Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магічныя гісторыі vaysrusishe бабамамы


Павал Касьцюкевіч падчас прэзэнтацыі кнігі "Плян Барбарозы"
Павал Касьцюкевіч падчас прэзэнтацыі кнігі "Плян Барбарозы"

Новая кніга Паўла Касьцюкевіча ўжо самой вокладкай намякае, што нічога страшнейшага за плян Бабарозы няма.

Вышытая чырвонымі ніткамі ў традыцыйным стылі чарапушка шчэрыцца на вокладцы, абяцаючы чытачу сямейную сагу, і ад гэтай вокладкі вее як мінімум утульным хатнім апакаліпсісам, увасабленьнем якога Бабароза ўрэшце і зробіцца. Што ты, чытач, ведаеш, пра забойчую сілу бабульчынай любові і яе ўпэўненасьці, што ад сёньня і назаўсёды ўсё ў сьвеце мусіць адбывацца згодна з яе сцэнарам? Галоўны герой рамана «Плян Бабарозы» ведае пра тую сілу ўсё, і адзінае ратаваньне, якое яму застаецца, — гэта бясконцае «ўнукатэрапічнае» пляценьне гісторый. Ён зноў і зноў спрабуе асэнсаваць мінулае, каб так нікуды ад яго не сысьці, нібыта тое, што там адбылося, яшчэ не перажытае да канца.



Сямейная сага — адзін з любімых жанраў сярод аматараў паслухаць добрую гісторыю — была папулярная яшчэ за часамі нарвэскіх конунгаў, а пасьля таго, як Джон Галсуорсі атрымаў за «Сагу пра Фарсайтаў» Нобелеўскую прэмію, запатрабаванасьць гэтага жанру толькі расьце.

Гэтыя гісторыі, магічныя і іранічныя, пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць заблытанае карэньне генэалягічнага дрэва Качуні

Варта згадаць хаця б ізраільскага пісьменьніка Мэіра Шалева, чые магічныя сямейныя сагі пра габрэяў-перасяленцаў перакладзеныя на мноства моваў. Менавіта ў яго, як прызнаецца сам аўтар «Пляну Бабарозы», пазычаная першая фраза рамана: «Вось яна». «Вось ён, я» — так паводле рускага перакладу Р. Нудэльмана і А. Фурман пачынаецца раман Мэіра Шалева «Ў доме сваім у пустыні», і далей перад чытачом разварочваецца гісторыя пра Рафаэля Мэера, у чыім родзе ўсе мужчыны паміраюць маладымі, і таму ён расьце і сталее сярод пяці жанчын — бабулі, маці, дзьвюх цётак і сястры, а пасталеўшы, спрабуе разгадаць таямніцы свае сям’і. Ігару Качуню, галоўнаму герою раману «Плян Бабарозы», які гадуецца бабулямі і дзядулямі (але найперш, безумоўна, бабулямі) і слухае іх бясконцыя гісторыі пра іншыя — лепшыя — часы і краіны, разгадваць ніякіх загадак не даводзіцца. Гэтыя гісторыі, магічныя і іранічныя, пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць заблытанае карэньне генэалягічнага дрэва Качуні, а іх расказчыцы ператвараюцца ў адну вялікую бабамаму. Усё мінулае зьяўляецца перад галоўным героем як на далоні, і яно аказваецца такім учэпістым, чароўным і прывабным, што разьвітацца зь ім няма ніякіх сіл.

аўтар гаворыць у інтэрвію пра інфантылізм беларускіх мужчын і матрыярхат у сем’ях

Ігар Качуня трапляе ў пастку сваіх заблытаных, сплеценых каранёў, яны яго душаць, перашкаджаючы дыхаць, але ў той жа час прыносяць асалоду. Сюжэтная лінія пра стасункі галоўнага героя з немкай-румынкай на імя Роні — пра спробу выбрацца з гэтай пасткі, пра мініўцёкі на некалькі дзён, якія вабяць як магчымасьцю зьбегчы, так і сваёй кароткачасовасьцю. Раман можна было б назваць псыхалягічным (сам аўтар гаворыць у інтэрвію пра інфантылізм беларускіх мужчын і матрыярхат у сем’ях), але гэты псыхалягізм асаблівага кшталту. Аўтар даводзіць сытуацыю да абсурду, ад чаго яна набывае вычварныя формы, робіцца фантасмагорыяй і пачынае граць дзясяткамі адценьняў сэнсу. Тут можна знайсьці ўсё, што хочаш: варта павярнуць раман на сьвятло іншым бокам — і са зборніка досьціпаў ён ператвараецца ў мэдытацыю над ўласнай ідэнтычнасьцю.

Нягледзячы на тое, што ў стракатым мультыкультурным родзе галоўнага героя ёсьць толькі адзін габрэйскі корань — Дзядзюля, — сямейную сагу «Плян Бабарозы» так і хочацца назваць габрэйскай. Магчыма, да гэтага спрычыніліся сюжэтныя паралелі з раманам Мэіра Шалева «Ў доме сваім у пустыні» (дарэчы, эпіграф да «Пляну Бабарозы» ўзяты з яшчэ аднаго рамана гэтага пісьменьніка — «Як адзін дзень»). Дух габрэйскіх сямейных гісторый Шалева, у якіх ёсьць магутныя, амаль мітычныя родапачынальнікі і пачаткі якіх сягаюць у легендарную мінуўшчыну (веду пра яе пасьля будуць перадаваць з пакаленьня ў пакаленьне, як сапраўдны скарб), лунае над менскім раманам Паўла Касьцюкевіча. У яго творы таксама ёсьць прашчурка — Бабароза, што не губляе сваёй улады нават пасьля сьмерці, і ўсе гісторыі пра яе, а таксама пра яе наступнікаў балянсуюць на мяжы паміж магічным і іранічным, паміж біблейскім і будзённым, паміж «закалдычнай» шэрасьцю гораду навокал і яркімі казкамі пра тых, хто яго насяляе. Бабароза, гэтая манструозная прарочыца зь біблейскім імем, прадказвае суседзям будучыню і, нібы старазапаветны патрыярх, трымае пад сваім пільным вокам усю сваю сям’ю, усе свае чароды і атары.

В. Рубінчык сярод магчымых крыніц натхненьня П. Касьцюкевіча называе раманы Мойшэ Кульбака і Андрэя Мрыя. Раман «Плян Бабарозы» вяртае ў беларускую літаратуру калі не габрэйскія кварталы, дзе жылі зэльманцы (бо і вяртаць, па сутнасьці, ужо няма чаго), дык успаміны пра іх, згадкі пра шматкультурную мінуўшчыну — гэта спроба разабрацца, як яна пераплавілася ў цяперашнюю беларушчыну, якая сябе адмаўляе. Заблытаныя нацыянальныя ідэнтычнасьці некалькіх пакаленьняў сям’і Ігара Качуні, што дзякуючы свайму даўгалецьцю сыходзяцца пад адным дахам, гавораць пра Менск больш, чым мог бы расказаць падручнік па гісторыі гораду.

у беларускай гісторыі і сучаснасьці нагодаў пажартаваць заўсёды знойдзецца мех і кайстра

Цікавая асаблівасьць раману «Плян Бабарозы» — тое, што пра вострыя праблемы мінулага і не да канца асэнсаваныя траўмы ў ім гаворыцца лёгка і без надрыву. Габрэйка Бабадора дэклямуе «саматужны куплет пра збольшага шчасьлівае жыцьцё сваёй радзіны на абшарах Эўропы», культ каўтуна намякае на жаданьне пакпіць з тых сюжэтаў, якіх заходні кнігавыдавецкі рынак чакае ад беларускіх пісьменьнікаў, і нават гісторыя пра тое, як Дзедвасілій страціў на допыце вока, нагадвае хутчэй анэкдот. У звычайнай сваёй манеры Павел Касьцюкевіч паказвае: у беларускай гісторыі і сучаснасьці нагодаў пажартаваць заўсёды знойдзецца мех і кайстра. Нават фэмінізм (а ў рамане ёсьць разьдзел пад назвай «Кароткая гісторыя фэмінізму») паказаны тут лагодным і прыручаным: ён самазараджаецца ў сям’і сам сабой і без асаблівых стратаў (калі не лічыць аднаго разводу) дае праз некалькі пакаленьняў багаты ўраджай.

Расказваючы ў інтэрвію пра свой раман, Павел Касьцюкевіч гаворыць, што яго кніга нарадзілася з прыватных аповедаў, якія даходзілі да аўтара рознымі шляхамі. Яны былі падслуханыя ў электрычках, расказаныя сябрамі, прачытаныя ў газэтах. У выніку атрымаўся раман, у якім жыцьцё герояў складаецца з каляровых гісторый, што нанізваюцца на рэчаіснасьць, расквечваючы яе нечаканымі фарбамі. Калі самая пасьпяховая з ранейшых кніг Паўла Касьцюкевіча, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» — гэта зборнік фантасмагарычных апавяданьняў, то раман «Плян Бабарозы» — таксама калекцыя фантасмагорый, анэкдатычных показак і замкнёных на саміх сабе сюжэтаў. Гэта паэзія чыстай красы, дзе мінулае пазбаўленае траўмаў, а ўсе самыя страшныя драмы адбываюцца ў коле вялікай сям’і, пад крылом вялікай vaysrusishe бабамамы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG