Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TUT.BY прагуляўся па Менску зь Сяргеем Навумчыкам


Сяргей Навумчык зь сям'ёй у Менскім аэрапорце.
Сяргей Навумчык зь сям'ёй у Менскім аэрапорце.

Сяргей Навумчык — былы дэпутат Вярхоўнага Савету ад БНФ, блізкі паплечнік Зянона Пазьняка. У 1996 годзе ён эміграваў зь Беларусі і зусім нядаўна прыехаў на радзіму першы раз за 20 гадоў. TUT.BY прайшоўся зь ім па маршруце апазыцыйнага шэсьця на Дзень Волі 24 сакавіка 1996 году — апошняй акцыі, якую палітык, а сёньня — журналіст «Радыё «Свабода» правёў у краіне перад эміграцыяй.

Навумчык распавёў, як хаваўся ад уладаў пасьля той акцыі, чаму зьехаў з краіны 20 гадоў таму і чаму вырашыў вярнуцца цяпер, што зьдзівіла яго на вуліцах Менску і ў Беларусі ўвогуле, чаму бацькам БНФ не ўдалося ўвасобіць свае палітычныя мары ў рэальнасьць у сярэдзіне 90- х і што зрабіў Аляксандр Лукашэнка для краіны. Прапануем вашай увазе пераклад гэтага тэксту.

Мы сустрэліся каля пэдагагічнага ўнівэрсытэту на плошчы Незалежнасьці. Сяргей Навумчык прыйшоў сюды ўпершыню за тыя паўтара тыдня, што быў у краіне.

— Я выйшаў з мэтро і ледзь прайшоў праз гэтыя падземныя пераходы. У мяне зараз адчуваньне Такога правінцыяла (сьмяецца).

Пытаем, што не зьмянілася за 20 гадоў на плошчы Незалежнасьці.

— Вось гэты дом (паказвае на Дом ураду). Для мяне гэта ня толькі вялікі помнік вялікага архітэктара Лангбарда. Тут адбываліся самы значныя падзеі: у 1939 годзе было парафіравана рашэньне пра ўзьяднаньне Ўсходняй і Заходняй Беларусі, у студзені 1990 году быў прыняты закон аб мовах. Дарэчы яшчэ Вярхоўным Саветам, дзе не было БНФ...

На гэтых словах да нас падыходзіць ахоўнік у форме, на выгляд — гадоў 25, і просіць паказаць зробленыя фота. Пакуль глядзіць, пытаецца ў Навумчыка:

— А вы што тут расказваеце?

— Я расказваю, як тут адбывалася нацыянальная гісторыя.

— А вы адкуль ведаеце?

— Удзельнічаў у гэтым крыху.

Высьветлілася, што ахоўнік баяўся трапіць у аб’ектыў нашага фатографа. Пераканаўшыся, што ён «на Тутбаі сьвяціцца ня будзе», чалавек у форме адпусьціў нас зь мірам.

Навумчык працягнуў:

— ... Ну і тут, канечне, самая значная падзея адбылася. 25 жніўня 1991 году была прынятая незалежнасьць Беларусі. Гэта было восем гадзін вечара. Мы працавалі трое сутак Перад гэтым працавалі над пакетам дакумэнтаў. Вось нашы вокны...

Суразмоўца паказвае на некалькі вокнаў на трэцім паверсе ў правым крыле Дома ўраду. Сяргею Іосіфавічу падабаецца казаць пра тыя гады. Першыя паўгадзіны прагулкі трэба было вельмі пастарацца, каб задаць сваё пытаньне ў патоку успамінаў былога палітыка.

Усё ж цікавімся, куды дэпутаты хадзілі пасьля пасяджэньняў прабавіць час, выпіць, як бы сёньня сказалі — патусіць.

— Я напэўна расчарую, пасьля працы мы разьяжджаліся ў 9-10 гадзін вечара: хто — да сям’і, хто — у гатэлі. Культавага месца для тусовак не было. Першы год зьбіраліся ў гатэлі «Кастрычніцкі», які зараз «Прэзыдэнт-гатэль». Частка дэпутатаў жыла там, дарэчы — і Лукашэнка, частка — у гатэлі «Менск». Кампаніі зьбіраліся спантанна, у тым ліку і Лукашэнка быў, сядзелі ў каго-небудзь у нумары. Без 150 грам ня абыходзілася (усьміхаецца).

«Калі пабачыў фота Плошчы Незалежнасьці — падумаў фаташоп»

Наогул плошча Незалежнасьці, па словах Навумчыка, зьмянілася ня моцна. «Кажуць, там недзе крамы ўнізе?», — кажа ён, відавочна, маючы на ўвазе ГЦ «Сталіца», які адкрыўся толькі праз 10 гадоў пасьля ад’езду экс-дэпутата з краіны.

— Я пяць-сем год таму, калі пабачыў гэтую плошчу, сфатаграфаваную з даху Пэдагагічнага ўнівэрсфтэту, падумаў — фаташоп.

Мы спусьціліся на верхні паверх гандлёвага цэнтру.

— Ого... — суразмоўца ўбачыў тры паверхі падземных крамаў. — Ну стылістычна звычайны Эўрапейскі ці амэрыканскі гандлёвы цэнтар. Увогуле такія элемэнты ў Менску абсалютна адпавядаюць стандартам Заходняй Эўропы, без усялякіх зносак. Зразумела, розьніца ёсьць у коштах, а дакладней — у заробках. Тут нават калі штосьці таньней, то ўсё адно большасьць — у рэжыму выжываньня.

Мы падышлі да Палаца Рэспублікі. Калі Сяргей Навумчык яшчэ быў у Менску, у будучага будынка толькі быў каркас. Пытаем, як вынік.

— Ну страшненька. Але сытуацыю можна выправіць. Вось тут (паказвае на ўчастак плошчы бліжэй да праспэкта і ўваходу ў мэтро) засталіся муры сабора дамініканцаў. Калі б яго аднавіць, ён узяў бы на сябе функцыю дамінанты. Гэтак жа ратушу аднавілі.

За недабудаваны гатэль каля цырка, які першапачаткова павінен быў адкрыцца пад брэндам «Кэмпінскі», суразмоўца прапанаваў дыскваліфікаваць архітэктараў, як спартоўцаў за допінг, гадоў на пяць.

— Гэта проста страшна. Горад — гэта сылюэт. Можна лаяць сталінскі ампір, але гэтаму ўсяму ўжо 70 гадоў. Гэты будынак проста разбурае сылюэт. Як і «Дом Чыжа». Ён бы нармальна глядзеўся недзе на ўскраіне, але ня ў цэнтры.

Многія нэрвова адрэагавалі, калі Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч купіла там кватэру. Сяргей Навумчык перакананы, што гэта яе асабістае права.

«Ніякай эміграцыі мы не плянавалі»

Пакуль мы ішлі па цэнтры гораду, экс-дэпутат распавёў пра падзеі 20-гадовай даўніны, якія прывялі да яго ад’езду з краіны.

— Тады мы думалі, што гісторыя зрабіла незваротны крок і ўсё будзе ісьці па шляху дэмакратыі. Да 1994 году пашыралася свабода, а потым усё пайшло імгненна. Было адчуваньне, што кожны дзень — новы адкат.

Са слоў Навумчыка, ні ў кога і ў думках не было, што першы прэзыдэнт Беларусі ўтрымаецца на сваёй пасадзе так доўга.

— Калі Лукашэнка прыйшоў ды ўлады, я сказаў, што ён пратрымаецца альбо паўгода, альбо 12 гадоў. Калі я сказаў пра 12, усе круцілі пальцамі каля скроні.

Увесну 1996 году рыхтавалася падпісаньне дамовы аб стварэньні Супольнасьці Беларусі і Расеі. Гэта дало імпульс актыўнасьці БНФ, які страціў да гэтага ўсе месцы ў парлямэнце, і іх прыхільнікам. Аргкамітэт на чале з Васілём Быкавым пачаў рыхтаваць мітынг да Дня Волі. Пазьней гэтая акцыя перарасьце ў найбуйнейшую сэрыю пратэстных выступленьняў, якія назавуць «Менскай вясной». Пікам стане «Чарнобыльскі шлях» зь яго 30-60 тысячамі ўдзельнікаў і перавернутымі міліцэйскімі машынамі. Але гэта ўсё пройдзе ўжо без Сяргея Навумчыка, для яго Дзень Волі 24 сакавіка стане першай і апошняй масавай акцыяй тае вясны.

На плошчы сабралася каля 10 тысяч чалавек. Яны прарвалі кардон міліцыі і пайшлі па праспэкце Францішка Скарыны, цяпер — Незалежнасьці. Дарэчы, Навумчыку новая назва падабаецца.

— Тут я спрачаюся са сваімі сябрамі. Яны кажуць, вось быў Скарына ўнікальны, а Незалежнасьць ёсьць ва ўсіх. Вось я думаю, для нас гэта важна.

Людзі дайшлі па праспэкце да скрыжаваньня з вул. Янкі Купалы, там ужо натоўп, які вырас да 20-30 тысяч чалавек, павярнуў да Опэрнага тэатру. Каля яго прайшоў мітынг, які асудзіў пляны падпісаньня пагадненьня з Расеяй. Частка пратэстуючых на чале якраз з Навумчыкам і Пазьняком накіраваліся па вул. Камуністычную да тэлецэнтру дамагацца прамога эфіру для апазыцыянэраў.

— Каля тэлецэнтру ўжо стаялі ланцугі міліцыі, дзьверы былі зачыненыя, выйшаў нейкі чалавек, яму перадалі патрабаваньні, Пазьняк і Карпенка (віцэ-сьпікер парлямэнту Генадзь Карпенка) прайшлі ўнутр.

У гэты момант з боку праспэкта Скарыны (Незалежнасьці), распавядае Навумчык, пад’ехалі аўтобусы са спэцназам.

— Гэта было абсалютна дзіўна, бо гэта былі сотні каратышак, прыблізна мэтар-шэсцьдзесят. Калі б я ня бачыў на ўласныя вочы, я б падумаў, што сабралі на здымкі кіно. Побач стаяў з ахоўнікамі Ярмошын, мэр Менску. Я падышоў да камандуючага ўнутранымі войскамі, кажу: «Вы ж разумееце, вы ідзяце супраць закону і народу». Ён сказаў нешта кшталту: «Ты заткнись, только попадись мне на пару часов».

Спэцназ аддзяліў лідэраў калёны, што стаялі на ганку тэлецэнтра, і пачаў разгон.

— Упершыню ў незалежнай Беларусі пачалі мясіць людзей, шчытамі і дубінкамі. Усё адбылося за 10 хвілін. Калі выйшаў Пазьняк, заставалася ўжо некалькі сотняў, я прапанаваў сабрацца праз тыдзень, 2 красавіка, калі будзе дата падпісаньня пагадненьня з Масквой.

Ужо ўвечары па тэлебачаньні прэс-сакратар прэзыдэнта Уладзімір Замяталін недвухсэнсоўна абвінаваціў іх разам са Станіславам Шушкевічам у тым, што спачатку яны пайшлі на палітычнае злачынства, разваліўшы СССР, а цяпер і на крымінальную. А пасьля Навумчыка і Пазняка абвінаваціў у парушэньні парадку правядзеньня масавых акцый па ТБ і пракурор Менску Купрыянаў.

Са слоў Навумчыка, ужо на наступны дзень яго чакалі дзьве машыны каля дому ва Ўруччы, у Зянона Пазьняка — ачапілі ўвесь квартал. Навумчык хаваўся дзьве ночы ў сяброў у Серабранцы. 26 сакавіка ён вырашыў часова выехаць з краіны, баючыся арышту.

Вывезьлі Сяргея Навумчыка праз Смаленск у Кіеў. Такім жа шляхам праз два дні выехаў Пазьняк. Там яны правялі прэс-канфэрэнцыю. Беларуская Генэральная пракуратура адправіла запыт на выдачу экс-дэпутатаў, украінцы адмовілі, западозрыўшы палітычную матываванасьць спраў.

Пасьля Кіева Пазьняк з Навумчыкам накіраваліся ў Чэхію, затым Польшчу.

— Ніякай эміграцыі мы не плянавалі. 26 красавіка Пазьняк з маёй жонкай Галяй вярнуліся на «Чарнобыльскі шлях». Я таксама хацеў вярнуцца, але Пазьняк настаяў, каб я застаўся на выпадак, калі б з ім што здарылася, каб я на Захадзе пра ўсё інфармаваў. У мяне першы раз у жыцьці была цяжкая размова на павышаных танах з Пазьняком, але ў выніку я падпарадкаваўся ягонай просьбе і застаўся.

Акцыя суправаджалася жорсткімі сутыкненьнямі зь міліцыяй, дэманстрантаў брутальна разагналі, пачалася хваля арыштаў актывістаў і палітыкаў. Зянон Пазьняк два тыдні хаваўся, затым змог зноў таемна выехаць з краіны. Пасьля гэтага размовы пра вяртаньне ўжо не ішло.

Са слоў Навумчыка, у Варшаве да іх даходзіла інфармацыя, што яны могуць быць у фізычнай небясьпецы. Палітыкі перабраліся ў Вялікабрытанію, адтуль — у ЗША. Там яны атрымалі палітычны прытулак.

«Мінск аказаўся больш эўрапейскім, чым я ўяўляў»

— Да 2005−2006 года дзейнічаў указ затрымаць нас з Пазьняком на мяжы, калі мы аб’явімся. Маю сястру некалькі разоў затрымлівалі ў аэрапорце, бо яна таксама Навумчык С.І, Святлана Іосіфаўна. У іх там былі ініцыялы.

Наш суразмоўца прыехаў у краіну па асабістых прычынах, наведаць бацькоў. Хацеў прыехаць у верасьні мінулага году на прэзэнтацыю сваёй кнігі пра рэфэрэндум 1995 году. Тое, што ўлады дазволілі правесьці мерапрыемства ў Палацы мастацтваў, у цэнтры Менску, стала для яго першым сыгналам, што сытуацыя зьмянілася. Але тады аказалася, што яму трэба абнавіць беларускі пашпарт, у чым дапамагло беларускае пасольства ў Празе. Працэдура заняла пяць месяцаў. Выдалі пашпарт і 14-гадовай дачцэ Навумчыка.

— Было ўжо адчуваньне, што па лёгіцы не павінна нешта здарыцца са мной. Зараз ідзе пэўнае замірэньне Менску з Захадам.

Зянон Пазьняк, хоць і «жыве Беларусьсю 24 гадзіны на дзень», распавядае наш суразмоўца, пакуль прыяжджаць не плянуе. Яго кнігі нават пра фотамастацтва, у адрозьненьне ад прац Навумчыка, пакуль адбіраюць на мяжы і нават прызнаюць экстрэмісцкімі.

Сам Навумчык хоча прыяжджаць у Беларусь рэгулярна. У пэрспэктыве хацеў бы вярнуцца сюды назаўжды, але зрабіць гэта пакуль складана — у Празе сям’я і наладжаны побыт.

Пытаем, што зьдзівіла па прыезьдзе на радзіму.

— Мінск аказаўся больш эўрапейскім горадам, чым я сабе ўяўляў. Нават мая дачка, якая ўвогуле ў Беларусі не была, сказала: «Гэта крута». Яна размаўляе на беларускай мове, нават у адным горадзе спыталася ў мамы, ці зразумеюць яе (сьмяецца). Тут ёсьць адчуваньне магутнай эўрапейскай сталіцы. Менск вельмі добра адбудавалі. Калі б прыбраць «Дом Чыжа» і «Кемпінскі», мне было б цяжка да нечага прыдрацца... У сталіцы нашмат лепей сытуацыя зь беларусізацыяй сярод людзей, чым мне здавалася. Чую беларускую мову, бачу рэакцыю на яе. Гэта лепш, чым можна было чакаць пасьля 20 год русыфікацыі.

Разам з тым, краіна ў цэлым была «больш беларускай» тады, лічыць Навумчык. Ён прыводзіць у прыклад амаль усе раённыя газэты, якія тады выдаваліся на беларускай, нашмат большая колькасьць школ і дзіцячых садоў, дзе дзеці вучыліся на мове.

— У 93-м годзе 1 верасьня 80% першаклясьнікаў пайшло у беларускамоўныя клясы. Але апошні год-два кіраўніцтва краіны зрабіла нейкі крэн, вельмі няпэўны, да беларускай мовы, я нават сказаў бы — менш ціснуць. Гэта абсалютна правільна, але недастаткова. Зараз можна паглядзець на ўсход Украіны ці на Расею і зразумець, што трэба было пачынаць 20 год назад павышаць узровень нацыянальнай сьвядомасьці. Добра, што Беларусь — шматнацыянальная краіна, але павінен быць стрыжань, які будзе нацыю аб’ядноўваць.

Рэгіёны краіны сталі менш беларускімі, лічыць суразмоўца. У Беларусі Сяргей Навумчык пасьпеў пабываць у Глуску, Балашэвічах (вёска Глускага раёну), Віцебску, Нясьвіжы і Міры. Пытаем, ці спадабаліся адрэстаўраваныя замкі. Ён задумаўся на некалькі сэкунд і адказаў:

— Добра. Прачытаўшы гэта, Сяргей Харэўскі назаве ў камэнтарах дзясяткі пунктаў, што зроблена з рэстаўрацыяй ня так. Я таксама гэта бачу. Але хаця б гэта зроблена.

Людзі ў рэгіёнах, лічыць экс-дэпутат, жывуць так жа, як і 20 гадоў таму, але тады ў іх яшчэ заставалася надзея.

— У грамадзтве іншая сытуацыя, чым 20 год назад. Поўная палітычная апатыя. Уладу людзі лаюць, усе незадаволеныя. Пра апазыцыю ад людзей ня чуў нічога. Але гэта не папрок апазыцыі. Калі пра цябе нічога ня кажуць па тэлебачаньні, ня пішуць у газэтах, цябе няма.

Сам Навумчык, безумоўна, адносіць сябе да апазыцыі і пайшоў бы на пратэстную акцыю, калі б яна адбывалася ў даты яго прыезду. Але падкрэсьлівае, што праца журналіста накладвае абмежаваньні на палітычную актыўнасьць.

— Я не прыехаў рабіць рэвалюцыю. І зараз бы я не вярнуўся ў дзейную палітыку ў бліжэйшыя гады, пакуль я ня скончу свой цыкл гістарычных кніг пра 90-я гады. Калі б я вярнуўся ў Беларусь, я імгненна б вярнуўся ў палітыку і закінуў бы ўсю пісаніну. Кажу гэта, проста ведаючы сваю натуру (сьмяецца).

Сяргей Навумчык ня лічыць, што БНФ прайграў у 90-я гады. Кажа, што асноўнымі мэтамі пры стварэньні партыі былі незалежнасьць і раскрыцьцё праўды пра Чарнобыль.

— Як бы тое не было, мы з вамі знаходзімся ў незалежнай краіне. Курды марылі і мараць пра сваю краіну зь любой формай кіраваньня: дэмакратычнай, аўтарытарнай, дыктатарскай — якой заўгодна. І яны на гэта паклалі дзясяткі тысяч жыцьцяў і невядома, колькі яшчэ пакладуць.

Маўклівая большасьць беларусаў, прызнае Навумчык, была не на баку БНФ.

— На той момант ужо два гады пры ўладзе быў Лукашэнка, ішла адпаведная прапаганда, па ТБ нас параўноўвалі з фашыстамі, ішла гэтая тэза, што без Расеі мы нікуды. Я лічу, што палітык мусіць дзейнічаць з адчуваньнем нейкай гістарычнай пэрспэктывы, гістарычнай патрэбы. Патрэба была — дамагчыся незалежнасьці Беларусі і яе ўмацаваць. А маўклівая маса часам можа памыляцца.

БНФ, лічыць суразмоўца, змог дасягнуць перамогі малымі сіламі, але ўтрымаць перамогу малымі сіламі немагчыма.

— Нам не хапіла трох-чатырох гадоў парлямэнцкай рэспублікі. Калі б не было ў 1994 годзе ўведзена прэзыдэнцтва, праз тры-чатыры гады было б іншае грамадзтва, якое рабіла б больш асэнсаваны выбар. Але нам удалося больш, чым нашым папярэднікам у 1918 годзе: БНР праіснавала 9 месяцаў, Беларусь існуе ўжо 25 гадоў.

Сяргей Навумчык лічыць, што Аляксандар Лукашэнка зацікаўлены не ў незалежнасьці, як такой, яна патрэбная яму для захаваньня сваёй улады. Ускосна нейкія зь яго крокаў могуць ўмацоўваць незалежнасьць, але за 20 гадоў, перакананы Навумчык, можна было б зрабіць значна больш.

— Беларусь была ў шмат лепшых умовах, чым суседзі. Можна было б зрабіць нацыянальнае войска, выбудаваць ня так намёртва прывязаную да Расеі эканоміку, разьвіць свабодныя СМІ. Тут і так шмат што ўражвае, але гэта за кошт працаздольнасьці і таленту народу. Калі б дадаць яшчэ правільны палітычны кірунак, краіна б была больш квітнеючая.

Напрыканцы, цікавімся ў Сяргея Навумчыка, што ён скажа Зянону Пазьняку, калі той спытае: ну як там справы на радзіме? Адказ быў простым:

— Жыве Беларусь!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG