Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенец, які загінуў у Сырыі, быў камандзірам роты выведкі


Перад Сырыяй ягонае падразьдзяленьне ваявала пад Дэбальцавам на Данбасе.

Паведамленьне аб пахаваньні расейскага вайскоўца з Горадні, які нібыта загінуў у Сырыі, зьявілася ў мінулую пятніцу ў беларускіх СМІ. Тэлеканалу «Белсат» удалося даведацца, дзе служыў Уладзімір Бекіш.

Па-першае, Уладзімір Бекіш ня быў пілётам, як гэта сьцьвярджалася на пачатку. Гарадзенец аказаўся падпалкоўнікам сухапутных войскаў РФ, ягоная спэцыяльнасьць — вайсковая выведка. На пачатку 2016-га, паводле інфармацыі зь ягонага профілю ў сацыяльных сетках, Бекіш быў камандзірам роты выведкі 5-й Асобнай танкавай брыгады (АТБр), вайсковая частка 46108.

Падразьдзяленьне базавалася ў Буратыі. Там жа, у горадзе Улан-Удэ, Бекіш і жыў. Менавіта 5-я АТБр, у складзе якой служылі пераважна бураты, стала вядомай пасьля баёў пад Дэбальцавам у лютым летась. Адтуль паходзіў бурацкі баец, якога летась паказвала расейскае тэлебачаньне ў апёкавым цэнтры ў Данецку, там жа служыў і Бекіш.

Што да Сырыі, то «калі падпалкоўнік Бекіш загінуў менавіта ў Сірыі — гэта робіцца 100 %-ым доказам удзелу сухапутнага кантынгенту РФ у вайне на баку Асада», — тлумачыць прадстаўнік ініцыятывы «InformNapalm» Дзяніс Івашын.

За ўвесь гэты час Расея прызнала выкарыстаньне ў Сырыі выключна авіяцыі, якая зьдзяйсьняла ўдары па праціўніках Асада ды па мірным насельніцтве. Удзел сваіх сухапутных частак Расея ўвесь час зьняпраўджвала.

«Цалкам магчыма, што для ўзмацненьня вайсковых злучэньняў, якія ваююць на баку Асада, былі прыцягнутыя і вайскоўцы 5-й АТБр разам з выведротаю падпалкоўніка Бекіша. Улічваючы, што гэтая брыгада, як і 7-я АТБр, мае значны баявы досьвед з украінскай кампаніі — у прыватнасьці, у баях пад Дэбальцавам, — гэтая вэрсія набывае значнае падмацаваньне», — кажа Івашын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG