Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прапануюць распрацаваць Нацыянальны плян па правах чалавека


Беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі, што ў Беларусі няма істотнага прагрэсу і сыстэмных зьменаў у галіне правоў і свабодаў чалавека.

Супольную заяву падпісалі 9 праваабарончых арганізацый, сярод якіх праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Напярэдадні чарговага раўнду дыялёгу па правах чалавека ЭЗ — Беларусь праваабаронцы заклікалі бакі «захоўваць тэму правоў чалавека ў цэнтры ўвагі пры выбудоўваньні ўзаемаадносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю».

Яны адзначаюць, што ў Беларусі дагэтуль ужываецца сьмяротнае пакараньне, ігнаруюцца міжнародныя рэкамэндацыі па ўмацаваньні судовай сыстэмы, істотна абмяжоўваюцца правы, у тым ліку свабода асацыяцый, свабода выказваньня меркаваньняў і сходаў, ёсьць факты перасьледу праваабаронцаў і журналістаў.

«Беларуская праваабарончая супольнасьць мусіць стаць субʼектам дыялёгу па правах чалавека ЭЗ — Беларусь і быць уключаная ў гэты працэс, — адзначаецца ў заяве. — Беларускія праваабарончыя арганізацыі мусяць быць уключаныя таксама і ў іншыя дыялёгавыя працэсы ўнутры краіны. У сувязі з гэтым мы заклікаем урад наладзіць дыялёг у галіне правоў чалавека паміж дзяржаўнымі інстытутамі і праваабарончымі арганізацыямі і ва ўзгадненьні зь імі распрацаваць Нацыянальны плян па правах чалавека».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG