Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць дапусьціць адваката да стваральніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса


Зьняволены актывіст Эдуард Пальчыс

Рада Праваабарончага цэнтру «Вясна» патрабуе гарантаваць затрыманаму Эдуарду Пальчысу права на абарону — дапусьціць да яго ў Жодзінскае СІЗА адваката. Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

«Зьвяртаем увагу на тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і міжнародныя нормы, у прыватнасьці Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, гарантуюць права на абарону, што азначае, у тым ліку, мець магчымасьць бесьперашкодных і канфідэнцыйных сустрэчаў з адвакатам, неабмежаваных па колькасьці і працягласьці.

Таксама нагадваем пра абсалютную забарону катаваньняў на падставе артыкулу 7 Пакта („Ніхто не павінен падвяргацца катаваньням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зьневажальнаму для яго годнасьці абыходжаньню або пакараньню“). Нагадваем, што падчас зьняволеньня ўся адказнасьць за асабістую недатыкальнасьць, фізычны і псыхалягічны стан здароўя затрыманага ўскладаецца на ўлады Рэспублікі Беларусь.

На падставе вышэйзгаданага, мы патрабуем выкананьня ўсіх працэсуальных гарантый і правоў у дачыненьні да Эдуарда Пальчыса, які ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА гораду Жодзіна, а менавіта:

Гарантаваць права на абарону, у тым ліку неадкладна дапусьціць да яго адваката;

Забясьпечыць належныя ўмовы ўтрыманьня і абыходжаньня, якія б не зьяўляліся жорсткімі, бесчалавечнымі альбо прыніжалі б годнасьць, адпавядалі міжнародным стандартам утрыманьня зьняволеных», — гаворыцца ў заяве Праваабарончага цэнтра «Вясна».

XS
SM
MD
LG