Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хіндзі, японская, курдзкая, чуваская: Выйшла 700-старонкавая кніга зь вершамі Барадуліна на 30 мовах


У выдавецтве Рымска-Каталіцкай парафіі сьвятога Сымона і сьвятой Алены надрукавалі амаль 700-старонкавае выданьне «Рыгор Барадулін/Ryhor Baradulin. Et orbi omni/І сьвету ўсяму». Гэта 12-я кніга паэта, выдадзеная касьцёлам.

У кнізе ў храналягічным парадку разьмешчаныя вершы і іх пераклады, зробленыя майстрамі слова з Заходняй і Ўсходняй Эўропы, ЗША, краін былога Савецкага Саюзу, Азіі і Ўсходу.

«Наогул, вершы Рыгора Барадуліна перакладалі на 40 моваў. Але, на жаль, знайсьці ўдалося ня ўсё. З распадам СССР парушыліся кантакты паміж бібліятэкамі. Але ў гэтым выданьні сабрана ўсё, што было магчыма адшукаць — гэта 30 моў», — кажа ўкладальніца кнігі Ала Сакалоўская.

Яна адзначыла, што найбольшая частка перакладаў была зробленая ў 60-80-я гады:

«Тады выходзілі зборнікі перакладаў у іншых краінах, а таксама вершы Барадуліна друкавалі ў пэрыёдыцы. Ёсьць творы, перакладзеныя на адну мову, а ёсьць такія, што і на 10 моў».

Усе вершы ў зборніку разьмешчаныя ў адпаведнасьці з храналёгіяй напісаньня — ад «Першага сьнегу», напісанага ў 1952 годзе, і да «Мальбы», верша, які паэт напісаў за некалькі дзён да свайго адыходу.

Апроч перакладаў на ангельскую, францускую, польскую, украінскую, расейскую, баўгарскую, вугорскую, літоўскую, чэскую мову ў кнізе ёсьць вершы на таджыцкай, кіргіскай, курдзкай, хіндзі, японскай, карацінскай мовах.

«Карацінская мова — гэта адна з моў Дагестану, на ёй гаворыць паселішча Карата. Ня так даўно гэтая мова нават ня мела пісьменнасьці, але вось і на яе пераклалі нашага паэта. Ёсьць пераклады на курдзкую, на чуваскую, на цыганскую мовы».

Рыгор Барадулін бачыў электронны варыянт гэтага выданьня і адмыслова напісаў для яе эпітэт:

Паэзія ласкай карае,

Радкі захапленьня таму

Нясе беларускаму краю

І сьвету ўсяму.

«Вельмі шкада, што ён не дачакаўся выхаду кнігі ў сьвет, але ён разумеў, што гэта вельмі арыгінальнае выданьне. Я ня ведаю больш такіх паэтаў, вершы якіх выйшлі б пад адной вокладкай у перакладзе на 30 моў. Так, быў выдадзены пераклад больш чым на 70 моў верша Янкі Купалы „А хто там ідзе“, але гэта толькі адзін верш. А тут мы можам прасачыць зьмену Рыгора Барадуліна як паэта — ад гульні са словам да мудрасьці, роздуму над сэнсам жыцьця, пошуку шляху да Бога».

Той, хто будзе трымаць у руках кнігу, пабачыць, што апроч вершаў яна ўтрымлівае фатаздымкі, які ілюструюць жыцьцяпіс паэта. Дарэчы, большасьць фота для гэтых ілюстрацый выбраў для зборніка сам Рыгор Барадулін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG