Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Беларусі пры ААН: Нішто, навязанае нам звонку, ня будзе прымацца


Нішто, навязанае Беларусі звонку, ня будзе прымацца нашай дзяржавай, заявіў БелаПАН кіраўнік пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэнэве Юры Амбразевіч, камэнтуючы рашэньне аб працягу мандата спэцдакладчыка ААН па Беларусі. Рашэньне было прынятае 1 ліпеня на сэсіі Рады ААН у правах чалавека ў Жэнэве. Спэцдакладчыкам ААН застаўся Міклаш Харасьці.

«Традыцыйна мы ацэньваем гэтае рашэньне: аргумэнты, прадстаўленыя аўтарамі рэзалюцыі, не пераканаўчыя», — сказаў Амбразевіч.

Ён адзначыў, што гэтым разам (мандат спэцдакладчыка існуе з 2012 году. — БелаПАН.) галасаваньне прайшло з самым маленькім лікам на карысьць рэзалюцыі. Яе падтрымалі 15 краін — членаў Рады, 9 прагаласавалі супраць і 23 устрымаліся. «Гэта паказвае рэальную цікавасьць гэтай аанаўскай пляцоўкі да гэтага пытаньня і рэальную незадаволенасьць членаў, што такога роду пытаньні выносяцца на разгляд гэтай Рады, — сказаў Амбразевіч. — Мы гатовыя разглядаць усе гэтыя пытаньні ў двухбаковай плоскасьці. Мы для гэтага вядзем дыялёгі і з ЭЗ, і з ЗША, і ў нас няма тых пытаньняў, якія мы б не былі гатовыя абмяркоўваць. Але нішто, навязанае нам звонку, бяз нашай згоды, ня будзе прымацца нашай дзяржавай. Тым больш, што рэальнага і канструктыўнага ўзаемадзеяньня не вядзецца».

Амбразевіч пацьвердзіў, што Беларусь па-ранейшаму ня мае намеру дазволіць спэцдакладчыку наведаць краіну. «Сучасныя тэхналёгіі, сучасны сьвет настолькі адкрыты, што атрымаць любую інфармацыю не ўяўляе цяжкасьці, — адзначыў ён. — Спэцдакладчык атрымлівае інфармацыю з усіх крыніц, і з урадавых у тым ліку. Гаворка ідзе пра тое, што для яго адкрытыя ўсе нашы даклады, якія мы прадстаўляем і ў рамках Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, і ў рамках усіх нашых нацыянальных справаздач перад дагаворнымі органамі па правах чалавека. Нічога новага, акрамя таго, што зьмяшчаецца ў гэтых дакладах, ён ня ўбачыць і не пачуе з афіцыйных крыніц. Усю іншую інфармацыю, якую ён атрымлівае ад няўрадавых арганізацый, перш за ўсё апазыцыйнай накіраванасьці, ён атрымлівае з інтэрнэту або падчас сустрэч, якія ён праводзіць дзе заўгодна — у Вільні ці яшчэ дзесьці».

Прадстаўнік Беларусі дадаў: «Сэнсу ніякага пускаць у краіну працэдуру, якая створаная — гаворка ідзе не пра спадара Харасьці — адмыслова, звонку навязаная нашай краіне, каб мы мянялі нейкім чынам уласную палітычную сыстэму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG