Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО: Мы ня хочам канфрантацыі з Расеяй, таму мы робім абарончыя захады


Енс Столтэнбэрг
Енс Столтэнбэрг

Генэральны сакратар НАТО даў інтэрвію Свабодзе аб умацаваньні абароны саюзу і расейскім фактары.

У Нарвэскім моры пачаліся супрацьлодкавыя вучэньні НАТО «Вёрткі мангуст-2016». Вучэньні працягнуцца 10 дзён. Іх галоўная мэта — адпрацаваць сыстэмы выяўленьня і адбіцьця нападу з падводных лодак.

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг падкрэсьліў на адкрыцьці вучэньняў, што 70% Зямлі пакрыта вадой і 90% усіх тавараў у сусьветным гандлі перапраўляецца па вадзе.

Напярэдадні пачатку манэўраў Енс Столтэнбэрг даў інтэрвію Радыё Свабода.

— Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер раскрытыкаваў дзеяньні НАТО на ўсходнім кірунку. У інтэрвію часопісу Bild am Sontag кіраўнік МЗС ФРГ сказаў: «Чаго нам зараз ня варта рабіць, дык гэта працягваць абвастраць сытуацыю бразганьнем зброі і баявымі споклічамі». Ён таксама заўважыў, што цяпер было б «фатальнай памылкай» засяродзіць усю ўвагу на ваенных аспэктах і шукаць выйсьце толькі ў палітыцы запалохваньня. Што вы на гэта адкажаце?

— НАТО адзіная ў падыходах да абароны і дыялёгу. Нам патрэбная моцная абарона, каб прадухіліць канфлікты, але мы таксама маем патрэбу ў палітычным дыялёгу, каб зьнізіць напружаньне. Усе 28 дзяржаў-хаўрусьнікаў па НАТО падтрымліваюць такі падыход. І я вітаю і лінію Нямеччыны на дыялёг, і ўнёсак Нямеччыны ва ўзмацненьне нашай вайсковай прысутнасьці на ўсходзе.

— Вас турбуе мілітарызацыя Калінінграда? Былі паведамленьні пра тое, што ў экскляве разьмешчаныя ракетныя комплексы «Іскандэр» зь ядзернай баявой часткай.

— Мы ўжо некалькі гадоў назіраем, як Расея нарошчвае ваенную моц ад Баранцава мора праз Балтыку, Калінінград і аж да Чорнага мора і ўсходняга Міжземнамор’я. Гэта — адна з прычынаў, па якой НАТО прыводзіць свае ўзброеныя сілы ў адпаведнасьць з сытуацыяй, падвышае іх боегатоўнасьць. Менавіта па той жа прычыне мы павялічылі прысутнасьць войскаў НАТО ва ўсходняй частцы Альянсу. Але мы таксама не хацелі б новай халоднай вайны. Мы ня хочам канфрантацыі з Расеяй, менавіта таму мы прымаем выключна абарончыя захады. Яны адпавядаюць нашым міжнародным абавязацельствам, уключаючы Асноватворны акт НАТО — Расея (афіцыйна: Асноватворны акт Расея — НАТО пра ўзаемныя адносіны, супрацоўніцтва і бясьпеку, падпісаны 27 траўня 1997 году ў Парыжы — РС).

— А вы можаце пацьвердзіць або абвергнуць паведамленьні пра тое, што ў Калінінградзе разьмешчаныя «Іскандэры» зь ядзернай баявой часткай?

— Я ня буду камэнтаваць выведвальную інфармацыю і розныя сыстэмы зброі. Магу сказаць толькі, што перад намі больш самаўпэўненая Расея, якая з 2000 году ў тры разы павялічыла выдаткі на абарону, якая займела новыя і больш сучасныя сыстэмы ўзбраеньняў і якая палічыла магчымым ужыць прымяніць ваенную сілу супраць незалежнай краіны — Ўкраіны. Усё гэта разам зьяўляецца прычынай таго, чаму мы ўмацоўваем нашу калектыўную абарону. Такога разьвіцьця, як адбываецца цяпер, не было з часоў халоднай вайны, але пры гэтым мы падкрэсьліваем, што новай халоднай вайны мы ня хочам. Халодная вайна засталася ў гісторыі, і мы хочам, каб яна там і заставалася. Менавіта таму мы спрабуем разьвіць больш канструктыўныя адносіны з Расеяй, адносіны супрацоўніцтва.

— Па меры таго, як НАТО умацоўвае ўсходні флянг, вы не баіцеся, што Расея адкажа яшчэ большай дэстабілізацыяй Грузіі, Малдовы ці Ўкраіны?

— Гэта было б цалкам неабгрунтаванай рэакцыяй, таму што Альянс НАТО не пакідае сумневаў у тым, што ўсе нашы крокі зробленыя выключна ў мэтах абароны, што яны — рэакцыя на тое, што Расея зрабіла ў дачыненьні да Ўкраіны, — незаконна анэксавала Крым. Але наша прысутнасьць на ўсходзе альянсу — гэта ўсё роўна абмежаваная прысутнасьць. Гэта наш сыгнал, што любы напад на сябра альянсу — гэта напад на ўвесь альянс. Наша прысутнасьць ні ў якай меры ня можа апраўдаць, напрыклад, яшчэ большую дэстабілізацыю Ўкраіны ці Малдовы.

Цалкам інтэрвію чытайце тут http://www.svoboda.org/content/article/27811766.html

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG