Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўленскі пра сучасную Расею: гэта турма штодзённасьці


Пётр Паўленскі
Пётр Паўленскі

Расейскі мастак Пётр Паўленскі — пра машыну здушэньня і пра ўнутраную свабоду. Першае інтэрвію пасьля вызваленьня.

Пётр Паўленскі сем месяцаў правёў у маскоўскіх турмах (спачатку ў Бутырцы, затым у СІЗА «Мядзьведзь») пасьля таго, як правёў акцыю «Пагроза», падпаліўшы адну з дьзвярэй будынку ФСБ на Лубянцы. У прысуд перайшла дзіўная фармулёўка пракурора пра тое, што дзьверы гэтая ўяўляюць каштоўнасьць, паколькі ў будынку ўтрымліваліся пад арыштам выбітныя дзеячы культуры.

Кампанія ў абарону Паўленскага ва ўсім сьвеце набыла вялікі маштаб, і гэтым можна растлумачыць рашэньне вызваліць яго ў залі суду. Сам Паўленскі назіраў за пасяджэньнямі як за спэктаклем, у якім яму ня трэба было ўдзельнічаць, і фактычна ня ўдзельнічаў у працэсе. Пасьля вызваленьня ён адразу абвясьціў, што не мае намеру плаціць паўмільёна рублёў за сапсаваныя дзьверы, і заклікаў сваіх аднадумцаў не зьбіраць грошы для выплаты штрафу.

Пётр Паўленскі распавёў карэспандэнту Радыё Свабода Дзьмітрыю Волчаку пра тое, як ён правёў гэтыя сем месяцаў у няволі.

— Пётр, я вас віншую з вызваленьнем, хоць ведаю, што вы лічыце, што гэта пераход з адной турмы ў другую, проста больш прасторную.

— Так. Толькі неабходна ўдакладніць, я гэта кажу ня ў тым кантэксьце, што жыцьцё паўсюль у безвыходнасьці і змроку. Магчымасьць вызваленьня ёсьць, але яе вызначаюць трохі іншыя падзеі. А ў маім выпадку застаецца канстатаваць умоўнасьць вызваленьня. Яно адноснае. Вядома, прастора большая, але ўсё роўна гэта турма штодзённасьці.

— Што вы даведаліся за гэтыя сем месяцаў, праведзеных у турме, аб той арганізацыі, дзьверы якой вы падпалілі, аб ФСБ? І ўвогуле пра рэпрэсіўную машыну, пра тое, як яна дзейнічае ў Расеі?

На масы распаўсюджваюць тыя мэханікі, мэтады кантролю і прымусу, якія змаглі прадэманстраваць сваю эфэктыўнасьць у турмах і лягерах.

— Я ўбачыў вантробы гэтай машыны. Вялікі згустак паліцэйшчыны. Канцэнтрацыя службаў нагляду, мэханізмы ломкі асобы, мэханізмы прымусу, бюракратычныя рытуалы. Культ бюракратыі і цэлая канфэсія, збудаваная вакол гэтага культу. Рытуал, які пачынаецца з подпісу і заканчваецца тым, што былы чалавек цалкам зьнішчаны. Ён падпарадкаваны. Кожны дзень — гэта бесьперапыннае сутыкненьне з паліцэйскім наглядам. Гэта пэрманэнтны канфлікт, ён не расьсеяны, ён сканцэнтраваны, трэба ўвесь час быць напагатове, глядзець на гэтую машыну знутры, я пабачыў яе ў вялікай канцэнтрацыі. Вочкі, камэры відэаназіраньня, праслухоўка, праверкі, пастаянныя ператрусы, усе сродкі зьвернутыя на тое, каб бесьперапынна шукаць і знаходзіць слабое месца. Гэта поле экспэрымэнту. Ужо потым гэта можна ўбачыць і ў так званым вольным жыцьці. На масы распаўсюджваюць тыя мэханікі, мэтады кантролю і прымусу, якія змаглі прадэманстраваць сваю эфэктыўнасьць у турмах і лягерах. Што тычыцца ФСБ, то, на мой погляд, самым знакавым аказалася тое, што арганізацыя, якая мэтадычна зьнішчае культуру на працягу ўжо практычна 100 гадоў, палічыла магчымым на гэтай падставе публічна абвясьціць сябе помнікам культуры. І безумоўна, гранічна важным застаецца факт, што сёньня ў Расеі дзеючы магільнік можа адначасова зьяўляцца цэнтральным агменем ўлады над 146 мільёнамі чалавек.

— Але вам усё ж удалося знайсьці ў гэтай сыстэме слабыя месцы і ўрэшце яе калі не зламаць, дык, ва ўсялякім разе, прымусіць яе дзейнічаць ня так, як яна дзейнічае звычайна. Цяперашні прысуд — гэта, на думку вельмі многіх знаёмых з гэтай сыстэмай не па чутках, сапраўдны цуд. Як гэты цуд атрымаўся?

— Я не магу пакуль пра гэта разважаць з пункту гледжаньня цуду. Трэба зьвярнуць увагу на тое, што мяне судзілі менавіта Мяшчанскіх судом. Па вялікім рахунку, што адбылося? Неабходнае суду пачуцьцё віны і наступнае пакараньне перавялі ў грашовы эквівалент. Калі ўспомніць, напрыклад, Гюстава Курбэ, дык ўлада спрабавала расправіцца зь ім як раз з дапамогай пазыковых абавязаньняў. І ў яго выпадку гэта аказалася ня менш дзейсным, чым гільятына. Прынамсі так нам кажа гісторыя. То бок, гэта таксама мэтад расправы. Для чаго гэты манэўр зроблены? Барацьба за грамадзкае меркаваньне. Прымерка маскі крывадушнага гуманізму. Як раз той самай, якую я патрабаваў у апарата зьняць на працягу больш чым паўгоду. Калі б улада вырашылася пайсьці на гэтую саступку і перакваліфікаваць справу ў тэрарызм, то аблічча было б аголенае, і ўлада паўстала б у сьвятле сваёй праўды. Але гэтай відавочнасьцю ўлада магла б папярхнуцца. Таму апарат сарамліва працягвае хавацца за гэтай маскай. Аднак калі зьвярнуцца да гісторыі, дык ўсё гэта па-ранейшаму ўкладваецца ў паняцьце «мяшчанскі».

— Мешчанін — гэта проста просты абывацель, гараджанін.

Патрэбы — гэта палітычны інструмэнт, яны нават больш значныя і больш эфэктыўныя для кіраваньня людзьмі, чым страх.

— Гэта абывацелі, гараджане, але гэта зьвязана з пэўнымі формамі існаваньня чалавека ў горадзе. Гэта зьвязана з пэўнымі культурнымі мадэлямі. Я думаю, што палітычнае супрацьстаяньне сёньня адбываецца не паміж назовамі — анархіст, лібэрал, камуніст ці фашыст, — а паміж жыцьцёвымі пазыцыямі, заснаванымі на страху і спажываньні. За гэтыя сем месяцаў у турме, акрамя нагляду, у адміністрацыі стаіць задача выкарыстоўваць для кіраваньня чалавечыя патрэбы. Патрэбы — гэта палітычны інструмэнт, яны нават больш значныя і больш эфэктыўныя для кіраваньня людзьмі, чым страх. Гэта дрэсіроўка патрэбамі. Менавіта патрэбы ўлада выкарыстоўвае для таго, каб маніпуляваць, кантраляваць, кіраваць і ў прынцыпе зьнішчаць чалавечыя асобы.

— Базавыя патрэбы ў ежы, у сьне?

— Не, да базавых не даходзіць. Прынамсі ў турмах Масквы. Тэлевізар, шпацыр, магчымасьць не ўставаць ў 6 раніцы, ложак, не прышпілены на ўвесь дзень да сьцяны, магчымасьць пагаліцца ці атрымаць на кароткі час нажніцы каб падстрыгчы пазногці ... Магчымасьць вызваліцца крыху раней за вызначаны тэрмін. Усё гэта ня базавыя патрэбы, таму чалавек можа выбіраць, згаджацца яму на прапанаваныя ўмовы ці не. Калі адміністрацыя бачыць, што арыштант ідзе на повадзе, тады нагляд спрабуе правакаваць канфлікты паміж арыштантамі. Гэта і ёсьць маніпуляцыя.

— Гэтая машына здушэньня, машына кантролю вам здаецца непрыступнай, ці яе можна разбурыць, або спрабаваць разбурыць так, як «прыморскія партызаны», якім вы аддалі сваю прэмію?

— Не, так яе ня разбурыць. Я думаю, што на яе можна паўплываць, але павінны ўплываць адначасова ўсе. Гэта будзе залежаць ад адказнасьці кожнага. «Прыморскія партызаны» — гэта адчайны ўчынак. Жэст адчаю. Што зрабілі «Прыморскія партызаны»? «Прыморскія партызаны» адкрыта абазначылі паліцэйскіх ворагамі грамадзтва, уступіўшы зь імі ў вайну. «Партызаны» сталі паводзіць сябе так, як быццам яны знаходзяцца на лініі фронту. З аднаго боку — рэальныя узброеныя ворагі, а яны з іншага боку. «Партызаны» абараняюць народ, а гэта значыць, што паліцыя ваюе супраць народа, які яна як бы павінна ахоўваць. Натуральна, некалькі «партызанаў» было забіта, некалькі патрапілі ў пажыцьцёвы палон. Потым палон скарацілі да 25 гадоў. Але 25 гадоў — гэта таксама квіток у адзін канец. Вось што зрабілі «Прыморскія партызаны». Таму адбываецца цкаваньне, таму ў СМІ забаронена, наколькі я ведаю, нават фармулёўку выкарыстоўваць «Прыморскія партызаны». Уладзе і яе памагатым гэта нявыгадна.

Суд над «Прыморскімі партызанамі». Уладзівасток, 2014 год
Суд над «Прыморскімі партызанамі». Уладзівасток, 2014 год

— Вы пазнаёміліся зь іх справай, ужо калі знаходзіліся ў турме, або яна раней вас цікавіла таксама?

— Я чуў пра гэтую справу і раней. Але калі я знаходзіўся ў турме, я сутыкнуўся з нутром паліцэйшчыны. Што гэта наагул, што яны робяць, чым яны кіруюцца? У іх няма прынцыпаў ніякіх ў жыцьці, яны цалкам дэлегуюць розум, сумленьне, усё, што ёсьць у чалавеку, яны ўсё гэта дэлегуюць вышэйстаячаму начальству. І сваім патрэбам. У іх ёсьць жаданьне кар’ернага росту і спажываньня. Мяшчанскі суд. Мешчанін — гэта чалавек, які кіруецца толькі патрэбай, стараецца пабудаваць жыцьцё так, каб не выпусьціць магчымасьці пражыць яе камфортна. Як ні дзіўна, паліцэйскімі кіруе менавіта гэтая патрэба. Хто-небудзь хоча атрымаць нейкія кватэры, машыны, высокакалярыйную тлустую ежу, нешта яшчэ...

— Што можа супрацьпаставіць мастак чалавеку, які кіруецца толькі патрэбамі?

— Мастак можа супрацьпаставіць перш за ўсё сваю форму існаваньня, сваё жыцьцё, свой выбар. Кожнае рашэньне — гэта выбар, і мастак павінен супрацьпастаўляць сябе цалкам, менавіта як рашэньне, як форму існаваньня. Гэта бескампраміснасьць аднойчы зробленага выбару.

— Я ведаю, што вам не падабаецца, калі вас называюць героем...

Я вельмі не хацеў быць у ролі нейкага героя, нават у ролі героя самога сябе.

— Ніякім героем я не хачу быць. Таму што герой — гэта як абраза. У тым кантэксьце, у якім я працую, гэта зусім дрэнна. Герой непарыўна зьвязаны з пакутай і ахвярай. Пакуты і ахвяра — гэта ці рыторыка вайсковая: заахвочваньня за верную службу і стараннасьць. Або герой — гэта роля ў старажытнагрэцкай трагедыі. Ахвяра, якую грамадзтва прыносіць аўтарытэту ўлады. Там усё роўна выбудоўваецца жорсткае наканаваньне, нейкая герархія. Я не хачу выконваць ролю. Тэатар — гэта набор умоўнасьцяў, я вельмі не хацеў быць у ролі нейкага героя, нават у ролі героя самога сябе.

— Я ня раз чуў ад людзей, якія пабывалі ў турме, што ў іх, нават самых заўзятых атэістаў, нечакана прачыналася рэлігійнае пачуцьцё, і яны сталі задумвацца пра веру. У вас былі такія моманты?

— Не, не было. Гэта ёсьць у турмах, але гэта зьвязана з тым, што ў людзей зьяўляецца больш вольнага часу, яны пачынаюць шукаць нейкае апірышча, многія знаходзяць яе ў рэлігіі. Але гэта зьвязана як раз больш за ўсё з лішкам вольнага часу. А ў мяне не было неабходнасьці ў такім апірышчы, бо час у мяне быў заняты.

— Я ведаю, што вы шмат чыталі ў турме. Што менавіта?

— Джорджа Агамбэна, Мішэля Фуко, Раляна Барта, Вацлава Гаўла, успаміны Нестара Махно.

— Што б вы хацелі сказаць людзям, якія перажывалі за вас, выступалі ў вашу падтрымку, выходзілі на пікеты, а адзін малады чалавек у Кургане нават дзеля вас зашыў сабе рот? Ці ёсьць у вас нейкі мэсэдж для іх?

— Я хачу падзякаваць усім за падтрымку, яна сапраўды была вельмі важная, безь яе было б значна цяжэй. Я хачу ўсім падзякаваць, сказаць усім дзякуй, хто не баяўся. Таму што ўсе, хто падтрымліваў, выказалі сваё стаўленьне да пагрозы, якая навісла над усімі.

— Некаторыя вашы прыхільнікі выказваюць надзею, што наступнай вашай акцыяй будзе нешта такое грандыёзнае, што ўжо не адны дзьверы, а наагул увесь сьвет згарыць. Вы рыхтуеце што-небудзь падобнае?

— Я ня маю ніякіх плянаў, чэснае слова. Я ня ведаю, што праз тыдзень будзе, праз два, праз месяц. Таму я нічога не магу сказаць. Працэс замацаваньня межаў і формаў палітычнага мастацтва працягваецца. Але ён і ў турме ніколі не перарываўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG