Саміт НАТО ў Варшаве шукае адказ на выклікі бясьпецы ў Эўропе, якія зьявіліся пасьля анэксіі і акупацыі Расеяй украінскага Крыму, а таксама ваенныйх дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны.
Як чакаецца, будзе прынятае рашэньне аб знаходжаньні ратацыйных батальёнаў НАТО колькасьцю да тысячы салдат кожны. Ключавымі краінамі для батальёнаў у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы будуць — адпаведна — Вялікабрытанія, Канада, Нямеччына і ЗША.
Як сказаў у інтэрвію Радыё Свабода міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, пытаньне не ў канкрэтна ўзятым батальёне — абароніць ці не ён уразьлівыя краіны Балтыі, якія адчуваюць сябе некамфортна на тле наступальнай палітыкі Крамля ў рэгіёне.
«Асобны батальён, шчыра кажучы, ня можа шмат зрабіць, і мы не гаворым пра разьмяшчэньне аднаго батальёна, а пра сыстэму, пра далучэньне, пра рамкі, пра ратацыю шматнацыянальных войскаў. І гэта больш важна. І мы ўбачым прысутнасьць войскаў нашых саюзьнікаў у некалькі разоў большую на нашай тэрыторыі і навокал. І гэта дасьць нам больш упэўненасьці і бясьпекі — і менавіта гэтага мы і чакаем», — сказаў кіраўнік літоўскай дыпляматыі.
На саміце таксама абмяркоўваецца ўзмацненьне паўднёвай часткі ўсходняга флянгу НАТО — у Чарнаморскім рэгіёне. У прыватнасьці, ёсьць ідэя ператварыць брыгаду ў Румыніі ў шматнацыянальную з колькасьцю ад трох да пяці тысяч чалавек.
Падтрымка Ўкраіны
Украіна спадзяецца атрымаць на саміце НАТО пакет комплекснай дапамогі для рэфармаваньня свайго абарончага сэктару і сэктару бясьпекі.
«Мы б хацелі атрымаць сыгнал аб далейшай палітычнай падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту Ўкраіны. Мы разьлічваем, што гэта будзе адлюстравана ва ўсіх дакумэнтах саміту, а ня толькі ў палітычнай дэклярацыі па выніках камісіі Ўкраіна-НАТО», — сказала ў інтэрвію Радыё Свабода віцэ-прэмʼер ураду Ўкраіны па пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Івана Клімпуш-Цынцадзэ.
«Мы чакаем, што будзе пацьверджаны і ўхвалены комплексны пакет дапамогі Ўкраіне. Ён сапраўды беспрэцэдэнтны і надзвычай шырокі для краіны-партнэра. Але нам таксама хацелася б атрымаць пацьвярджэньне, што дзьверы НАТО застаюцца адкрытымі, калі краіна, напрыклад, будзе гатовая падаць заяўку на плян дзеяньняў адносна сяброўства. І што гэтая заяўка будзе прынятая», — дадала віцэ-прэмʼер.
Паводле яе, ва ўкраінскім грамадзтве пакуль няма «паўнавартаснага разуменьня таго, што ж такое НАТО». Бо гаворка ідзе ня толькі аб вайсковым альянсе, а аб ваенна-палітычным з каштоўнасьцямі і прынцыпамі, якія даюць магчымасьць зьменаў у грамадзтве і дзяржаве.
Памочнік намесьніка генэральнага сакратара НАТО Джэймс Апатурай са свайго боку, раіць пакуль засяродзіцца на рэформах.
«Выклік цяпер для Ўкраіны — не сяброўства ў НАТО. І кіраўніцтва ў Кіеве, і прэзыдэнт Парашэнка дакладна кажуць пра тое, што сяброўства — цяпер не прыярытэт. Прыярытэт цяпер — вярнуць тэрыторыі і быць рэфармаванай краінай. Рэфармавацца, каб паспрабаваць дасягнуць стандартаў у пляне дэмакратыі, у пляне абарончых магутнасьцяў, і мы дапамагаем Украіне ў гэтым», — сказаў Апатурай Радыё Свабода.
Генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг пацьвердзіў у першы дзень саміту ў Варшаве, што дзьверы ў НАТО застаюцца адкрытымі — і для Ўкраіны, і для Грузіі, і для любой іншай эўрапейскай краіны, якая адпавядае крытэрам сяброўства, у дачыненьні да якога ёсьць кансэнсус усіх 28 краін НАТО. Ён таксама дадаў, што ніхто трэці ня будзе мець права вэта ў гэтым пытаньні.
Расьціслаў Хоцін