Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі адказалі, чаму ў Магілёве вывешвалі расейскія сьцягі


Магілёў параіў завесіць расейскімі сьцягамі камітэт Саюзнай дзяржавы. Гарадзкія ўлады прыслухаліся

Магілёў быў завешаны сьцягамі Расейскай Фэдэрацыі па рэкамэндацыі пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы. Пра гэта гаворыцца ў адказе з Магілёўскага гарвыканкаму праваабаронцу Аляксандру Хамратаву. Актывіст зьвяртаўся да чыноўнікаў, каб тыя патлумачылі, на якіх падставах цэнтральная частка гораду ўся была ў сымболіцы іншай дзяржавы.

Расейскія сьцягі зьявіліся ў горадзе на апорах лініяў электраперадач за колькі дзён да прыезду ў Магілёў на пасяджэньне Савету міністраў гэтак званай саюзнай дзяржавы прэмʼер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Праходзіў саміт 12 траўня. Сьцягі замежнай дзяржавы пачалі прыбіраць яшчэ праз два дні.

«Мяне гэтая карціна, мякка кажучы, зьдзівіла, і я вырашыў высьветліць прававое абгрунтаваньне такіх дзеяньняў, — апавядае праваабаронца Аляксандар Хамратаў.

«Зьвярнуўся ў гарвыканкам, каб мне адказалі, ці ёсьць у Беларусі законы, якія дазваляюць вывешваць сьцягі чужой дзяржавы на цэнтральных вуліцах у такім вялікім маштабе».

Праваабаронцу адказала намесьніца старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ала Галушка.

«У адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Пастаяннага Камітэту Саюзнай дзяржавы на вуліцах і будынках гораду, а таксама ў месцах, дзе праходзілі сустрэчы, былі разьмешчаныя дзяржаўныя сьцягі краін-удзельніц», — напісала чыноўніца.

Адказам праваабаронца застаўся незадаволены. Ён лічыць, што чыноўнікі не далі адказу наўпрост на ягоны запыт: «Пра законы, на падставе якіх вывесілі расейскія сьцягі, у лісьце не згадалі чыноўнікі. Відаць, такіх законаў і няма. Я напісаў скаргу ў аблвыканкам, бо адказ далі з гарвыканкаму не па сутнасьці».

«Прэзыдэнт апошнім часам усё часьцей і часьцей гаворыць пра сувэрэнітэт Беларусі. Нават казаў, што нельга дапускаць у Палату прадстаўнікоў дэпутатаў, якія супраць сувэрэнітэту і незалежнасьці. А тут у Магілёве чыноўнікі спрабуюць засьведчыць сваю асаблівую прывязанасьць да нашых усходніх суседзяў. Завешваць горад сьцягамі чужой дзяржавы — гэта, па-мойму, нагадвае анэксію», — камэнтуе сытуацыю з вывешваньнем расейскіх сьцягоў Аляксандар Хамратаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG