У міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што 3 ліпеня падчас параду да Дня незалежнасьці ў небе над Менскам праляціць зьвяно верталётаў Ка-52, самалётаў Су-34 і Су-30 Паветрана-касьмічных сіл Расеі.
Паводле міністэрства абароны, гэта будзе «асаблівасьцю паветранага параду ў гэтым годзе».
27 чэрвеня над Заслаўскім вадасховішчам пад Менскам прайшла першая трэніроўка ў поўным складзе паветранага эшалёну вайсковага параду.
Авіяцыйная тэхніка, якая ўдзельнічае ў парадзе, перабазаваная на аэрадром Мачулішчы.
Генэральная рэпэтыцыя параду пройдзе 1 ліпеня.
У пешым парадзе прыме ўдзел таксама расейскі 104-ы гвардзейскі дэсантна-штурмавы полк 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі.
Раней у парадзе на дзень Незалежнасьці ў Менску бралі ўдзел расейская вайсковая тэхніка і салдаты пад расейскімі сьцягамі.