Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Чарнагорыі заявіў, што не аддасьць будучыню краіны Маскве


Мчла Джуканавіч
Мчла Джуканавіч

Прэм’ер-міністар Чарнагорыі Міла Джуканавіч заявіў, што яго краіна мае добрыя адносіны з Расеяй, але гэта ня значыць, што яна аддасьць сваю будучыню Маскве.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, Джуканавіч, які ўпершыню прыняў удзел у пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі НАТО, таксама паабяцаў працягнуць працэс рэформаў, каб дамагчыся посьпеху на эўраатлянтычным шляху. Пры гэтым, сказаў чарнагорскі прэм’ер, палітычныя сілы, якія хочуць спыніць працэс эўраатлянтычнай інтэграцыі, яшчэ не пераможаныя канчаткова, і гэты факт нельга ігнараваць.

Прадстаўнікі НАТО, якія прымалі ўдзел у працы Парлямэнцкай асамблеі НАТО ў сталіцы Альбаніі Тыране, са свайго боку, віталі нядаўняе падпісаньне пратакола аб будучым уступленьні Чарнагорыі ў НАТО.

Між тым у Маскве пастаянны прадстаўнік Расеі пры НАТО Аляксандр Грушко зноў заявіў што ўступленьне Чарнагорыі ў НАТО «абсалютна адмоўна» адаб’ецца на эўрапейскай бясьпецы і створыць «яшчэ адну лінію падзелу на Балканах».

19 траўня Чарнагорыя і НАТО падпісалі пратакол аб маючым адбыцца уступленьні гэтай балканскай краіны ў Паўночнаатлянтычны саюз. Гэты пратакол павінны ратыфікаваць у адпаведнасьці са сваімі нацыянальнымі працэдурамі ўсе цяперашнія 28 членаў НАТО. Чакаецца, што гэта можа адбыцца да сярэдзіны 2017 году ці да канца сёлетняга. Пасьля ўступленьня Чарнагорыя стане 29-м членам Паўночнаатлянтычнага саюзу і трэцім прадстаўніком у НАТО рэгіёну Заходніх Балкан пасьля Харватыі і Альбаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG