Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіча аштрафавалі на 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў за нацыянальны кангрэс


Станіслаў Шушкевіч на Беларускім нацыянальным кангрэсе
Станіслаў Шушкевіч на Беларускім нацыянальным кангрэсе

У судах Менску 24 траўня пачаліся працэсы над удзельнікамі Беларускага нацыянальнага кангрэсу, які прайшоў у менскім сквэры Янкі Купалы 15 траўня.

Адным зь першых быў асуджаны да штрафу былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі і аштрафавала на 30 базавых велічынь, гэта 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў.

Сам Станіслаў Шушкевіч на судзе не прысутнічаў — ён знаходзіцца ў Польшчы, дзе ўдзельнічае ў канфэрэнцыі.

Назіральнікі адзначаюць вялікі штраф, якім пакаралі вядомага палітыка, першага кіраўніка Беларусі з часоў здабыцьця незалежнасьці. Звычайна беларускія суды выносяць падобныя пакараньні за шматразовыя парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах, між тым Станіслаў Шушкевіч прыцягваўся да адказнасьці паводле гэтага закону больш за 10 гадоў таму, да таго ж быў апраўданы.

Таксама сёньня за удзел у Беларускі нацыянальным кангрэсе судзяць былых кандыдатаў на прэзыдэнта Мікалая Саткевіча і Ўладзімера Някляева, актывіста апазыцыі Вячаслава Сіўчыка, лідэра незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, актывістаў Максіма Вінярскага, Ўладзімера Яроменку, барда Зьмітра Захарэвіча ды іншых.

Устаноўчы сход Беларускага нацыянальнага кангрэсу прайшоў пад адкрытым небам 15 траўня, паколькі гарадзкія ўлады не далі дазволу на правядзеньне сходу ў памяшканьні. Падчас кангрэсу, ў якім, паводле арганізатараў, бралі ўдзел каля 300 чалавек, міліцыянты склалі больш за 20 пратаколаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG