Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка пазбаўляецца ад памочніка-рэфарматара Кірыла Рудага


Кірыл Руды
Кірыл Руды

Перавод Рудага на дыпляматычную працу рэч зразумелая. Так паступалі з высокімі чыноўнікамі, якія ня ўпісваліся ў агульныя правілы сыстэмы яшчэ ў часы СССР. Іх проста высылалі з краіны прадстаўляць Савецкі Саюз за мяжой.

Абмяркоўваюць: Уладзімер Глод, Ігар Карней, Валер Карбалевіч.


Глод: Для праграмы «Трайны ўдар» сыход з пасады памочніка прэзыдэнта Кірыла Рудага навіной ня стаў. Для перакананьня ў гэтым іншых працытую сябе самога з «Трайнога ўдару» ад 31 траўня. Тады я казаў: «Наколькі я ведаю, кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў Беларусі шукае цяпер для яго (Рудага) новую дыпляматычную пасаду па-за межамі краіны».

Шчыра кажучы, ужо тады я ведаў, што спадар Руды будзе працаваць у Кітаі. Чаму менавіта там? Бо доктар эканамічных навук да свайго прыходу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю зьяўляўся выключна эканамістам-тэарэтыкам. А рэальнай працы ў яго на той час было ўсяго некалькі год —дарадцам у эканамічных пытаньнях амбасадара Беларусі ў Кітаі. З Кітаю ён пачынаў, у Кітай і вяртаецца. Бо цяперашні амбасадар Віктар Бура працуе там ужо пяць год. Перамяшчэньне ў Кітай пацьвярджае і яшчэ адно кадравае правіла — памочнік прэзыдэнта гэта ровень віцэ-прэм’ера. Бура да камандзіроўкі ў Пэкін быў намесьнікам кіраўніка ўраду. Гэтаксама як і папярэднік, Буры Анатоль Тозік.

Для мяне перавод Рудага на дыпляматычную працу рэч зразумелая. Так паступалі з высокімі чыноўнікамі, якія ня ўпісваліся ў агульныя правілы сыстэмы яшчэ ў часы СССР. Іх проста высылалі з краіны прадстаўляць Савецкі Саюз за мяжой. І пасада быццам прыстойная і пажыцьцёвая — амбасадар. А амбасадар — гэта сапраўды на ўсё жыцьцё. Пад нагамі такі чалавек ня круціцца, ня муціць ваду.

Перавод Рудага на дыпляматычную працу рэч зразумелая. Так паступалі з высокімі чыноўнікамі, якія ня ўпісваліся ў агульныя правілы сыстэмы яшчэ ў часы СССР.

Але ці сапраўды спадар Руды ня ўпісаўся ў сыстэму? Адназначнага адказу ў мяне на гэтае пытаньне няма. З аднаго боку, так. На высокай пасадзе ён казаў рэчы, пра якія іншыя маўчалі. І гэтым моцна вылучаўся на агульным тле дзяржаўных чыноўнікаў, якія традыцыйна паводзяць сябе ціха, у публічную палеміку не ўступаюць. А Руды публічна тлумачыў неабходнасьць неадкладных рынкавых захадаў у эканоміцы. Памочнік кіраўніка дзяржавы сваімі ідэямі і выступамі бударажыў прыхільнікаў старой (дзяржплянаўскай) эканамічнай мадэлі. Апошнім такім раздражняльнікам стала ягоная кніга «Фінансавая дыета». У ёй аўтар апісаў беларускую эканамічную мадэль і пералічыў сем пастак дзяржаўнага капіталізму Беларусі.

І гэта безумоўна заслуга Кірыла Рудага. Але цяпер паглядзім на яго працу зь іншага боку. А што сапраўды рынкавага прыўнёс блізкі да прэзыдэнта чалавек у рэальную беларускую эканоміку? Нічога. Можа пры ім пачаліся сыстэмныя рэформы ў рэальным сэктары эканоміцы? Такія рэформы, якія сьведчылі б пра гатоўнасьць дзяржавы пакончыць са старымі правіламі кіраваньня эканомікай. Не, не пачаліся. А тады, чым адрозьніваецца канкрэтная дзейнасьць Кірыла Рудага ад дзейнасьці папярэдніка, замшэлага прыхільніка дзяржаўнай эканомікі Пятра Пракаповіча?

Зразумейце, калегі, я не дакараю Кірыла Рудага. Я проста канстатую, хто мае права апошняга голасу ў гэтай краіне. Гэта — Аляксандар Лукашэнка. Сыстэма, якую ён пабудаваў, пакідае рашаючае слова толькі за ім. І ня мае значэньня — хто дарадца ў прэзыдэнта: Руды ці Пракаповіч? Таму разьвітаньне з Рудым гэта ня нейкая надзвычайная сытуацыя. Магчыма, час Кірыла Рудага калісьці і наступіць. Але гэта, я перакананы, ужо будзе пасьля Лукашэнкі.

Ёсьць досыць пісьмовая і прафэсійная праслойка сярод беларускіх чыноўнікаў, але ўсе яны ў абсалютнай меншасьці.

Карней: Сапраўды шмат рэвэрансаў было зроблена ў бок Рудага. Казалі, што ён прадстаўнік новай хвалі, і гэта сапраўды так, бо чалавек мае добрую адукацыю, і ня толькі беларускую, але і замежную. Але ня толькі ён адзін — такія рэвэрансы былі ў свой час і на бок Сяргея Румаса, Васіля Мацюшэўскага. То бок ёсьць досыць пісьмовая і прафэсійная праслойка сярод беларускіх чыноўнікаў, але ўсе яны ў абсалютнай меншасьці. Нават калі набраць зь дзесятак людзей, якія недзе публічна агучваюць сваю пазыцыю і гавораць пра тое, што Беларусь ня можа ўсё жыцьцё правесьці ў савецкай плянавай эканоміцы, што патрэбныя лібэральныя рэформы, але паглядзіце, колькі астатніх людзей, якія не ўваходзяць у гэтую абойму. Гэта сотні чыноўнікаў, якія сядзяць у сотнях кабінэтаў, і яны ня тое што публічна не падзяляюць гэтую пазыцыю, яны проста не падаюць ніякага голасу. Таму нават калі сабраць іх дзесятак і пасадзіць у адзін кабінэт, разьвязаць рукі і сказаць рабіце свае рэформы, прапаноўвайце новыя варыянты, нічога зь месца ня зрушыцца.

Той жа Руды можа штосьці намагаўся рабіць, але ён настолькі нязначны вінцік у гэтым адладжаным мэханізьме, што якія б словы ён не гаварыў, улада можа іх нават і праглынуць, бо гэта толькі дэманстрацыя таго, што ў Беларусі ёсьць розныя меркаваньні. А зь іншага боку, ён сабе дазваляе выказацца досыць востра. Вось нядаўна яго публікацыя ў Беларускім эканамічным часопісе сьведчыць пра тое, што ён досыць аб’ектыўна ацэньвае нават стасункі беларуска-кітайскія, закладзеныя ў аснову доўгатэрміновага стратэгічнага супрацоўніцтва. Вось некалькі цытат. Ён кажа, што доля беларускай прадукцыі ў імпартных закупах Кітаю летась складала ўсяго 0,06%, і для Беларусі кітайскі рынак невызначальны, бо доля Кітаю ў беларускім экспарце ўсяго 3%. Калі параўнаць, доля Расеі блізу 40%. То бок незразумела, як сябе Руды будзе паводзіць, каб гэтыя лічбы істотна павялічыць.

Рудаму трэба зьбіраць аднадумцаў.

Не сакрэт, Аляксандар Лукашэнка разьлічвае на Кітай найперш як на патэнцыйнага крэдытора, і шмат якія праекты ў Беларусі ажыцьцяўляюцца за кошт кітайскіх пазыкаў. Але выглядае, што Кітай робіць чарговую экспансію на чарговы рынак, і для яго няважна, якая там урэшце будзе статыстычная справаздачнасьць. Кітай настолькі ўплывовая і магутная краіна, што такі невялікі рынак проста дапамагае уладкаваць на працу там нейкую колькасьць насельніцтва. Але атрымліваць адсюль вялізныя дывідэнды наўрад ці ў афіцыйным Пэкіне разьлічваюць.

Рудаму трэба зьбіраць аднадумцаў. Размаўляў зь ім на эканамічным форуме — ён дастаткова мяккі чалавек, і ў яго няма такой вялізнай харызмы, якая патрэбная Беларусі. Тут толькі можа кіраваць Лукашэнка, які паставіў усю гэтую вэртыкаль пад сябе. А вінцікі проста выконваюць сваю ролю.

Карбалевіч: Постаць Кірыла Рудага ў якасьці памочніка прэзыдэнта па эканоміцы з самага пачатку была незвычайнай. Яго функцыя і роля ў беларускай палітычнай сыстэме даволі спэцыфічная. Навуковец з досьведам стажыроўкі ў ЗША, па праграме Фулбрайта, выглядаў даволі экзатычна ў атачэньне «крепких хозяйственников». Ён быў патрэбен беларускаму рэжыму як прывабны твар у камунікацыі з заходняй супольнасьцю. Руды размаўляў з буржуінамі на зразумелай для іх мове, ва ўсіх сэнсах, часта разважаў пра рэформы. Ня гледзячы на ўсе вокрыкі Лукашэнкі на адрас рэфарматараў, яму дазваляецца гаварыць больш, чым іншым чыноўнікам. Ён ва ўяўленьні заходніх партнэраў зьяўляецца памочнікам прэзыдэнта па рэформам.

У беларускіх умовах пасада памочніка прэзыдэнта па рэформах пры адсутнасьці рэформ — гэта як пасада намесьніка цара па рэвалюцыі.

Але ў беларускіх умовах пасада памочніка прэзыдэнта па рэформах пры адсутнасьці рэформ — гэта як пасада намесьніка цара па рэвалюцыі. Таму Руды галоўным чынам пісаў кніжкі пра фінансавую дыету. Падаецца, ён усё ж раздражняў Лукашэнку. Усё ж у гэтай сыстэме не прынята крочыць вольным крокам, публічна праяўляць іншадумства. То бок Руды тут не прыжыўся, сыстэма яго адрынула.

Цяпер наконт новай пасады. У другім нумары Беларускага эканамічнага часопіса апублікаваны артыкул Рудага пра стан і пэрспэктывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. Дык вось, там ён прыходзіць да высновы, што гэтае супрацоўніцтва нявыгаднае Беларусі, а выгаднае Кітаю. У прыватнасьці, ён раскрытыкаваў працу беларуска-кітайскага парку «Вялікі камень». Але ня думаю, што на пасадзе амбасадара Беларусі ў Кітаі ён зможа пераламаць гэтую сытуацыю. Бо праблема тут сыстэмная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG