторна, групай асобаў паводле папярэдняй змовы. Пакараньне — тры гады і адзін месяц зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Вырак яшчэ не набыў юрыдычнай моцы і можа быць абскарджаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG