Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Brexit: наступствы для Беларусі


Палітычная карыкатура
Палітычная карыкатура

Брэксіт стане ўдарам па праэўрапейскіх настроях у Беларусі. Ізноў жа — гэта не назаўжды, але відавочна, што саюз, са складу якога выходзяць, губляе ладную частку сваёй прывабнасьці.

Дракахруст: Брытанія галасуе. Сёньня там адбываецца рэфэрэндум аб выхадзе краіны з Эўрапейскага Зьвязу. Сілы бакоў прыблізна роўныя. Пэўна вынікі ня возьмецца прадказаць ніхто.


Таму зараз, калі мы з вамі размаўляем, магчымасьць таго, што Вялікабрытанія пакіне Зьвяз, уяўляецца рэальнай. Калі гэта адбудзецца, якія наступствы гэта будзе мець для Беларусі, як адаб’ецца на ёй? Наўпрост напэўна ніяк. Эканамічныя стасункі дзьвюх краінаў ня надта шчыльныя, палітычныя — яшчэ больш слабыя. Ну выйдзе і выйдзе, Беларусі-та што?

так ці інакш Эўразьвяз без Вялікай Брытаніі аслабне з усіх пунктаў гледжаньня

Аднак, на мой погляд, можна казаць пра ўскосны ўплыў, уплыў рэха магчымага Брэксіту на Эўропу і сьвет. Выхад з ЭЗ другой паводле памераў эканомікі саюзу безумоўна спародзіць крызіс і ў Вялікабрытаніі, і ў Эўразьвязе, прынамсі, крызіс пераналадкі, перабудовы адносінаў. Катастрофай ён ня будзе, але пэўны час безумоўна зойме.

Магчымыя і сур’ёзныя палітычныя наступствы ўнутры Абʼяднанага каралеўства, Шатляндыя, Уэльс, Паўночная Ірляндыя катэгарычна супраць выхаду з ЭЗ і ня выключаны рост сэпаратысцкіх настрояў з непрадказальнымі наступствамі. Крызіс, спароджаны Брэксітам, будзе азначаць, што Эўразьвязу ў пэўнай ступені будзе ні да каго — ні да Беларусі, ні да Расеі, ні да Ўкраіны. Гэта ня значыць, што пра іх забудуць, гэта значыць, што пэўны час палітыка адносна гэтых і любых іншых краінаў будзе збольшага інэрцыйнай, рэактыўнай — рабіць, што рабілі апошнія гады, рэагаваць толькі на моцныя выклікі і нечаканасьці.

Але пры гэтым адбудзецца зьмена палітычнай канфігурацыі Зьвязу. Па шэрагу пытаньняў, у тым ліку і пытаньняў зьнешняй палітыкі, Лёндан выступаў адзіным фронтам з краінамі Ўсходняй Эўропы. У выпадку Брэксіту гэты балянс будзе парушаны. Уплыў Нямеччыны ў Эўразьвязе і зараз вырашальны, пасьля выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ Зьвяз у яшчэ большай ступені стане пашыранай Нямеччынай.

Брэксіт стане ўдарам па праэўрапейскіх настроях у Беларусі

Варта сказаць, што Бэрлін адносна афіцыйнага Менску заўсёды быў схільны да правядзеньня Realpolitik. Спрошчаная трактоўка, што, маўляў, немцы былі гатовыя Лукашэнку ўсё дараваць і зь ім сябраваць, заплюшчваючы вочы на яго паводзіны ў галіне правоў чалавека, а, скажам, палякі і англічане стаялі непахісна на грунце высокіх прынцыпаў і імкнуліся Лукашэнку скінуць.

Гэта ня так, усё больш складана, справа ў нюансах. Але нюансы такія, як я сказаў — хутчэй Realpolitik. І гэтую сваю схільнасьць Нямеччына ў выпадку Брэксіту зможа ўвасабляць у палітычную лінію ў большай ступені, чым калі Вялікабрытанія застанецца ў Зьвязе.

Ну і нарэшце Брэксіт стане ўдарам па праэўрапейскіх настроях у Беларусі. Ізноў жа — гэта не назаўжды, але відавочна, што саюз, са складу якога выходзяць, губляе ладную частку сваёй прывабнасьці.

Карней: Наколькі я разабраўся ў сытуацыі, нават у выпадку перамогі праціўнікаў сяброўства Брытаніі ў Эўразьвязе рашэньне аб выхадзе мае права заблякаваць парлямэнт. І ключавую ролю можа адыграць найперш эканамічны фактар: паводле брытанскага мінфіну, палітычная незалежнасьць ад эўрапейскіх бюракратаў будзе каштаваць «туманнаму Альбіёну» амаль 10% валавога ўнутранага прадукту.

Іншымі словамі, як бы ні прагаласавалі брытанцы, вынікі плебісцыту не зьяўляюцца юрыдычна абавязковымі для брытанскага ўраду. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць прыняты парлямэнтам біль аб рэфэрэндуме. У матэрыялах, прысьвечаных працэдуры Брэксіту, наўпрост гаворыцца: вынікі рэфэрэндуму будуць разглядацца як палітычна (але не юрыдычна) абавязковыя.

Што тычыцца Беларусі, то яна ў лёсе Вялікай Брытаніі займае аўтсайдэрскія пазыцыі пры любым раскладзе

Калі пачытаць камэнтары міжнародных аналітыкаў, мала хто да канца ўсьведамляе, што будзе адбывацца ў выпадку перамогі прыхільнікаў Брэксіту. Пасьля абвяшчэньня такога рашэньня павінна пачацца працэдура інстытуцыйнага выхаду Вялікай Брытаніі са структураў Эўразьвязу, то бок, перагляд брытанскіх квотаў у Эўракамісіі, Эўрапарлямэнце, Радзе ЭЗ і г.д. Яшчэ большай праблемай падаецца будучыня гандлёвых адносінаў, на ўрэгуляваньне якіх запатрабуюцца гады і армія юрыстаў.

Што тычыцца Беларусі, то яна ў лёсе Вялікай Брытаніі займае аўтсайдэрскія пазыцыі пры любым раскладзе. Адзінае, што Лёндан як сябра адзінай Эўропы ўсё ж выконваў палітычную місію, спрабуючы ўплываць сваім аўтарытэтам на «непакорны Менск». У выпадку дыстанцыяваньня ад Брусэля і страты абавязкаў быць часткай агульнаэўрапейскай палітыкі беларускае пытаньне будзе адсунутае далёка на задні плян.

З улікам таго, што так ці інакш Эўразьвяз без Вялікай Брытаніі аслабне з усіх пунктаў гледжаньня — эканамічнага, дыпляматычнага, ваеннага — у стратэгічным сэнсе для дэмакратыі ўсходнеэўрапейскага рэгіёну гэта будзе вялікім мінусам. Прынамсі некаторыя экспэрты схіляюцца да думкі, што Расея атрымае карт-блянш для яшчэ большага распаўсюду свайго ўплыву на тую ж Беларусь, Украіну, Малдову ды іншыя постсавецкія краіны.

На перакананьне нават расейскіх аналітыкаў, у выпадку «самаліквідацыі» Вялікай Брытаніі ў рамках Эўразьвязу адбудзецца пераразьмеркаваньне на карысьць яшчэ большага дамінаваньня ў эўрапейскіх структурах Нямеччыны і Францыі, што будзе спрыяць прагматызацыі адносінаў з Крамлём і паступоваму зьняцьцю санкцый з Расеі.

Пры такім сцэнары з палёгкай можа ўздыхнуць і Менск. Калі брытанскі ўрад у сваёй зьнешняй палітыцы ішоў у фарватэры ЗША і намагаўся трымаць жорсткую лінію ў дачыненьні да аўтарытарных рэжымаў Расеі ды Беларусі, то ў выпадку Брэксіту Эўразьвяз паступова нівэлюе праблемы правоў чалавека і свабоды думкі: маўляў, мы не прымаем таго, што адбываецца ва ўнутранай палітыцы Беларусі, але лічым патрэбным разьвіваць эканамічнае супрацоўніцтва дзеля выцягваньня з ізаляцыі таго ж Лукашэнкі.

Без уплывовага голасу Лёндану зьнешняя палітыка Брусэля рызыкуе стаць яшчэ больш мяккай, «софтавай» ды згодніцкай. Кіраўніцтву Беларусі гэта, безумоўна, выгадна, таму што ў структуры эканамічнага таваразвароту Эўразьвяз займае такое ж важнае месца, як і Расея.

Глод: Мне падаецца, што для Аляксандра Лукашэнкі будзе лепш, калі брытанцы прагаласуюць за выхад з Эўразьвязу. Для гэтага ёсьць як мінімум тры падставы.

калі здарыцца Брэксіт, прысутнасьць Брытаніі ў Беларусі зьнізіцца

Першая: Вялікая Брытанія — адзін з тых чальцоў Эўразьвязу, які заўжды прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасьцяў. Брытанцы лічаць, што нельга ісьці на саступкі аўтарытарным рэжымам, да якіх яны адносяць і Расею, і Беларусь. Зразумела, што выхад Брытаніі з Эўразьвязу пазбавіць Лукашэнку моцнага апанэнта. І тады беларускаму рэжыму будзе лягчэй вырашаць свае праблемы ў Брусэлі. Вядома, што жорсткая пазыцыя Лёндану ў значнай ступені блякавала ініцыятывы зьмякчэньня агульнаэўрапейскай пазыцыі адносна Беларусі.

Брэксіт паступова прывядзе да яшчэ большай прагматызацыі дачыненьняў Брусэлю і Менску. Так, у ЭЗ будуць казаць пра тое, што ў Беларусі не прытрымліваюцца эўрапейскіх дэмакратычных стандартаў. Але, маўляў, трэба ўлічваць новыя рэаліі, стаўленьне Беларусі да Ўкраіны і г. д. Урэшце Беларусь зможа дамагчыся ад ЭЗ эканамічных саступак, крэдытаваньня, льготнага фінансаваньня ды іншага, што цяпер асабліва патрэбна афіцыйнаму Менску.

Да таго ж новая сытуацыя дасьць Расеі больш магчымасьцяў і ўпэўненасьці для распаўсюджваньня свайго ўплыву ў рэгіёне.

выхад Брытаніі са складу Эўразьвязу дасьць магчымасьць Лукашэнку ў пэўнай ступені шантажаваць Пуціна

Другая: калі здарыцца Брэксіт, прысутнасьць Брытаніі ў Беларусі зьнізіцца. Такі сыгнал ужо быў пару гадоў таму. Тады, каб атрымаць ангельскія візы беларусы вымушаныя былі ехаць за імі ў Маскву, у брытанскую амбасаду ў Расеі. Пасьля візавы цэнтар адчынілі ў Менску. Але ці цікава будзе брытанцам і надалей займацца Беларусьсю, калі ўся іх увага будзе нададзеная выбудоўваньню новых дачыненьняў з Эўразьвязам?

Трэцяя: выхад Брытаніі са складу Эўразьвязу дасьць магчымасьць Лукашэнку ў пэўнай ступені шантажаваць Пуціна. Маўляў, Брытанія, калі яе там не паважалі, пакінула Эўразьвяз. Так можа зрабіць і Беларусь, выйшаўшы з Эўразійскага эканамічнага саюзу. А каб гэтага не адбылося, няхай Расея дае таньнейшыя нафту і газ. І гэта робіцца асабліва актуальным на тле таго гандлю за кошты і аб’ёмы расейскіх энэргарэсурсаў для Беларусі, які разгарнулася цяпер паміж Масквой і Менскам. Прычым у выпадку чаго Лукашэнка можа таксама правесьці рэфэрэндум, пасьля якога будзе казаць Пуціну: так вырашыў не я, так вырашыла бальшыня грамадзянаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG