Таксама, згодна з рашэньнем ўкраінскага парлямэнту, у рамках закону аб дэкамунізацыі новыя назвы атрымалі яшчэ некалькі населеных пунктаў і адзін раён у Мікалаеўскай, Адэскай і Харкаўскай абласьцях, паведамляе УНІАН.
Марка Крапіўніцкі — украінскі пісьменьнік, актор і драматург родам з Кіраваградзкай вобласьці, адзін з заснавальнікаў украінскага тэатру. Адмаўляўся перакладаць свае творы на расейскую мову.
У траўні Вярхоўная Рада пераназвала гарады Днепрапятроўск і Днепрадзяржынск. Першы цяпер называецца Дняпром, а другі — Каменскім.
У Кіеве, згодна з рашэньнем гарадзкой рады, на мінулым тыдні Маскоўскі праспэкт перайменавалі ў праспэкт Сьцяпана Бандэры, а вуліцы расейскіх генэралаў Кутузава і Суворава носяць цяпер імёны генэрала Алмазава і Міхаіла Емяльяновіча-Паўленкі.
5 траўня прэзыдэнт Парашэнка падпісаў прыняты раней Вярхоўнай Радай закон «Аб асуджэньні камуністычнага і нацысцкага таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне і забароне прапаганды іх сымболікі». Закон, у прыватнасьці, загадвае зьмяніць усе геаграфічныя назвы, якія зьвязаны з савецкім партыйным кіраўніцтвам.
Ўкраінскі парлямэнт прыняў рашэньне перайменаваць 74 населеныя пункты ў Данбасе і 75 у анэксаваным Расеяй Крыме.