Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп сустрэўся з элітай рэспубліканцаў. Пераканаў ня ўсіх


18-21 ліпеня ў Агаё будзе праходзіць Канвэнт (зьезд) Рэспубліканскай Партыі ЗША. На ім будзе прынятае важнае рашэньне: падтрымае ці не партыя мільярдэра Дональда Трампа на маючых адбыцца выбарах прэзыдэнта ЗША.

Пакуль што меркаваньні кіраўніцтва партыі адносна Трампа падзяліліся. Гэта добра паказала сустрэча мільярдэра з заканадаўцамі з Сэнату і Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, якая прайшла на мінулым тыдні. Адны рэспубліканцы гатовыя прыняць кандыдатуру мільярдэра, у іншых — застаюцца сумневы. Тым ня менш, некаторыя зь іх, упершыню сустрэўшыся з Трампам, ацанілі сустрэчу як пасьпяховую.

«Я быў прыемна зьдзіўлены, — распавядае кангрэсмэн-рэспубліканец Стыў Расэл. — Я ня ведаў, чаго чакаць, аднак пачуў вельмі пазытыўны мэсыдж. Я нават маю надзеі».

«Трамп быў вельмі ўцягнуты ў гутарку з намі, як, зрэшты, і заўсёды. Але мы — слухачы ня зь лёгкіх, — распавядае Дэвід Філ Ро — Мы ўсе палітыкі са стажам, гэта наша праца. Ён зрабіў вельмі добрае ўражаньне».

Трамп пачаў сустрэчу з рэспубліканскай «верхавінай» з абдымкаў і абменам жартамі са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Полам Раянам. Раян быў вымушаны ня раз адказваць на пытаньні пра Трампа, пачынаючы з траўня, калі ён афіцыйна падтрымаў Трампаву кандыдатуру

«У нас адбыўся вельмі добры абмен думкамі з нагоды палітыкі і многіх іншых ідэй», — сказаў Раян.

Але пазыцыю Раяна падзяляюць ня ўсе яго аднапартыйцы. Трамп сутыкнуўся з крытыкай у партыі празь некаторыя свае заявы, і многія заканадаўцы лічаць, што асабістага кантакту з кандыдатам недастаткова, каб разьвеяць іх сумневы.

«Я выказваў сваю заклапочанасьць з нагоды шматлікіх камэнтараў, што распальваюць варожасьць, і адсутнасьці выразнай палітыкі, — прызнаўся Чарлі Дэнт. — Некалькі прапаноў, якія мы пачулі, часта былі супярэчлівымі. Таму я прыйшоў на сустрэчу і сышоў зь яе з сумневамі».

«У многіх маіх калег застаюцца пытаньні, — паўтарае за Дэнтам Марк Сэнфард. — Я — адзін з тых, хто яшчэ сумняваецца, — у прыватнасьці, з-за тону і агульнага зьместу».

Кангрэсмэн Пітэр Кінг выказаў занепакоенасьць у сувязі з мінулым Трампа, аднак у цэлым ахарактарызаваў сустрэчу як пазытыўную.

«Калі тое, як прайшла сёньняшняя сустрэча, стане нормай, то гэтая кампанія будзе надзвычай эфэктыўнай», — лічыць ён. — Многім рэспубліканцам прыняць Трампа лягчэй, чым дапусьціць магчымасьць прэзыдэнцтва дэмакрата Гілары Клінтан».

«Нам неабходна, каб ён перамог, — перакананы Джо Бартан. — Мы стаміліся ад прэзыдэнта Абамы, і мы ня хочам прэзыдэнта Клінтан. Я маю на ўвазе, што мы хочам перамогі Трампа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG