Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты Freedom House: Міклашу Харасьці трэба працягнуць мандат спэцдакладчыка па Беларусі


 Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

Софі Арлоскі і Колін Кантар, кіраўнікі праграмаў праваабарончай арганізацыі Freedom House, заклікаюць Раду ААН па правах чалавека працягнуць мандат спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі вугорскаму дыплямату Міклашу Харасьці яшчэ на год. Галасаваньне па гэтым пытаньні мае адбыцца 30 чэрвеня.

Мандат спэцдакладчыка па Беларусі быў створаны ў 2011 годзе ў адказ на гвалтоўныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году. Галоўныя мэты спэцыяльнага дакладчыка — сачыць за разьвіцьцём сытуацыі ў галіне правоў чалавека; даваць рэкамэндацыі беларускаму ўраду, як ён можа выконваць свае абавязаньні па міжнароднаму праву; прадстаўляць даклад Радзе ААН па правах чалавека і Генэральнай Асамблеі ААН аб прагрэсе Беларусі ў галіне правоў чалавека або адсутнасьці такога прагрэсу.

Беларускі ўрад адмовіўся прызнаць мандат Міклаша Харасьці і ні разу не ўпусьціў яго ў краіну, каб той мог вывучыць сытуацыю на месцы. Харасьці складаў свае справаздачы на аснове інфармацыі, якую ён здолеў сабраць са СМІ і з кантактаў зь беларускімі праваабаронцамі. У сваім апошнім дакладзе, у красавіку сёлета, Харасьці заявіў, што беларускі ўрад не паспрабаваў ніякага далейшага ўзаемадзеяньня з міжнароднымі мэханізмамі ў галіне правоў чалавека, хоць адначасова і сказаў пра нязначны прагрэс у паляпшэньні сытуацыі з правамі чалавека ўнутры краіны.

Софі Арлоскі і Колін Кантар лічаць, што цяперашнія памкненьні Менску адыгрываць большую палітычную ролю ў Эўропе і вырашаць эканамічны крызыс ўяўляюць сабой ключавы момант для задзейнічаньня рычагоў міжнароднай супольнасьці ў прадухіленьні далейшага пагаршэньня становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Яны падкрэсьліваюць, што без незалежнага мэханізму кантролю, як мандат спэцдакладчыка ААН, забесьпячэньне выкананьня Менскам умоваў у галіне правоў чалавека будзе практычна немагчымае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG