Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўныя кандыдаты ў дэпутаты будуць тлумачыць, на якія грошы жывуць


Упершыню падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі кандыдатам у дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў, якія ня маюць прыбытку, трэба будзе тлумачыць, на якія грошы яны жывуць.

Раней такой нормы ў беларускім заканадаўстве не было. Патэнцыйны кандыдат пазначаў, што беспрацоўны, прыбытку ня мае, і ніхто не цікавіўся, на якія сродкі ён жыве.

Але падчас сёлетняй выбарчай кампаніі тлумачэньне становіцца абавязковым.

Пра гэта было сёньня заяўлена на паседжаньні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Было таксама сказана, што патэнцыйны кандыдат у дэпутаты мусіць прадставіць у акруговую камісію справаздачу аб сваіх прыбытках за 2015 год, а таксама дэклярацыю аб маёмасьці.

Акрамя таго сёньня сябры ЦВК увялі так званую норму на памылку. Раней, калі кандыдат у дэпутаты няправільна запаўняў дэклярацыю аб сваіх прыбытках, то выбарчая камісія вырашала, наколькі гэтая памылка сур’ёзная. Калі камісія лічыла, што гэтая памылка нязначная, то кандыдат атрымліваў права працягваць выбарчую кампанію, яго не здымалі з выбарчай гонкі.

Сёлета ў заканадаўстве прапісанае такое паняцьце як «істотны характар». Цяпер парушэньне лічыцца істотным і кандыдат у дэпутаты будзе зьняты з выбарчай кампаніі ў тым выпадку, калі сапраўдныя ягоныя даходы і тыя, якія ён прадставіў, будуць адрозьнівацца болей чым на 20%.

Такім чынам, права на памылку цяпер будзе роўным 20%. Пры гэтым ЦВК удакладніла, што запамогі, якія атрымліваюць сябры прафсаюзаў альбо сацыяльны пакет, не ўваходзяць у гадавую дэклярацыю аб прыбытках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG