Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым выяўляецца палітычны фэномэн Кебіча?


Прэм’ер Расеі Чарнамырдзін і прэм’ер Беларусі Кебіч ва ўрадавай машыне ў 1994 годзе падчас візыту Чарнамырдзіна ў Менск
Прэм’ер Расеі Чарнамырдзін і прэм’ер Беларусі Кебіч ва ўрадавай машыне ў 1994 годзе падчас візыту Чарнамырдзіна ў Менск

10 чэрвеня першы прэмʼер-міністар незалежнай Беларусі Вячаслаў Кебіч адзначае 80-гадовы юбілей.

Гэтае пытаньне сёньня на Свабодзе абмяркоўваюць тры аналітыкі: Валер Карбалевіч, Ігар Карней, Уладзімер Глод.

Карбалевіч: Першыя чатыры гады існаваньня незалежнай Беларусі Вячаслаў Кебіч быў чалавекам нумар адзін у рэальнай уладнай герархіі дзяржавы. Пад яго ўводзілася пасада прэзыдэнта, ён быў галоўным прэтэндэнтам на гэты пост. Пасьля паразы на прэзыдэнцкіх выбарах Кебіч добра ўпісаўся ў лукашэнкаўскі рэжым, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Лукашэнка нават прапаноўваў яго на пасаду старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, хоць падчас прэзыдэнцкіх выбараў абяцаў пасадзіць яго ў турму.

Апошнім часам пэнсіянэр Кебіч зьвярнуў на сябе ўвагу прарасейскімі і антыбеларускімі пазыцыямі, якія ён выказаў у сваіх кнігах. Ён шкадуе аб распадзе СССР, вельмі пазытыўна ацэньвае савецкі лад і ролю КПСС, бэсьціць Белавескія пагадненьні, якія сам падпісваў, захапляецца сёньняшняй пуцінскай Расеяй, заклікае да «русского мира». Нават сярод старой савецкай намэнклятуры, думаю, цяжка знайсьці такія погляды.

Наш калега, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык назваў Кебіча «салдатам імпэрыі» і кажа, што той заўсёды стаяў на такіх пазыцыях, калі яшчэ быў прэм’ер-міністрам. Я б сказаў, што і так, і ня так. Можна знайсьці цытаты той пары, дзе ён кажа пра ўмацаваньне незалежнасьці, нацыянальнае адраджэньне Беларусі. Варта напрыклад, зьвярнуцца да праграмнай прамовы Кебіча на сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй у Міры 21 сьнежня 1992 г. Ён гаварыў на беларускай мове. Менавіта пры ім у Беларусі на пачатку 1990-х гадоў адбывалася хваля беларусізацыі.

Думаю, цяперашняя пазыцыя Кебіча — гэта, у пэўным сэнсе, выклік.

Чуў думку, што Кебічу за такія выказваньні ў апошняй кніжцы добра заплацілі расейцы. Але ідэі накшталт гэтых можна прачытаць яшчэ ў першых ягоных мэмуарах, якія выйшлі ў 2008 годзе.

Думаю, цяперашняя пазыцыя Кебіча — гэта, у пэўным сэнсе, выклік. Бо менавіта так выглядае сёньня апалягетыка дзейнасьці КПСС. Ён прынцыпова ня хоча мяняцца, прыстасоўвацца да пераменаў. Бо гэта патрабуе пэўных маральных, інтэлектуальных высілкаў. А навошта? Ён жа не абцяжараны цяпер дзяржаўнай адказнасьцю. Адзіная адказнасьць — перад гісторыяй. Але гэта ад яго ўжо мала залежыць.

Карней: Фігура Вячаслава Кебіча сапраўды спрэчная, неадназначная. Што кідаецца ў вочы — гэта адсутнасьць нейкай сыстэмнасьці. Ён за чвэрць стагодзьдзя зрабіў шэраг заяваў, якія проста супярэчаць адна адной.

Што тычыцца пытаньня, ці ёсьць фэномэн гэтай асобы, то ягонымі сучасьнікамі былі ня менш яскравыя і амбітныя людзі, якія маглі б цягнуць гэтую лямку прэм’ер-міністра і быць на чале дзяржавы зь ня меншым эфэктам. Дастаткова прыгадаць прозьвішчы Васіля Шлындзікава ці Леаніда Калугіна, Канстанціна Ўсьцімчука ці Міхаіла Лявонава. Усе яны мелі аўтарытэт, былі, адрозна ад сёньняшніх дзеячаў, пазнавальныя і мелі ўплыў у дзяржаве. Таму тут удала склаліся карты для Вячаслава Францавіча, што ён трапіў у гэтую абойму. Ён кажа, што яго ўзялі туды, бо ён ня быў у ніводнай камандзе, ня быў куплены ці перакуплены, што меў заўсёды індывідуальны погляд на жыцьцё. Але, тым ня меней, у некаторых момантах ёсьць да яго пытаньні.

Папулярныя дзьве вэрсіі: ці Вячаслаў Кебіч здаў бы Беларусь, ці, наадварот, паспрыяў бы яе большаму разьвіцьцю.

Папулярныя дзьве вэрсіі: ці Вячаслаў Кебіч здаў бы Беларусь, ці, наадварот, паспрыяў бы яе большаму разьвіцьцю. Здаў бы — магчыма, бо ў яго былі такія прарасейскія пазыцыі, і ўсе дамоўленасьці пачатку 90-х фактычна ішлі ў адным кірунку на карысьць Расеі. А што паспрыяў бы лібэралізацыі — напэўна, калі б Кебіч быў абраны прэзыдэнтам і калі адкінуць расейскі фактар, то наўрад ці ён паспрабаваў бы працягнуць прэзыдэнцкую кадэнцыю пажыцьцёва. То бок адзін ці два тэрміны — і Беларусь ужо б мела другога, а можа і трэцяга прэзыдэнта, як у суседніх краінах, дзе іх зьмянілася ледзь не пад тузін у некаторых.

Таму ягоная асоба выклікае неадназначную рэакцыю дагэтуль, бо цяпер ён спрабуе пераглядаць свае крокі, зробленыя ў тых самых Віскулях. Гэта таксама непасьлядоўнасьць пазыцыяў, бо ён кажа, што падпісваў, але ў душы думаў зусім іншае. Хоць з кантактаў зь ім памятаю, што ўражаньне ён пакінуў нармальнае, вельмі сэнтымэнтальны. Я рабіў зь ім інтэрвію якраз недзе перад 8 сакавіка пра тое, як ён будзе віншаваць сваіх сямейнікаў. І ён расказваў гісторыі, што ледзьве не прычэпамі адорвае сваю жонку кветкамі, што ў сям’і такі чульлівы і любячы мужчына. Але сям’я сям’ёй, палітыка палітыкай, а гаспадарчыя справы гаспадарчымі.

Глод: Адразу выкажу сваё меркаваньне: Вячаслаў Францавіч Кебіч — ня тая фігура, якую можна маляваць толькі адной фарбай. Для мяне існуюць як бы два Кебічы.

Першы. Згадваю, што дзесьці праз пару-тройку месяцаў пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў былы прэм’ер казаў майму калегу Раману Якаўлеўскаму: пасьля першага туру да мяне прыходзіў генэрал Паўлаў, дарэчы, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. І ён казаў: давайце спынім выбары, ня будзем праводзіць другі тур. А калі будзе нейкае завіхрэньне, вайскоўцы яго спыняць. Я катэгарычна адмовіўся: баяўся, што праліецца кроў. А на гэта я ніколі б не пайшоў«.

Наколькі мне вядома, і некаторыя іншыя людзі з бліжэйшага атачэньня прэм’ера прапаноўвалі яму спыніць насуперак закону выбарчую кампанію. Але Кебіч гэтага не зрабіў. І за гэта варты павагі.

На апошняй сустрэчы з Пуціным два дні таму Лукашэнка, згадваючы той час, казаў: «У нас тады быў нацыяналістычны ўрад». Я з гэтым ніяк не магу пагадзіцца. Вячаслаў Кебіч, хоць ён родам бліжэй да Заходняй Беларусі, ніколі ня быў нацыяналістам. І таму, калі казаць праўду, які ўрад быў у Беларусі ў той час, то справядліва казаць інакш — савецкі. Так, Кебіч ачольваў сапраўды савецкі ўрад. Дый шлях яго да прэм’ерства быў тыпова савецкі: дырэктар буйнога заводу, Дзяржплян, урад.

Калі б у 1994 годзе абралі не Лукашэнку, а Кебіча, то сёлета мы жылі б ужо пры другім, а можа і трэцім кіраўніку Беларусі.

Выхаваны гэтай сыстэмай, Кебіч жыў і працаваў па яе законах, не зважаючы, што час мяняецца. Ён быў сапраўдным «чырвоным дырэктарам», і гэта збліжала яго з гэткім самым прэм’ерам суседняй Расеі — Віктарам Чарнамырдзіным. І Кебіч да апошняга верыў, што Чарнамырдзін зраўняе расейскі рубель зь беларускім, хоць на той час каштоўнасьць расейскага была ў некалькі разоў большая, чым беларускага. Гэта была казырная карта Вячаслава Францавіча на прэзыдэнцкіх выбарах. Але яна была бітая.

Вядома, можна сьмела казаць пра бесклапотнасьць Кебіча падчас выбарчай кампаніі, пра тое, што ён перадаверыўся свайму штабу, што цалкам паверыў у нейкага шамана, якога прывёз у Менск Іван Антановіч і які абяцаў прэм’еру перамогу на выбарах.

Вось такой мне бачылася тая сытуацыя. Да таго часу, пакуль я не прачытаў мэмуары экс-прэм’ера. І тут я пабачыў другога, зусім іншага Кебіча. Пачынаеш разумець — Вячаслаў Францавіч не такі добры дзядзька, якім ён уяўляўся дагэтуль. Ён бічуе сябе за асабісты ўдзел у Віскулях. Ён прызнаецца, што галоўнай задачай на выбарах 1994 году было перамагчы Пазьняка. І ён разам з Лукашэнкам гэтую місію выканалі.

А ў другой кніжцы мэмуараў Кебіч выступае ўжо апалягетам «русского мира» і фактычна адмаўляе Беларусі ў існаваньні як незалежнай дзяржаве. Вось такі няпросты і непасьлядоўны чалавек Вячаслаў Францавіч.

Многія ўпэўненыя: калі б першым прэзыдэнтам Беларусі стаў Вячаслаў Кебіч, ён бы ўжо праз пару гадоў далучыў Беларусь да Расеі. У мяне іншая думка — прэзыдэнт Кебіч стаў бы нейкім аналягам украінскага прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Можа, не ў такой ступені нацыянальна арыентаваным, але больш нацыянальна сьвядомым за Лукашэнку. Ад прэзыдэнцтва не адмаўляюцца. Ад яго спрабаваў адмовіцца толькі Лукашэнка. І толькі да 2000 году. І толькі таму, што спадзяваўся пры хворым Ельцыну стаць прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы. У Кебіча такіх амбіцыяў ніколі не было.

І яшчэ — я абсалютна ўпэўнены, што калі б у 1994 годзе прэзыдэнтам абралі не Лукашэнку, а Кебіча, то сёлета мы жылі б ужо пры другім, а можа і трэцім кіраўніку беларускай дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG