Паводле газэты «Комсомольская правда» у Беларусі цяпер каля 160 тысяч непрыватызаваных кватэр. Гэта прыкладна 4% ад усяго жыльлёвага фонду. Прыватызацыя ў краіне ідзе ўжо 24 гады. Але цяпер застаўся апошні шанец, каб перавесьці дзяржаўнае жыльлё ў прыватнае. З 1 ліпеня ўсе жылыя памяшканьнi, якiя займаюць грамадзяне па дагаворах найму дзяржаўнага жыльлёвага фонду, стануць арэндным жыльлём.
30 чэрвеня — апошні дзень, калі можна будзе падаць дакумэнты на прыватызацыю жыльля. На ініцыятыву Міністэрства ЖКГ спэцыялісты выканкамаў і арганізацый, у падпарадкаваньні якіх знаходзяцца дзяржаўныя кватэры, абавязаны працаваць з 27 па 30 чэрвеня з 6-й раніцы да 12 ночы. Акрамя таго, для людзей будуць працаваць гарачыя лініі і дадатковыя кансультацыі.