Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лішнія


Украінскія заўзятары на Эўра-2016
Украінскія заўзятары на Эўра-2016

Стартаваў Эўрапейскі футбольны чэмпіянат. Беларускія заўзятары масава апанавалі сацыяльныя сеткі, высьвятляючы адзін у аднаго – за каго?

Прыярытэты, як і мае быць, розныя. Камусьці падабаецца нестандартная й вясёлая гульня зборнай Бэльгіі, хтосьці ставіць на рэйтынгавыя каманды Нямеччыны, Гішпаніі, Італіі. Іншыя – на каманду Англіі, чэмпіянат якой выправіў на галоўны эўрапэйскі турнір найбольшую колькасьць гульцоў. Ёсьць прыхільнікі монаэтнічных зборных, такіх як Харватыя ці Альбанія. Нехта ставіць на гаспадароў – Францыю.

Але... Наша нацыянальная каманда лішняя на гэтым сьвяце жыцьця. Лішняя, нягледзячы на радыкальнае пашырэньне кола ўдзельнікаў фінальнага турніру з 16 да 24. Лішняя, нягледзячы на тое, што і патэнцыял, і ўзровень, і рэсурсы краіны значна большыя, чым у той жа Альбаніі ці Паўночнай Ірляндыі, якая надоечы не пакінула беларусам ніводнага шанцу ў таварыскай гульні. Дык у чым рэч?

Найбліжэй беларусы падышлі да ўдзелу ў сусьветным форуме ў 2002 годзе, але ў вызначальным матчы прайгралі на сваім полі асноўным канкурэнтам за месца на другой пазыцыі – ўкраінцам. То было заканчэньне трэнэрскай дуэлі Малафеева й Лабаноўскага. Перамог Лабаноўскі. Беларусам не хапіла трошкі для таго, каб паехаць на мундыяль, таго «трошкі», як і ў фінальным матчы на Кубак СССР 1984 году, калі выйграны матч аддалі ў самым канцы тым самым украінцам.

Зрэшты, гэта праблема амаль усіх нашых камандаў улучна з БАТЭ. «Трошкі» – гэта характар, якога беларускім камандам бракуе. На чым трымаецца характар? На ўсьведамленьні свайго Я. На ўсьведамленьні сябе як асобы, як каманды, як народа, як нацыі. Але гэта для беларусаў балючае пытаньне, а вось для тых жа ўкраінцаў – не, нават за савецкім часам.

Памятаю, як раптам на стыку 1970-х і 1980-х традыцыйную для спартовага таварыства «Дынама» форму бела-блакітных колераў кіяне памянялі на жоўта-блакітную, а абвесткі на кіеўскім стадыёне пачалі казаць на ўкраінскай мове.

У нас у той час нясьмела падымалі на трыбунах стадыёнаў нават БССР-аўскія сьцягі.

Чэмпіёнства 1982 году было дасягнутае за кошт харызмы, куражу й прагі Эдуарда Малафеева, які прыехаў з Расеі. Але нават яго хапіла на адзін раз, бо пасьля яго зноў паклікала Расея. Пераможнай традыцыі і сыстэмы закладзена не было. Але сыстэма й традыцыя – асноўныя чыньнікі, на якіх гартуецца характар. Лабаноўскага іншая радзіма ня клікала, ён жыў і трэніраваў на сваёй. Таму гэткую сыстэму для футбольнай Украіны калі й не стварыў, то падняў на новы, вышэйшы ўзровень. І яна працуе, асабліва ў постсавецкім дэрбі.

Як інакш растлумачыць той момант, калі на апошніх хвілінах вызначальнага матчу за выхад у фінал Чэмпіянату Эўропы 2000 украінскі нападнік Шаўчэнка прымусіў фатальна памыліцца расейскага брамніка Філімонава і вывеў гэтым украінцаў у фінальную стадыю, як ня большай праявай нацыянальнага духу.

Украінцы заўжды ведалі, і ня толькі на футбольным полі, хто яны, якога яны роду.

На матчах украінскай нацыянальнай каманды стадыён любога ўкраінскага места – жоўта-блакітных колераў.

Нашы нацыянальныя колеры на стадыёне былі ў пераможным матчы над галяндцамі ў далёкім 1995 годзе. Пасьля таго матчу колеры на нашых стадыёнах рэглямэнтуе АМОН.

Алег Лужны, капітан нацыянальнай каманды й гулец лёнданскага «Арсэналу» ў часе першага Майдану, даючы інтэрвію Бі-Бі-Сі сказаў, што калі б ня заўтрашні матч, ён быў бы на Майдане, дзе вырашаецца лёс яго краіны.

Капітан беларускай зборнай Цімафей Калачоў, таксама ў інтэрвію, скандальна заяўляе, што мы й расейцы адзін народ.

Трэнэр кіеўскага «Дынама» Ёжэф Саба, вугорац з паходжаньня, падкрэсьлена карыстаўся паўсюль украінскай мовай.

Трэнэр БАТЭ Анатоль Капскі настальгуе па СССР і кажа, што беларускую мову будзе выкарыстоўваць тады, калі гэтага запатрабуе час.

Гулец менскага «Дынама» Арцём Мілеўскі лёгка мяняе ня толькі клюбную прапіску на Кіеў, але й беларускае грамадзянства на ўкраінскае.

Нарэшце, у тым самым прайграным ўкраінцам матчы зборных адбору 2000 Эдуард Малафееў ледзь не абвінавачвае ў здрадзе сваіх асноўных футбалістаў – Валянціна Бялькевіча й Аляксандра Хацкевіча на той падставе, што яны гульцы кіеўскага «Дынама».

Лабаноўскі пасьля цяжкай нічыёй у Кіеве нікога не абвінавачваў, ён папросту выйграў вызначальны матч, бо раней узгадаваў характар украінскага футболу.

Вялікае складаецца з малога. А пакуль жа на Эўра 2016, у адрозьненьне ад украінцаў ды расейцаў, як і раней, мы лішнія. Наш характар патрабуе гарту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG